Стась Карпаў: Хацеў бы я, каб Сталін вярнуўся
Для мяне, як для чувака, які паразітуе на чорных міязмах узаемных нянавісцяў — адкапаць такую смярдзючую хованку — гэта, лічыце, Троя.
Карацей на адным фэйсбучыку аднаго «ліцьвіна» быў тэкст, які рашуча ўпадабалі некаторыя мае фрэнды. У тым ліку адзін прэтэндэнт на прэмію Гедройца і адзін прафесійны плакальшчык за менскія руіны.
Тэкст быў пра расстраляных з 29-га на 30-е. І тэкст быў у цытатах такі:
«Істэрычна-шумная кампанія рамантызацыі некалькіх дзесяткаў чырвоных бальшавіцка-беларускіх літаратараў-графаманаў, знішчаных у полымі сталінскага тэрору, ў так званым нацыянал-патрыятычным асяродку за апошнія 2-3 гады набывае відавочныя камуна-фашысцкія прыкметы.
Сучасныя свядомыя патрыёты-змагары пачынаюць ствараць новых «нацыянальных херояў» з актыўных бальшавіцкіх калабарантаў-паслугачоў.»
«Усе яны былі актыўнымі будаўнікамі злачыннага камуністычнага рэжыму….амаль што ўсе яны пісалі даносы ў НКУС і бальшавіцкі друк.»
«Ніхто з іх не пакінуў пасля сябе ні «Гамлета, ні «Фауста», ні «Пана Тадэвуша». Ніхто з гэтых сялянска-пралетарскіх графаманаў ня згадаў аніводным словамі пра нашу сапраўдную Айчыну, як Максім Багдановіч:
«Старадаўняй літоўскай Пагоні
Не разбіць. не спыніць. не стрымаць!.»…»
То бок прэтэнзія ў тым, што расстраляныя служылі рэжыму і былі графаманамі, а мерапрыемствы па іх ушанаванні — гэта «кракадзілавыя сьлёзы нацыяналістаў».
Вы не ўяўляеце, як жа я, бывае, хачу, каб Сталін мог як дзед барадзед — завітаць да нас.
І не адзін, а з тройкай.
Каб намінант на прэмію Гедройца за ноч напісаў бы даносы на усю сваю сям'ю, а плакальшчык па менскіх руінах сваімі рукамі спаліў ўсю Ракаўскую к хрэнам. А пасля і ўсе астатнія вуліцы нашага любімага гораду.
Каб яны заклалі ўсіх. Суседзяў, сваякоў, знаёмых і проста пару соцень чалавек па тэлефонным даведніку.
Я, канешне, не крыважэрны. У маіх фантазіях пасля гэтага Сталін бы знік, а фэйсбучныя змагары засталіся б жывыя і здаровыя у сваіх карычнева-жоўтых штанах.
Асабіста я пра сябе нічога не ведаю. І не далі бог мне даведацца, што б я бы рабіў, калі б. Не хочацца расчаравацца, пакуль ёсць надзея для спадзеваў.
І таму, калі казаць пра тое, з кім бы я ніколі не пайшоў у разведку — дык гэта з людзьмі, якія закінуўшы нагу за ногу асуджаюць трагладытаў за тое, што яны жэрлі падаль, асуджаюць рымлянаў за распусту, жыхароў Сярэднявечча — за кепскія зубы і, канешне, ахвяраў дыктатур усіх часоў за нястойкасць…
Марыцца мне такі фотапраект.
Усіх гераічных «змагароў заднім чыслом» — распрануць і сфатаграфаваць галышом каля шэрай халоднай сцяны. І пасля паказаць кожнаму: паглядзі — вось тваё анарэксічнае ці наадварот заплылае тлушчам рыхлае цела. Зморшчаныя безабаронныя геніталіі. Абвіслыя бязвольныя губы. Вільготныя вочы. Гэта — ты. Глядзі ўважліва. Ты роўна такі ж унутры. Роўна такі ж.
Ты думаеш, што тваё мярзотнае слабое цела ці такіж кволы дух здольныя на гераізм? Здольныя супраціўляцца? Здольныя звяргаць рэжымы? Не, сука.
Ты смяяўся б ворагу ў твар, пакуль твае пальцы б хрусцелі ў дзвярным касяку?
Ты плюнуў бы ў бюст Леніна у той момант, калі твайго суседа загружалі ў варанок?
Не. Ты бы пачакаў 2017-га года. Безлімітнага інтэрнету. Зручнай амерыканскай сацсетачкі і вось там бы ты ім усім паказаў…