Кампанія «Kinderfoх» прэзентавала «Казкі Беларусі» для іPhone і іPad
Дадатак для мабільных тэлефонаў «Казкі Беларусі» для дзяцей і дарослых у мінскай галерэі «Ў» прэзентавала кампанія «Kinderfoх». Гэта 93 казкі, якія па-беларуску агучыў лідар гурту «Палац» Алег Хаменка.
Аўтары праекта: Леанід Каліценя, Андрэй Залатар, Алег Хаменка
Аўдыёверсія праекта суправаджаецца ілюстрацыямі ў нацыянальнай традыцыі, мастачкі Юлі Рудніцкай. Як паведамляюць распрацоўнікі, мабільныя «Казкі Беларусі» даступныя для спампоўвання за невялікую плату.
«Усе казкі падзеленыя на пяць раздзелаў: казкі для дзяцей, казкі пра жыццё, казкі пра жывёлаў, казкі для дарослых і чароўныя казкі. Упэўненыя, што кожны зможа знайсці казку, адпаведную ягонаму настрою і светапогляду», — кажа прадзюсар мабільнага дадатку Андрэй Залатар.
Лідэр этна-гурту «Палац», збіральнік і выканаўца беларускіх народных казак Алег Хаменка гэтак патлумачыў свой удзел у праекце:
«Я не проста музыка, а музыка, які па жыцьці зьвязаны з фальклорам. Бо для таго, каб граць нацыянальную музыку, трэба было адштурхнуцца ад фальклору. Вось гэтае жаданне яшчэ раз пераасэнсаваць наш фальклор было вельмі важным, і казкі тут граюць значную ролю. У іх можна знайсці новыя вобразы, новыя сюжэты — і гэта тая нашая спадчына, якая ёсць скарбам, які цяжка скрасці».
Карыстальнікам мабільных тэлефонаў кампанія «Kinderfoх» вядомая такімі праектамі, як «Беларуская азбука для іPad», «Простая навука», «Панда WWF» і іншымі.