Знайсці
17.09.2023 / 18:3811РусŁacБел

Кароткачасовае і доўгачасовае аднаўленне цнатлівасці. Цэны ў Мінску і меркаванне псіхолага 

Колькі ў Беларусі каштуе аднавіць цнатлівасць? «Наша Ніва» параўнала прапановы медыцынскіх цэнтраў, а таксама пагутарыла з псіхолагам.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Кароткачасовае і доўгачасовае аднаўленне цнатлівасці: у чым адрозненне?

Гімен — гэта медыцынская назва цнатлівасці. Працэдуру яе аднаўлення называюць гіменапластыкай.

Ёсць два варыянты аднаўлення гімену — кароткачасовы і доўгачасовы.

Першы магчымы ў тым выпадку, калі ў жанчыны ў анамнезе не было цяжарнасцяў. У гэтым выпадку хірург сшывае рэшткі гімену хірургічнымі ніткамі, якія за пару тыдняў рассмоктваюцца. Нюанс у тым, што ў гэтым выпадку эфект кароткачасовы — паўторна страціць цнатлівасць трэба на працягу некалькіх тыдняў пасля заканчэння аднаўленчага перыяду.

Але некаторыя медыцынскія цэнтры крытыкуюць гэты метад таму, што каханку можа не спадабацца вынік. «Мужчына, хоць і адчувае разрыў, але адсутнасць крывацёку скіроўвае яго думкі ў непажаданым напрамку. З усіх магчымых аперацый гіменапластыкі самая надзейная — гэта ўшыванне тканкі похвы. Такая методыка гарантуе захаванне цнатлівасці да першага палавога кантакту, нават калі ён адбудзецца праз некалькі гадоў. Пасля такой аперацыі крывацёк у момант «пазбаўлення цнатлівасці» бывае нават больш выяўленым, чым пры першай дэфларацыі».

Абодва метады выконваюцца пад мясцовай анестэзіяй і не патрабуюць шпіталізацыі. Аднак доўгачасовае аднаўленне можа быць праведзена пад агульным наркозам па жаданні жанчыны.

Колькі каштуе аднавіць цнатлівасць у Мінску

Гіменапластыку можна зрабіць нават у дзяржаўнай установе аховы здароўя. Напрыклад, на сайце relax.by пазначана, што ў 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска аднаўленне цнатлівасці каштуе 162,24 рубля. І гэта самы маленькі кошт, які ўдалося знайсці ў Мінску.

Праўда, не ўдакладняецца, пра кароткатэрміновую ці доўгатэрміновую гіменапластыку кажуць.

У элітных медыцынскіх цэнтрах за гіменапластыку прыйдзецца аддаць да дзвюх тысяч рублёў.

Мы звярнуліся ў адну з прыватных клінік, якая прапануе кліенткам такую паслугу, і спыталі, ці часта беларускі робяць гіменапластыку, а таксама наколькі гэта бяспечная аперацыя і ці бываюць пасля яе ўскладненні. Вось які адказ атрымалі: «Так, мы даволі часта робім гіменапластыку. Гэта бяспечна. Але, як і пасля любой аперацыі, трэба ведаць, як правільна паводзіць сябе ў пасляаперацыйным перыядзе».

Навошта робяць гіменапластыку?

Ніякіх медыцынскіх паказанняў да правядзення гіменапластыкі няма.

Гэта робіцца чыста з культурных меркаванняў. Хоць Беларусь не вельмі рэлігійная і кансерватыўная краіна, дзе цнатлівасці да шлюбу надаецца вялікі сэнс, але многім гэта важна. Можна згадаць палітолага Вадзіма Баравіка, які прапаноўваў дадаваць нявінніцам балы на цэнтралізаваным тэставанні. Праўда, далей за агучванне ідэі справа не пайшла.

На сайце цэнтра пластычнай хірургіі «Эдаран» напісана, што гіменапластыку можна зрабіць, калі рыхтуешся да вяселля.

Яшчэ адна з прычын, па версіі цэнтра, — жаданне зрабіць больш займальным інтымнае жыццё. Пазначана, што аднаўленне цнатлівасці можа быць і «падарункам» для каханага.

На сайце medplastic.by жанчын таксама запэўніваюць, што гіменапластыка — гэта добры падарунак мужу на дзень нараджэння ці гадавіну вяселля.

Медыцынскі цэнтр «Антэс Мед» увогуле лічыць, што аднаўленне цнатлівасці можна зрабіць у якасці сюрпрызу мужчыну: «Такі нечаканы «падарунак» для мужчыны вельмі каштоўны. Таму жанчыны ўсё часцей звяртаюцца да гіменапластыкі, каб асвяжыць сэксуальныя пачуцці, падкрэсліць сваё асаблівае стаўленне да палавога партнёра».

Медыцынскі цэнтр «Антэс Мед» сцвярджае, што гіменапластыка дапаможа аднавіць вастрыню адчуванняў у інтымным жыцці.

Медыцынскі цэнтр «Клініка ва Уруччы» пайшоў яшчэ далей: «Пасля аперацыі можна парадаваць свайго партнёра, павысіць яго лібіда і жаданне інтымнай блізкасці. Такая дэманстрацыя таго, на якія ахвяры можа пайсці жанчына дзеля абранніка, не можа пакінуць яго абыякавым».

На сайце хірурга Аляксея Дужага пішацца: «Часам жанчына (ці яе блізкія) думаюць, што цнатлівасць — найлепшы спосаб знайсці добрага мужа».

А медыцынскі цэнтр «Конфідэнс» выбраў сваёй мэтавай групай дзяўчат-мусульманак. Там пішуць аб тым, што «сёння аднаўленне цнатлівасці — асабліва актуальная тэма для дзяўчат мусульманскай веры.

Многія з іх прыязджаюць у еўрапейскія краіны для атрымання адукацыі і не жадаюць вяртацца дадому, пазбавіўшыся цнатлівасці. У сваю чаргу, у мусульман сэкс да шлюбу лічыцца злачынствам і ганьбай для сям'і. Таму аднаўленне цнатлівасці для іх разумны шанец захаваць гонар і годнасць, а таксама стварыць сям'ю».

Спрэчнае пытанне

Ёсць адзінае пытанне, наконт якога ў кожнага медыцынскага цэнтра сваё меркаванне. Няма згоды ў тым, ці можна рабіць гіменапластыку ў выпадку, калі жанчына наважылася на працэдуру праз згвалтаванне.

На некаторых сайтах пазначана, што ў такіх выпадках аднаўленне цнатлівасці можа быць часткай тэрапіі, якая дапаможа ахвяры перажыць траўматычны досвед. На іншых — што пасля згвалтавання рабіць гіменапластыку нельга.

Меркаванне псіхолага пра гіменапластыку

Мы спыталі ў псіхолага, што ён думае наконт гіменапластыкі з псіхалагічнага пункту гледжання.

— Ці варта рабіць гіменапластыку ахвяры згвалтавання? У медыцынскіх цэнтраў дыяметральна супрацьлеглыя думкі на гэты конт.

— Пры працы з траўмай ёсць такі метад, калі чалавеку прапаноўваюць зноў перажыць стрэсавы досвед, але ў бяспечным становішчы. Тэарэтычна, калі для жанчыны самым траўматычным фактам была менавіта страта цнатлівасці, то, магчыма, гіменапластыка — гэта нядрэнны варыянт. Бо жанчына зможа перайграць сітуацыю — заняцца сэксам у камфортных умовах з каханым чалавекам.

З іншага боку, аднаўленне цнатлівасці можа быць часткай стратэгіі пазбягання праблемы. Важна разумець, што гіменапластыка не дапаможа забыцца пра сам факт згвалтавання.

Што небяспечна ў траўме? Калі ты яе доўга ігнаруеш, то потым цябе рэзка «накрывае». Ёсць рызыка, што пры паўторнай дэфларацыі будзе яшчэ большая псіхалагічная траўматызацыя. І ў выніку замацуецца ўяўленне аб тым, што сэкс — гэта абавязкова боль і пакуты.

Таму я раіў бы спачатку прапрацаваць траўму з псіхолагам, а не запісвацца на гіменапластыку з надзеяй, што аперацыя вырашыць усе праблемы.

— Некаторыя медыцынскія цэнтры сцвярджаюць, што аднаўленне цнатлівасці — гэта добры падарунак для мужчыны. Давайце ўявім сітуацыю: муж просіць жонку зрабіць гіменапластыку, каб яна «парадавала» яго на дзень нараджэння. Наколькі гэта здаровая сітуацыя?

— Калі партнёр просіць вас «аднавіць цнатлівасць», варта задаць сабе некалькі пытанняў: чаму гэта важна для майго партнёра і чаму я думаю пра тое, каб даць іншаму чалавеку магчымасць кіраваць маім целам. Праблема вось у чым: калі адзін чалавек просіць іншага змяніць нешта ў арганізме, маніпулюе, то гэта можа быць прыкметай перакручаных адносін. Бо фактычна партнёр жадае эксплуатаваць чужое цела.

Чаму для мужчыны важна, каб жанчына аднавіла цнатлівасць? Ён не гатовы прыняць яе мінулае? А сваё гатовы? Які наогул сэнс можа быць у тым, каб адпраўляць жанчыну на гіменапластыку, калі партнёры будуць выдатна разумець, што ўсё гэта — падман?

Дэфларацыя ў многіх выпадках даволі балючы працэс. Атрымліваецца, партнёр свядома хоча прычыніць боль. Плюс аднаўленне пасля аперацыі само па сабе можа быць балючым. Таксама нельга забывацца на тое, што заўсёды магчымыя нейкія ўскладненні.

Псіхалагічна жанчыны цяжка перажываюць любыя гінекалагічныя ўмяшанні. А тут размова ідзе не пра нешта неабходнае для здароўя. І ўсё ж Беларусь не тая краіна, дзе за страту цнатлівасці да шлюбу дзяўчыну можа забіць яе ж сям’я. Таму ва ўсёй гэтай гісторыі пра аднаўленне гімену больш маркетынгу, чым чагосьці яшчэ.

Я чытаў пра выпадак, калі ў жанчыны пасля гіменапластыкі пачалася анаргазмія: яна перастала атрымліваць задавальненне ад сэксу. Ці спадабаецца такі вынік партнёру? — задаецца пытаннем псіхолаг.

Чытайце таксама:

Тэлеперсанаж Вадзім Баравік прапанаваў дадаваць нявінніцам балаў на ЦТ

Бразільская пара замяніла трэніроўкі ў спартзалах на штодзённы сэкс-марафон. Расказваем, ці паспяховы досвед

«Праз трывожнасць набрала 30 кілаграмаў». Чаму некаторыя жанчыны панічна баяцца нараджаць і што з гэтым рабіць

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
27
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
2
0
нявеста Азаронка асоба прынцыповая дзеўсвінніца/адказаць/
18.09.2023
о дае... я пра гэта яшчэ ў юнацтве чытала і не чырванела
0
А пачэму бы і да/адказаць/
18.09.2023
прэдлагаю ўступіць у брсм і белуюгусь і яно само адновіцца
0
Максим Дизайнер/адказаць/
18.09.2023
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера