Знайсці
16.05.2017 / 10:4714РусŁacБел

Беларускі скупляюць у пенсіянераў гародніну і ствараюць шэдэўры фларыстыкі

Праект «Бабулін часнык», які прапаноўвае аматарам натуральнай прыгажосці такія модныя цяпер ядомыя букеты на замову, упершыню актыўна заявіў пра сябе гэтай вясной. Галоўнае адрозненне новага гульца на рынку фларыстыкі ў тым, што для сваіх кампазіцый яго стваральніцы выкарыстоўваюць складнікі з градак бабуль ці дзядуль, якіх мы можам бачыць ля пераходаў ці на кірмашах.

Ідэя дапамагаць пенсіянерам з рэалізацыяй тавараў прыйшла ў галаву былой студэнтцы і сённяшняй супрацоўніцы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Алене Галамазавай.

Алена Галамазава.

«Першапачаткова мне захацелася стварыць інтэрнэт-краму, дзе мы б маглі легальна прадаваць натуральныя прадукты ад нашых пенсіянераў. Аднак не ўлічылі тых людзей, якія не займаюцца гэтым у вялікіх аб'ёмах, а маюць усяго некалькі градак каля дома для дадатковага заробку ці ў якасці хобі. Вось як раз для іх і былі прыдуманыя букеты», — расказвае Алена.

Букеты яна стварае сама, у яе няма нейкай спецыяльнай фларыстычнай адукацыі. Кажа, што кампазіцыі нараджаюцца «ад сэрца, ад душы». Як толькі паступае новая замова, Алёна адразу ж накіроўваецца да бабуль з Мінску ці раёна. У пошуках агароднікаў і дзеля наладжвання кантактаў дзяўчыне з яе камандай прыйшлося асабіста наведаць не адзін сельсавет і рынак. Алёна адзначае, што калі пенсіянерам да 70 гадоў яшчэ можна растлумачыць сутнасць ідэі, то людзі старэйшага ўзросту глядзяць на гэта з недаверам і нярэдка адмаўляюцца і працягваюць працаваць па звыклай схеме.

Гародніну і садавіну ў пастаўшчыкоў фларысты набываюць па той цане, якую яны патрабуюць, а кошт букета ў выніку атрымоўваецца ад 13 да 19 рублёў.

«Чым мы адрозніваемся ад канкурэнтаў? Па-першае, мы дапамагаем пенсіянерам, набываючы прадукты ў іх. Па-другое, мы імкнёмся абавязкова ўключаць паўсюль часнык — гэта наша фішка. Ну і, апроч душэўнасці, варта зноў адзначыць кошт: ён у нас вельмі канкурэнтаздольны», — пералічвае плюсы праекта Алена Галамазава.

У будучыні дзяўчына вельмі хацела б, каб пачатая імі ініцыятыва ўсё ж перерасла ў дзейнасць інтэрнэт-крамы, дзе кожны ахвотны мог бы замовіць пучок зеляніны ці кілаграм сезонных яблык, вырашчаных добрымі рукамі пажылых жанчын і мужчын, якім сёння, часта беспаспяхова, даводзіцца сядзець і мёрзнуць са сваім таварам на вуліцах. Першапачаткова — з дастаўкай на офісы, а далей будзе бачна.

 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031