Знайсці
14.02.2014 / 18:5810РусŁacБел

«Дзве з паловай гадзіны любоўных стогнаў»: у Мінску стартуе паказ «Німфаманкі» фон Трыера

Сёння ў сталічным кінатэатры «Ракета» стартуе паказ фільма Ларса фон Трыера «Німфаманка».

Паколькі фільм вельмі працяглы, спярша гледачы убачаць першую частку (118 хвілін), якая будзе дэманстравацца да 2 сакавіка. Пасля — другую.

«Німфанка» пачынаецца з таго, што збітая і ледзь жывая жанчына, якую клічуць Джо (Шарлота Гэнсбур), трапляе да самотнага халасцяка Сэлігмана (Стэлан Скарсгард).

Джо са страхам адкрывае, што яна німфаманка, якая ўвесь час прагне сэксу. У фільме жанчына апавядае выпадковаму суразмоўцу гісторыю свайго жыцця і эратычных перажыванняў.

Паказ «Німфаманкі» ўжо называюць скандальным.

Напрыклад, па этычных меркаваннях яго забаранілі ў Гродна і Ваўкавыску, у краіне Еўрасаюза Румыніі, а таксама ў Арменіі і Кыргызстане.

Чым выкліканы такі ажыятаж?

Прычын некалькі.

Фільмы фон Трыера – гэта кожны раз незвычайнае.

У 2000 годзе стужка «Якая танчыць у цемры» была адзначана «Залатой пальмавай галіной» Канскага кінафестывалю. Фон Трыер – адзін з аўтараў маніфесту «Догма-95», які прадугледжвае адмову ад вялікіх бюджэтаў, спецэфектаў і стаўку на раскручаных зорак.

Гэты рэжысёр – адзін з самых скандальных сярод сваіх калег. У 2010 годзе ён заявіў, што лічыць сябе нацыстам і са спачуваннем ставіцца да Гітлера.

Пазней высветлілася, што фон Трыер пажартаваў. Але за такі жарт у Канах яго абвесцілі «персона нон грата». Падчас прадстаўлення фільма на Берлінскім кінафестывалі на вопратцы фон Трыера было напісана «Канскі фестываль, Персона нон грата – афіцыйны адбор».

У фільмах гэтага рэжысёра заўжды было шмат сэксу і гвалту. Не выключэнне і «Німфаманка». У некоторых сцэнах занятыя прафесійныя порнаакцёры.

Прычым шляхам мантажу іншым акцёрам «дамалявалі» іх палавыя органы. Нездарма ў адной з вядучых нямецкіх газет рэцэнзія на фільм называлася «Дзве з паловай гадзіны любоўных стогнаў».

Чым тады цікава «Німфаманка»? Зразумела, не адным толькі сэксам. Хутчэй гэта першы, самы прадказальны аспект, на якім спыніць сваю ўвагу частка аўдыторыі.

У цэнтры апошніх фільмаў Трыера традыцыйна знаходзіцца гісторыя хваробы. Але тут рэжысёр не асуджае Джо. Як пішуць крытыкі, «з дзяцінства яе адольвала прага жыцця. Жаданні засталіся невыкананымі, яна згубіла смак да жыцця, і застаўся толькі сэкс, толькі задавальненне без кахання».

Але разумее гэта толькі Сэлігман — кніжны чалавек, які добра ведае кнігі, але дрэнна — рэальнае жыццё. Таму падчас аповеду Джо ён увесь час праводзіць паралелі (часам вельмі камічныя) з мастацтвам. Атрымліваецца, што мастацтва можа калі не падказаць чалавецтву выйсце з крызісу, дык, прынамсі, дапамагчы яму.

У фільмах фон Трыера

гледачы з усяго свету бачаць спалучэнне неспалучальнага: паказ абсурднасці і бессэнсоўнасці сучаснага жыцця, іронію і пародыю, жаданне выслухаць чалавека, які трапіў у абдымкі такога жыцця і не можа выбрацца. А таксама сэкс і гвалт. І такі «вінегрэт» працуе. Бо гэта фон Трыер.

Фільм ідзе на англійскай мове з расейскімі субцітрамі.

* * *

Трэйлера не змяшчаем з этычных меркаванняў.

Мікіта Капкоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031