Знайсці
06.04.2017 / 11:5818РусŁacБел

Давераная асоба Някляева распавяла, як у 2010 годзе КДБ прапаноўваў ёй пасаду абласнога кіраўніка «Гавары праўду»

Пад адным з абмеркаванняў у беларускім сегменце фэйсбука з'явіўся каментар гарадзенца Алега Калінкова пра спробу КДБ завербаваць яго і прызначыць на пасаду кіраўніка абласной філіі кампаніі «Гавары праўду». На просьбу «Нашай Нівы» Калінкоў расказаў падрабязнасці.

«2010 год. Я быў даверанай асобай Някляева ў Гродне, быў зарэгістраваны ў спісе ЦВК. 19 снежня, у дзень выбараў, пад абед мяне ля пад'езда затрымалі міліцыянеры, завезлі ў РАУС. Склалі пратакол, далі 5 сутак, здаецца, за ўдзел у пікеце. Калі я арышт адбываў, у ноч на 20-га, прыехаў супрацоўнік КДБ, правялі допыт проста ў ізалятары, а раніцай мяне і майго таварыша па камандзе — Кірылу Семенчука — павезлі ў КДБ. Там спрабавалі завербаваць і была такая прапанова — узначаліць Гродзенскую абласную філію «Гавары праўду». Я спытаў пра заробак, мне адказалі, што ў іх той, хто добра працуе, атрымлівае 400 даляраў. Абяцалі гранты, праекты розныя, казалі, што дапамогуць з рэгістрацыяй арганізацыі. І самае цікавае, я кажу, а як вы мяне прасунеце? У нас жа не партыйная арганізацыя, дзе абіраюцца, у нас прызначаюцца (так было ў першыя часы дзейнасці «ГП»). Мне кэдэбіст сказаў: «Табе пазвоняць і прапануюць гэты пост».

Пасля таго, як я выйшаў, ён яшчэ некалькі разоў запрашаў мяне на сустрэчы, апрацоўваў. Пасля я сказаў, што без позваў больш сустракацца не буду. Пасля вярнуўся ў краінe Дзмітрый Бандарчук [цяпер — кіраўнік Гродзенскай абласной арганізацыі «Гавары праўду»] — яны ж думалі, што ён эміграваў — і на гэтым усе сустрэчы са мной скончыліся», — расказаў Алег Калінкоў. 

«Анкетку таксама прапанаваў запоўніць. Было 5 аркушаў, некалькі блокаў. «Як вы ацэньваеце грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне?», пра дабрабыт. Далей — «А што будзеце рабіць, калі пры разгоне дэманстрацыі будуць ахвяры»? «Ці сутыкаліся з выпадкамі сабатажу? Як вы сябе павядзеце, калі да вас ужывуць фізічны гвалт?». Ну і варыянты адказаў. Я запоўніў не так, як думаў, канечне — паставіў птушачкі, і ўсё», — дадаў ён.

Паводле Алега, ён адразу расказаў пра гэта сваім паплечнікам, пасля ўвогуле адышоў ад палітыкі.

У каментары «Нашай Ніве» Уладзімір Някляеў сказаў, што лічыць сітуацыю блізкай да рэальнасці, бо пра такія выпадкі яму казалі не раз.

«КДБ праспала стварэнне «ГП», таму пасля яны вельмі настойліва спрабавалі інтэгравацца. Што з гэтага атрымалася, мы ведаем», — сказаў Някляеў. 

Мы спыталіся і ў сённяшняга кіраўніка «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, ці магчыма такое, што абласных кіраўнікоў яго арганізацыі прызначае КДБ?

«Кіраўнік Дзмітрый Бандарчук як быў, так і застаўся. Я яго са сваіх дваццаці гадоў ведаю, а не тое, што ён невядома аднекуль там узяўся. Такія прапановы КДБ могуць рабіцца толькі тым, хто не разумее, як структура існуе. Спецслужбы могуць рабіць розныя прапановы, якія нават не змогуць рэалізаваць. Я не ўяўляю, што гэта было б рэалістычна, бо каб стаць кіраўніком — трэба мець давер людзей. А так… Магчыма, гэта была такая спроба кампраметаваць рух — вось, маўляў, паглядзі, мы туды людзей прызначаем, а ты ў гэтыя ідэі верыш», — сказаў Дзмітрыеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930