На шыльдзе сядзібы БНФ з'явіліся прарасійскія графіці
1 мая на шыльдзе і дзвярах цэнтральнага офіса БНФ ў Мінску з'явіліся надпісы прарасійскага шавіністычнага зместу, паведамляе сайт арганізацыі.
Камеры відэаназірання, размешчаныя ў двары па вул. Чарнышэўскага, дзе размяшчаецца сядзіба БНФ, твары вандалаў не зафіксавалі.
Здарэнне пракаментаваў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
«З'яўленне прарасійскіх экстрэмісцкіх графіці на будынку, дзе размяшчаецца сядзіба БНФ — трывожны сігнал. Тое, што на мінулым тыдні быў здзейснены аналагічны напад на офіс Таварыства беларускай мовы, сведчыць, што гэта не адзінкавы выпадковы акт вандалізму, а свядома спланаваная акцыя, арганізаваная супраць беларускіх аб'яднанняў прарасійскімі шавіністамі, што ў апошні час актывізаваліся ў Мінску. Такім чынам, гэта не хуліганскія дзеянні, а наўмыснае праява экстрэмізму з боку варожых Беларусі структур. Прыкра і небяспечна для дзяржавы, калі нашы праваахоўныя органы займаюцца палітычным пераследам беларускіх патрыётаў замест таго, каб выяўляць сапраўды небяспечныя вылазкі антыбеларускіх сіл, патураючы экстрэмізму.
Мы будзем рэагаваць на гэтыя выхадкі ў адпаведнасці з законам. Нагадаю, што арганізатары мінулай кампаніі аналагічных нападаў на ТБМ і БНФ, якая была ў 2012 годзе, былі выяўленыя і пакараныя — кіраўнік групоўкі так званых расійскіх нацыянал-бальшавікоў быў асуджаны на шэсць месяцаў арышту», — сказаў Аляксей Янукевіч.
На дадзены момант наступствы дзеянняў вандалаў ліквідаваныя.