Знайсці
11.04.2018 / 09:1115РусŁacБел

Прадпрымальнік не першы год прадае сабак-мяшанцаў пад выглядам чыстакроўных аўчарак, і ніхто яго не можа спыніць. Чаму?

Чарговы пакупнік набыў аўчарку па рыначным кошце ў 400 рублёў, а праз год выявіў, што сабака не расце, і на аўчарку паходзіць толькі колерамі.

Гэтым нешчасліўчыкам аказаўся Юрый Ісакаў з вёскі Відзы-Лаўчынскія, што ў Браслаўскім раёне. Для Юрыя гэта быў ужо не дэбютны сабака для гаспадаркі. Яшчэ раней ён набыў у разводчыка Васіля Тумаша з вёскі Малінавая першую аўчарку — спадабалася. Але другая купля атрымалася не такой удалай: шчанюку давалі той жа корм, рабілі тыя ж прышчэпкі, але ён хутка спыніўся ў росце.

Другі сабака, якога набыў Юрый, спыніўся ў росце і вазе.

Новага сабаку набывалі ў растэрміноўку, таму Юрый папросту вырашыў перастаць плаціць прадаўцу за падман. Але хутка атрымаў ад таго пазоў у суд з патрабаваннем выплаціць абгавораную ў ранейшай дамове пеню. Суд перанеслі на 19 красавіка, і выйграць яго прадпрымальнік мае ўсе шанцы.

Васіль Тумаш.

Справа ў тым, што Васіль Тумаш далёка не першы год у гэтым бізнэсе. Ён афіцыйна зарэгістраваны ў гандлёвым рэестры індывідуальных прадпрымальнікаў і сапраўды займаецца развядзеннем нямецкіх аўчарак: мае пітомнік з вальерамі на тэрыторыі вёскі Малінавая ў Смаргонскім раёне, дамовы з раённай ветстанцыяй на абслугоўванне. На яго афіцыйна працуюць людзі, маецца касавы апарат.

Як ён сам сцвярджае: «Маіх сабак усе ў Беларусі ведаюць. У мяне і памежнікі іх бралі неаднаразова, і людзі з гарвыканкамаў».

Але ведаюць Васіля і з дрэннага боку, пра што сведыць тое, што ён занесены ў чорны ліст сайта абароны і правоў жывёл, а таксама мае групы ў сацсетках, створаныя ў яго гонар, з назвамі кшталту «Хто пацярпеў ад дзеянняў Тумаша В. С. са Смаргоні».

Дзясяткі людзей, якія аб’ядноўваюцца ў гэтых групах, маюць адну прэтэнзію: спадар Тумаш прадаў ім нечыстакроўных сабак, а цяпер яшчэ і патрабуе з пацярпелых выплаціць штрафы. І ў яго гэта атрымліваецца. Як жа так?

Справа ў тым, што дамова, якая заключаецца паміж прадаўцом і пакупніком, зроблена вельмі хітра: там прапісаны ўсе абавязкі пакупніка, а з боку прадаўца пазначана, што ён аддае шчанюка. Якім гэта будзе сабака — пародзістым ці не, з радаводам ці без, там ужо не ўдакладняецца. Людзі, не гледзячы, падпісваюць дамову, а калі бачаць, што сабака ніяк не становіцца падобным да класічнай аўчаркі, ужо позна нешта аспрэчваць. Дамова грае супраць іх.

Прыклад дамовы, якой падзяліўся з намі пацярпелы.

А вось такія позвы прыходзяць усім пацярпелым, калі яны вырашаюць за сабаку не плаціць.

Сам прадпрымальнік у каментары «НН» сцвярджаў наступнае: «У нас усе сабакі — чыстапародныя нямецкія аўчаркі. Гэта дурасць, што яны нечыстакроўныя. Прыедзьце ды паглядзіце. Мы прадаём іх па старых коштах, якія былі 5-6 год таму, і нават дазваляем рабіць гэта ў растэрміноўку, без першапачатковага плацяжу. А калі мне не пералічваюць грошы, не выконваюць дамоўныя абавязкі, я гэта так проста не пакідаю. У нас гэтай напрацоўцы ўжо 15 год, таму мы з адвакатам ведаем, як з кожным чалавекам абыходзіцца. Судоў гэтых ужо столькі было!».

Аднак пры гэтым на пытанне, што з радаводам яго сабакі для вязкі, разводчык сцвярджальна не адказвае. «То бок у яго ў гадавальніку могуць быць і аўчаркі, але без пашпартоў, без радаводаў, без адзнак экспертаў і без удзелу ў выставах. І яны не могуць каштаваць столькі ж, колькі каштуюць сабакі, якія адпавядаюць усім гэтым патрабаванням», — патлумачыла «НН» крыніца, якая таксама займаецца развядзеннем сабак.

Але выснова тут галоўная такая: перш, чым падпісваць, чытайце дамовы. Інакш такія сітуацыі будуць паўтарацца.

І добра, калі гаспадары «недааўчарак» не выкінуць іх на вуліцу пасля таго, як даведаюцца, што тыя — нечыстакроўкі (бо, на жаль, былі ўжо і такія выпадкі).

У рэальнасці ж мешаныя сабакі часцяком здаравейшыя за «чыстакроўных», дый маюць лепшы характар. У прытулках іх можна ўзяць задарма, уратаваўшы ад смерці.

КК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031