Знайсці
27.09.2016 / 10:029РусŁacБел

«Трэба было ехаць з ім». Маму Сашы Аўдзевіча, які праехаў Еўропу «на руках», пазбавілі дапамогі

Беларус Саша Аўдзевіч, які праехаў 4 тысячы кіламетраў на хэндбайку па Еўропе, вярнуўся на радзіму і даведаўся: яго маму пазбавілі дапамогі па доглядзе за інвалідам. Асноўная прычына — за Сашам адсутнічаў кругласутачны догляд. TUT.BY разбіраўся, што да чаго.

Каб здзейсніць сваё вялікае падарожжа, Саша Аўдзевіч шмат чаму навучыўся. Напрыклад, ставіць палатку у паходных умовах, нягледзячы на пашкоджаны хрыбетнік. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

«Тое, што не было побач, не азначае, што не было дапамогі»

Зусім нядаўна мы пісалі, як у Нацыянальным аэрапорце сустракалі Сашу Аўдзевіча. Гэты хлопец перасоўваецца на інвалідным вазку, мае першую групу інваліднасці, але змог ажыццявіць сваю мару: на ручным ровары ён дабраўся да Партугаліі. Увесь час падарожжа яго падтрымлівалі сотні людзей.

Вярнуўшыся на радзіму, у Ліду, Саша даведаўся, што яго маму пазбавілі дапамогі па доглядзе за інвалідам першай групы — неўзабаве пасля яго ад'езду. Пра сітуацыю ён распавёў на сваёй старонцы на Facebook.

— Я не скарджуся, але як бы гэта вам сказаць: выказваю сваё поўнае неразуменне, — кажа TUT.BY Аляксандр Аўдзевіч. — Падчас маёй паездкі мама не хацела мяне хваляваць і нічога не казала. Я вярнуўся і даведаўся: пакуль я ехаў і збіраў грошы на цэнтр рэабілітацыі ў Лідзе, маёй памагатай адмовілі ў выплатах.

Саша разважае: грошы плацяць за дапамогу. Тое, што яго памочніцы не было побач у падарожжы, не азначае, што ён не адчуваў яе дапамогі.

— Яна заўсёды была на сувязі, пералічвала грошы для мяне на беларускую картку, калі гэта было неабходна. Была напагатове і, калі што здарылася б са мной у дарозе, — была гатовая тут жа прыехаць да мяне.

«Настойвалі, каб я прыехала і напісала заяву, што не буду за ім даглядаць»

Дапамога па доглядзе за інвалідам першай групы складае прыкладна 140 рублёў. Ганна Аўдзевіч да аварыі, у якую некалькі гадоў таму трапіў Саша, працавала на дзяржпрадпрыемстве. Каб даглядаць сына, прыйшлося звольніцца.

— Пасля Сашавага ад'езду я не атрымала дапамогу. На мае пытанні адказалі: раз сын з'язджае — трэба было ехаць з ім, даглядаць яго ў падарожжы. А раз не паехала — дапамога мне не паложана, — крыху збянтэжана распавядае Ганна. — Я кажу: дык у нас і не было сродкаў на тое, каб аплаціць такую паездку дваім, як вы ўсё гэта сабе ўяўляеце? Ён жа не адпачываць ездзіў — ён зрабіў важную справу, прадставіўшы ва ўсіх гэтых краінах Беларусь. У адказ настаялі, каб я прыехала і напісала заяву, што не буду яго даглядаць. З'ездзіла, падпісала… Раней ніколі не было такога, каб Саша ад'язджаў кудысьці на тры месяцы, таму я нават не ведала, што павінна камусьці паведаміць…

Ганна Аўдзевіч дадае, што дапамога сёння для яе — адзіная крыніца даходу.

— Уладкавацца на нейкую падпрацоўку, атрымліваючы дапамогу, я не маю права. А магла б хоць прыбіральшчыцай падпрацоўваць па вечарах. Я не хачу ні на што скардзіцца, проста нейкія законы вуглаватыя.

Сёння Ганна Аўдзевіч ездзіла падаваць дакументы, каб аформіць дапамогу нанова.

— Калі шчыра, то трошкі і крыўдна. Пра Сашу кажа ўся Беларусь, ён здзейсніў вялікі ўчынак. А мне сёння кажуць: напісаць заяву вы маеце права, але атрымаеце вы зноў дапамогу ці не — гэта мы яшчэ паглядзім.

Сацабарона: «Догляд за інвалідам першай групы павінен быць кругласутачны»

У аддзеле пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Лідскага райвыканкама з прэтэнзіямі не згодныя.

— Згодна з палажэннем, дапамога па доглядзе выплачваецца асобам, якія ажыццяўляюць пастаянны догляд. Гэта дапамога іншых асоб у ажыццяўленні адной або некалькіх нерэгулюемых патрэбаў: апрананне, абуванне, кармленне, дапамога ў ажыццяўленні асабістай гігіены, фізіялагічных адпраўленняў і гэтак далей, — кажа начальнік аддзела Ірына Тарасенка. — Калі ён не знаходзіўся побач з мамай такі працяглы час, то дапамога не можа выплачвацца, паколькі догляд не ажыццяўляўся. Яго няма…

Ірына Тарасенка сцвярджае: дапамога па доглядзе даецца тым, хто побач кругласуткава.

— Акрамя гэтага, яго мама яшчэ і працавала. Гэта парушэнне нормаў палажэння. Гэта значыць, па дапамогах пераплата была. Дапамога выплачваецца непрацуючым людзям, якія маюць магчымасць сапраўды ажыццяўляць догляд, — заключае Ірына Тарасенка.

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Апошні момант Ганна Аўдзевіч тлумачыць.

— Так, было за год дзён дзесяць афіцыйных працы… Не думала, што гэта такі істотны момант. Дык я за тыя дні яшчэ павінна 800 тысяч аддаць у сацабарону. Сёння многія, хто даглядае інвалідаў, вымушаныя падпрацоўваць хоць дзе-небудзь — нехта на рынак ідзе гародніну перабраць, нехта яшчэ кудысьці, многія не афармляюцца, таму што баяцца… сёння дапамога па доглядзе інвалідаў — ніжэйшая за пражытачны мінімум, чаму ж нельга падпрацоўваць? Але наогул, ведаеце, усё абыдзецца. Галоўнае, што ў нас усё ў парадку, і я рада, што сын вярнуўся і з ім усё добра.

Офіс па правах людзей з інваліднасцю: «Калі чалавек задаволены доглядам і ў яго няма прэтэнзій — гэтага дастаткова»

У Офісе па правах людзей з інваліднасцю тлумачаць, што ёсць пастанова Саўміна, якая рэгулюе механізм догляду за людзьмі з інваліднасцю першай групы. Там адзначана, што паслуга па доглядзе павінна аказвацца сістэматычна.

— Але сістэматызм нашы кіраўнікі разглядаюць своеасабліва. Яны прад'яўляюць неадэкватныя патрабаванні да тых, хто даглядае, — лічыць каардынатар Офіса Сяргей Драздоўскі. — Напрыклад, што ў любы момант, калі б яны ні прыйшлі, даглядаючы павінен знаходзіцца ля гэтага чалавека, што ён ледзь не працоўныя гадзіны павінен быць побач з гэтым чалавекам. Усё гэта глупства. Адзіным вызначальнікам дастатковасці і якасці працы з'яўляецца чалавек, за якім ажыццяўляецца догляд. Калі ён задаволены доглядам і не прад'яўляе прэтэнзій — гэтага больш чым дастаткова. Дадамо, што пастанова не прадугледжвае вычарпальны пералік работ і іх аб'ём, якія павінен выконваць памочнік.

Сяргей Драздоўскі дадае, што пастанова і так утрымлівае шэраг абмежаванняў.

— Напрыклад, людзі, якія ажыццяўляюць догляд, сёння не могуць разлічваць на паралельную працу, студэнтамі не могуць быць, — кажа ён. — І так створаны ўмовы, па якіх людзям з інваліднасцю практычна немагчыма знайсці памочніка. Падобныя сітуацыі, калі памочнікаў проста выключаюць з спісу, нічога не падаючы наўзамен, былі ў нас і ў Гродзенскай вобласці, і ў Брэсцкай, і ў Гомельскай. Здаралася, і што да памочніка былі прэтэнзіі, калі падапечны выязджаў без яго за мяжу.

Сняжана Інанец, TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера