Знайсці
10.11.2023 / 16:0115РусŁacБел

«Гэта не проста курортны раман ці момант помсты». Крысціна Ціманоўская пра развод і новыя адносіны

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ўчора афіцыйна падала заяву на развод. Яна распавяла «Нашай Ніве» пра сваё асабістае жыццё цяпер, а таксама дала некалькі парад жанчынам.

Фота: інстаграм Крысціны Ціманоўскай

— Падчас нашага апошняга інтэрв'ю вы казалі, што муж дапамагае вам з трэніроўкамі. Як вы лічыце, ці паўплывае ваш разрыў на трэніровачны працэс?

— У мяне ёсць польскі трэнер, і я ўжо даволі дасведчаная спартоўка, таму не бачу праблем у гэтым і лічу, што маё асабістае жыццё ніяк не паўплывае на трэніровачны працэс.

Я як і раней трэніруюся, у мяне ёсць падтрымка родных і блізкіх. Я ўпэўнена ў сабе, у мяне ёсць мэты і планы, якія я збіраюся ажыццявіць. А калі стаўлю перад сабой мэту, то практычна нічога не можа перашкодзіць мне яе дасягнуць.

Вы дзесяць гадоў былі разам — гэта даволі вялікі тэрмін. Я так разумею, што гэта была гісторыя пра першае каханне, якое лагічна перарасло ў шлюб. Ці цяжка было прыняць рашэнне разысціся?

— Не, не цяжка, бо я ўжо была гатова да гэтага. Насамрэч было шмат і добрага, і дрэннага ў гэтых адносінах. Мы шмат прайшлі разам і, здаецца, аддалі адно аднаму ўсё, што маглі.

На жаль, так здарылася, што пасля пераезду мы аддаліліся адно ад аднога і ўсе спробы наладзіць адносіны аказаліся марнымі. Я даўно саспела да расставання, але не хапала адвагі. Пэўныя жыццёвыя моманты падштурхнулі мяне да канчатковага рашэння.

Не хачу вінаваціць кагосьці ці казаць, што хтосьці з нас у гэтым вінаваты. Не вінаваты ніхто. Проста нашы дарогі канчаткова разышліся.

Якую параду вы б далі жанчынам, якія даўно думаюць пра развод, але ніяк не могуць вырашыцца на яго?

— Мабыць, спачатку трэба спытаць у сябе: што я хачу ад гэтых адносін? Пажадана, каб партнёр таксама адказаў на гэтае пытанне.

Калі хтосьці з партнёраў ужо не бачыць будучыні разам, то тут вядома варта сабраць усю волю ў кулак і разысціся, бо нічога ўжо не атрымаецца пабудаваць.

Таксама трэба зразумець, наколькі ў вас нездаровыя адносіны. Ёсць тры важныя прыкметы нездаровых адносін.

Першае — гэта недавер. Калі чалавек сістэматычна вас падводзіць, увесь час хлусіць у вочы, то гэта небяспечныя адносіны. У даверных адносінах чалавеку не трэба захоўваць свае сакрэты ад іншых, не трэба турбавацца аб фізічнай і эмацыянальнай бяспецы.

Другое — гэта адсутнасць дыялогу. У нездаровых адносінах нельга гаварыць на чысціню, нельга расказваць пра свае пачуцці. Вас не слухаюць і не чуюць.

Трэцяе — гэта непавага, калі партнёр ігнаруе вашыя патрэбы, просьбы, інтарэсы і жаданні. Існуюць толькі ён і яго інтарэсы.

Чым раней вы выявіце ў сваіх адносінах негатыўныя прыкметы, тым раней зможаце звярнуцца да псіхолага і будзе больш шанцаў вярнуць усё ў здаровае рэчышча. Але калі так і не атрымліваецца вярнуць усё, то выйсце адно — разыходзіцца.

І ў нас якраз быў гэты выпадак. Мы спрабавалі нешта рабіць, але ў нашай сітуацыі зваротнага шляху ўжо не было.

Рашэнне аб разводзе лягчэй прымаць, калі ёсць падтрымка. Можна знайсці жаночыя клубы, нейкія новыя знаёмствы, гаварыць з тымі, хто перажыў такі досвед.

І я таксама мела патрэбу ў падтрымцы. У маім асяроддзі аказалася даволі шмат людзей, якія перажылі развод, яны дзяліліся гэтым са мной і мне станавілася лягчэй. Лягчэй ад усведамлення таго, што пасля разводу жыццё не скончыцца. Што можна будзе далей будаваць сваё жыццё і дабівацца поспеху. А многія пасля разводу дабіваюцца яшчэ большага поспеху, таму што больш ніхто іх не цягне назад.

— Вы, напэўна, думалі пра тое, якія памылкі былі дапушчаны ў шлюбе. Чаго вы не плануеце паўтарыць?

— Я дакладна не планую больш замоўчваць праблемы і не размаўляць. У гэтым сапраўды тояцца праблемы.

З будучым партнёрам я хачу размаўляць, абмяркоўваць розныя моманты нашага жыцця, казаць прама што трывожыць і разам знаходзіць выхад з сітуацыі. Толькі так можна пабудаваць моцныя і чыстыя адносіны.

— З'ехаўшы ад мужа, вы практычна адразу паляцелі ў Грэцыю, а там сустрэлі маладога чалавека. Ці не страшна было так хутка пасля разрыву ісці ў новыя адносіны?

— Адпачынак быў запланаваны ўжо даўно. У мяне ў цэлым у годзе толькі адзін месяц водпуску, і я не збіралася марнаваць яго на пакуты, я хацела перазагрузіцца і адпачыць.

Здаецца, што лёс сам адправіў мяне ў Грэцыю, таму што ў планах была Італія ці Харватыя, але ў апошні момант усё змянілася. Я веру ў знакі і прытрымліваюся іх. Яны прывялі мяне ў Грэцыю, дзе я пазнаёмілася з маладым чалавекам.

Для мяне гэта не проста курортны раман ці момант помсты. Я абсалютна не думала пра гэта, а проста жыла сэрцам. І адчула, што ў чалавеку, з якім я пазнаёмілася, ёсць усё тое, што я хацела б бачыць у сваім партнёры. У нас вельмі сыходзяцца погляды і бачанне гэтага жыцця. Таксама ёсць агульныя захапленні і ў нейкай ступені аднолькавыя планы (хоць мы не былі да гэтага знаёмыя, але ўсё так сышлося, што мне падалося, быццам мы знаёмыя 100 гадоў).

У моманце я адчула, што знайшла свайго чалавека, з якім добра. Дарэчы, у былога мужа такая ж сітуацыя. Ён у новых адносінах і падзяліўся са мной тым, што таксама адчуў, што знайшоў свайго чалавека.

Магчыма, мы ўжо даўно не адчувалі тых пачуццяў, як на пачатку адносін, і таму так хутка адпусцілі адно аднога і ўпусцілі ў сваё жыццё іншых людзей. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Кожны павінен жыць гэтае жыццё і быць шчаслівым. Мы шчаслівыя, але з іншымі партнёрамі. І я шчыра рада.

— Якія для вас галоўныя якасці ў партнёры? Чаго вы чакаеце, а што прынцыпова не пацерпіце?

— Галоўная якасць — гэта адданасць і ўсвядомленасць. Важна, каб чалавек мог дакладна сказаць пра свае жыццёвыя каштоўнасці, каб ён умеў размаўляць і не замоўчваў усё ў сабе.

Дакладна не пацярплю здрады (зараз ужо ніколі) — дзякуй досведу.

— Вы даволі адкрыта ў інстаграме расказваеце пра сваё жыццё. А навошта? Многія лічаць, што «шчасце любіць цішыню» і «смецце з хаты выносіць не варта».

— Мне падабаецца весці інстаграм, падабаецца дзяліцца момантамі свайго жыцця, падабаецца размаўляць з людзьмі і падабаецца паказваць праўду якая яна ёсць. Нягледзячы на тое, ці гэта шчаслівыя адносіны, ці распад моцнага шлюбу.

Я сумленная перад аўдыторыяй і падпісчыцы гэта шануюць. Таксама шмат з таго, што я кажу і паказваю, адгукаецца людзям, дзякуючы маім сторыс многія таксама прымаюць важныя жыццёвыя рашэнні і потым распавядаюць мне свае гісторыі са словамі падзякі. Я ў гэты момант адчуваю, што выконваю пэўную місію і з'яўляюся моцным матыватарам для іх. Гэта прыемна і гэта зараджае.

У будучыні мне б вельмі хацелася паказаць сапраўднае каханне, бо здаецца, што ў гэтым свеце адносіны, каханне і сям'я вельмі абясцэніліся. Таму хочацца паказаць адваротнае. Мне самой прыемна падпісвацца на сямейныя акаўнты і назіраць за шчаслівымі парамі.

Пакуль, на жаль, мне не ўдалося гэтага паказаць, таму што шмат чаго я ідэалізавала і прыхарошвала, але я веру, што змагу пабудаваць моцныя, шчырыя адносіны са сваім чалавекам.

Чытайце таксама:

«Зразумела, што вартая лепшага». Крысціна Ціманоўская разводзіцца

Муж Ціманоўскай — пра характар жонкі, расставанні з ёю, ад’езд з Беларусі і заробкі

Ціманоўская распавяла пра нагоду для гонару, адказ у сацсетках Азаронку, прафесійнае і асабістае

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
17
Панылы сорам
26
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
12
0
Максим Дизайнер/адказаць/
14.11.2023
Муж

Но если голую жопу можно выставлять, почему бы и личную так сказать жизнь не выставить?
0
Максим Дизайнер/адказаць/
14.11.2023
Прекрасно. Тюрмы трещат по швам, а протестуны катаются по морям, продают хатки в пригороде Минск, и заваливают инсту фоточками красивой жизни. Как там бедненькая бело-красно белая швейцарка поживает?Тоже мужа послала. Давно что-то ничего не слышно. Может тоже уже какого швейцарского деда нашла. Еще одна тема для статьи.
14.11.2023
Zlyja vy -  jak kitajskija sabaki. Praz toje i žyviem tak...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера