Знайсці
07.08.2017 / 13:3349РусŁacБел

Ганне Канапацкай зрэзалі заробак за выезд з краіны без дазволу Адміністрацыі прэзідэнта

Фота Сяргея Гудзіліна

Дэпутатцы ад апазіцыі Ганне Канапацкай не ўключылі ў табель уліку працоўнага часу за чэрвень два дні, калі яна выязджала за мяжу без дазволу Адміністрацыі прэзідэнта. Канапацкай патлумачылі, што іншыя парламентарыі могуць зайздросціць яе рэгулярным паездкам, а сама яна выступае за мяжой з пазіцыяй, адрознай ад той, што выказвае Палата прадстаўнікоў. Апазіцыйны дэпутат распавяла TUT.BY, што яе хвалююць не два страчаныя дні заробку, а спробы такім чынам абмежаваць яе права выказваць альтэрнатыўнае меркаванне.

— У нас існуе парадак выезду дэпутатаў за мяжу і ён рэгулюецца, удумайцеся, указам прэзідэнта, — тлумачыць Канапацкая. — Паводле гэтага ўказа, камандзіроўка дэпутата ўзгадняецца з адміністрацыяй прэзідэнта не пазней за 10 дзён да даты выезду. Уяўляеце — я дэпутат, і сядзіць нейкі клерк у адміністрацыі і вырашае, трэба дэпутату ехаць за мяжу ці не трэба!

За час свайго дэпутацтва Канапацкая была ў Берліне, Стакгольме, двойчы ў Варшаве. «Гэта заўсёды былі кантакты з парламентарыямі, журналістамі, дыпламатамі», - кажа яна.

Але пасля апошняй паездкі ў Брусель 27-28 чэрвеня на сустрэчы ў Еўрапарламенце за гэтыя два дні ёй вырашылі не плаціць заробак.

— Ва ўсіх астатніх днях у мяне стаіць 8 працоўных гадзін, у гэтых двух — не стаіць нічога. Ні прагулу, ні адпачынку, проста напісана па-за табелем, што два дні аплаце не падлягаюць.

Канапацкая адзначае, што прыкладна ў гэтыя ж дні - 26-27 чэрвеня - у Страсбургу на пасяджэнне ПАСЕ ездзіў яе калега па парламенце.

- Яму гэта аформілі як камандзіроўку, ён нават ездзіў па дыпламатычным пашпарце.

Дэпутат напісала запыт у сакратарыят Палаты прадстаўнікоў, каб даведацца, на якой падставе гэтыя два дні не ўключылі ў табель. Ёй адказалі, што за гэтыя пытаньні адказвае старшыня яе камісіі (па эканамічнай палітыцы) Уладзіслаў Шчэпаў.

- Мы з ім сустрэліся і ён мне кажа: Ганна, вы парушылі парадак выезду за мяжу, таму я вам дні ў табель не ўключыў. Ён мне прапанаваў пісаць тлумачальную, але на якой падставе я павінна яе пісаць?

Канапацкая прапанавала прыцягнуць яе да адказнасці за парушэнне парадку выезду.

— Тады ён яшчэ сказаў, што гэта не яго рашэнне. І што калі я сама еду, то я нясу сваё меркаванне, а не меркаванне Палаты.

- А ці не сказаў, чыё рашэнне?

- Сказаў: вы ж разумееце, мяне папрасілі вас папрасіць, вырашайце ўсе пытанні з кіраўніцтвам Палаты.

Канапацкая кажа, што ўжо не пойдзе да кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. Быў досвед не самых прадуктыўных размоў на гэтую тэму.

- Ён мяне ўжо пытаўся: Ганна Анатольеўна, а навошта вам туды ехаць? Іншым дэпутатам зайздросна — вас запрашаюць, а іх не.

Па-другое, калі вы паедзеце, вы ж будзеце казаць іншае, а нам трэба вось гэта. І апошні аргумент - гэта не дэпутацкая дзейнасць. Вось у мяне былі тры такія сустрэчы, больш я на іх не пайду.

Цяпер дэпутат-апазіцыянерка піша па дакладной запісцы на кожны свой выезд за мяжу і ёй ўвесь час прыходзяць адказы аб тым, што лічаць яе паездкі немэтазгоднымі.

- Гэтыя два дні - гэта спроба ціску. І ў наступны раз яны зробяць тое ж самае. Справа не ў двух днях зарплаты, для мяне гэтыя грошы вялікай ролі не граюць. А справа ў тым, што ніхто не разумее, як і што павінен рабіць дэпутат. Я хачу памяняць сітуацыю і каб памянялася мысленне: калі ёсць апазіцыйны дэпутат, у яго ёсць права казаць меркаванне адрознае ад пункту гледжання Палаты. Гэта нармальна, гэта і ёсць плюралізм меркаванняў, і гэта добра для Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031