Знайсці
08.11.2017 / 18:5414РусŁacБел

Гуркоў выставіў пераможны шалік на аўкцыён, каб сабраць грошы на першы беларускі помнік Касцюшку

Ужо амаль месяц мінуў з моманту, калі Глеб Лабадзенка абвясціў пра збор сродкаў на скульптуру Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне, дзе нарадзіўся нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША.

На дадзены момант сабрана больш за 15 тысяч рублёў — гэта 85% ад неабходнай сумы. Да завяршэння збору сродкаў застаецца ўсяго два дні.

Каб падтрымаць кампанію, тайбаксёр Віталь Гуркоў, які некалькі дзён таму ў чарговы раз стаў чэмпіёнам свету, выставіў на аўкцыён свой шалік з Пагоняй і Калюмнамі ды надпісам Belarus. Здымак, дзе Гуркоў якраз у гэтым шаліку, днямі абляцеў беларускія СМІ.

Умовы простыя: хто ахвяруе найбольшую суму на скульптуру Касцюшку за гэтыя два дні, атрымае шалік у падарунак.

Пазмагацца за шалік, зрабіўшы ахвяраванне

Трэба сказаць, што першапачаткова заяўлены кошт вырабу і ўсталявання скульптуры Тадэвушу Касцюшку быў заўважна меншы. Аднак тады не планавалася, што фігура будзе стаяць на п’едэстале, які, аказалася, зусім не танны.

«Паколькі гэта роставая фігура, то, канечне, на п’едэстале яна будзе выглядаць лепш. Гранітны дабротны п’едэстал — справа не танная, таму сума збору была павялічаная. Але яна ўжо амаль што агораная людзьмі, засталося сабраць усяго 15 адсоткаў, на гэта ёсць два дні, — тлумачыць Глеб Лабадзенка. — Аднак калі грошы за два дні не збяруцца, гэта не значыць, што фігуры не будзе. Гэта значыць толькі тое, што спатрэбіцца крыху больш часу, каб дазбіраць сродкі. Але ўжо цяпер адпраўленая перадаплата майстру, які будзе адліваць скульптуру, гэта больш за палову сумы. Праца актыўна ідзе».

Распрацаваў эскіз скульптуры Гэнік Лойка, аднак вырабіць яе ўкраінскі майстар. Той самы, што зрабіў на замову беларускай дыяспары ў Швейцарыі помнік Касцюшку, які 21 кастрычніка адкрылі ў Залатурне. Глеб запэўнівае, што адзіная прычына, па якой помнік робіцца не ў Беларусі, як і ў выпадку са швейцарскай скульптурай, — фінансавая. Ва Украіне гэта каштуе ў чатыры разы менш.

«Сабраць 20 тысяч даляраў у нас, на жаль, няма магчымасці. Я і так бачу па ахвяраваннях, што людзі аддаюць апошняе, хто колькі можа. Самыя частыя ахвяраванні — гэта 5, 10, 20 рублёў, — кажа Глеб. —

Мяне вельмі кранула, калі на курсы «Мова Нанова» ў Мінску прыйшоў чалавек паважнага ўзросту ў спяцоўцы з назвай будаўнічай арганізацыі і прынёс пяць рублёў. Ён сказаў, што не мае карткі, але прачытаў у газеце пра збор грошай, звязаўся з рэдакцыяй, даведаўся, як перадаць сродкі. Ведаеце, гэтыя пяць рублёў не менш каштоўныя за 500 рублёў, максімальнае разавае ахвяраванне, якое мы маем на сёння. Гэта будзе сапраўды народная скульптура».

Лабадзенка дадае, што ў задуме змясціць у самім музеі Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне пералік імёнаў і прозвішчаў усіх, хто ахвяраваў на скульптуру. Каб кожны з гэтых людзей, прыехаўшы туды, мог убачыць сваё імя, бо фігура ўсталяваная дзякуючы яму ў тым ліку. 

НР

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930