Бягун вызвалены ад пасады намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях
Дзмітрый Бягун вызвалены ад пасады намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях за ўчыненне праступкаў, якія дыскрэдытуюць званне работніка органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 2 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Як паведамлялася, Дзмітрый Бягун падазраецца ў атрыманні хабару ад бізнэсмена за ўвод у строй аб'екта з парушэннем патрабаванняў проціпажарнай бяспекі.
У час сустрэчы ў Магілёве з работнікамі прадпрыемстваў кампаніі «Кранаспан» 21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў гэта затрыманне. «Хабар браў. На месцы ўзялі ўсіх. Чаго крыўдзіцца на мяне? Усе аднолькавыя перад законам: і міністры, і намеснікі міністраў, — адзначыў тады Лукашэнка. — Атрымае восем гадоў мінімум. Дапрацаваўся да генеральскай пасады, каб у турме правесці час».