Знайсці
09.08.2016 / 12:3913РусŁacБел

Стась Карпаў: Мозг барона Кубертэна і мача расійскіх інвалідаў

Расійскіх паралімпійцаў у поўным складзе адхілілі ад выступлення на Алімпіядзе. Сяджу я і думаю: не тое, каб я спачуваў Расіі. З чаго б мне ёй спачуваць? І не тое, каб я перажываў за прафесійны спорт, бо як па мне — гэта гірка, якая усіх нас цягне з эпохі асветы да эпохі калізеяў. Але ёсць нюанс.

Дык вось.

Жыла сабе ў Амерыцы дзяўчына па імені Маргарэт Эбат. У 1900 годзе яна прыехала на сусветную выставу ў Парыж, дзе паўдзельнічала ў турніры па гольфе. То бо, яна лічыла, што паўдзельнічала ў турніры па гольфе ў рамках сусветнай выставы, а на самой справе выпадкова выйграла Алімпійскія гульні, якія праходзілі там жа ў той жа час. Пра гэта пераможца даведалася з газетаў, прыбыўшы дамоў. Вось так.

Гэта вельмі мілая і вельмі чалавечая гісторыя, анекдот, які немагчыма гераічна экранізаваць, немагчыма тэатральна інсцэнізаваць, але вельмі прыемна ведаць, калі ты цікавішся людзьмі як людзьмі.

А за 37 гадоў да гэтага ў тым жа горадзе Парыжы нарадзіўся хлопчык П'ер, які у 1896 годзе стане аднаўляльнікам тых самых гульняў, у якіх пасля пераможа Маргарэт Эбат. І з цягам часу хлопчык П'ер зробіць усё, каб дзяўчынкі тыпу Маргарэт ніколі-ніколі не пэцкалі сваімі нагамі ягоную асвечаную зеўсамі мару.

Першыя адноўленыя Алімпійскія гульні прайшлі, што сімвалічна, ў Афінах. Адпаведна, старшынёй новаўтворанага Міжнароднага алімпійскага камітэта назначылі сімвалічнага ж грэка Вікеласа. Хай вечна хворага і не спартыўнага, але з сувязямі. Такім быў пачатак, які вызначыў усё.

Пасля рытуальнага Вікеласа, у тым самым 1900-м, гэтую пасаду заняў вельмі спартыўны Кубертэн.

Ён, вядома, марыў пра гульні, што спынялі войны, пра той самы размах. Пра многае. Але што ён убачыў – дык гэта нейкіх, калі згусціць, нязграбных сялянаў і амерыканскіх смяшлівіц, якія з'язджаюць, не дачакаўшыся ўзнагародаў.

Карацей, усё астатняе жыццё Кубертэн прысвяціў таму, каб зрабіць з Алімпійскіх гульняў падзею. Падзею міжнародную. Падзею прафесійную. Трыумф духу, дэманстрацыю велічы, спаборніцтва краінаў і фінансаў. Відовішча, дзе няма выпадковых людзей па другі бок трыбунаў. Інтэрнацыянальны калізей задумаў ён.

Трэба сказаць, завяршылі вялікую справу нашчадкі, але і ён зрабіў нямала, нягледзячы на тое, што родная Кубертэнава Францыя з таго самага 1900-га ніколі не займала першага месца.

Перад Алімпіядай у Берліне, ужо сышоўшы з пасады старшыні МАК, Кубертэн зрабіў усё, каб наш блакітны шарык парадваў нацыстаў, якія збіраліся усенародна пераканацца ў сваёй перавазе над унтэрмэншамі. Напэўна, Кубертэн адчуваў сваю віну за тое, што дагэтуль двойчы не пускаў немцаў з саюзнікамі на алімпіяду, і вось вырашыў выправіцца — паехаў да іх сам. Ён ездзіў у Берлін, дамаўляўся, натхняўся і натхняў. Ён па германскім радыё назваў Гітлера адным з найлепшых творчых духаў нашага (іхняга) часу і нарэшце дамогся свайго. А як было не дамагчыся, калі ўсе і самі былі не супраць, проста тэма была такая склізкая. Як бы спорт, але як бы і расізм. І хочацца і неяк няёмка. У выніку старшыня амерыканскага АК сказаў, што яўрэі не мусяць выкарыстоўваць святы алімпійскі рух ў сваіх палітычных мэтах і ўсе паехалі радаваць Адольфа. Праўда, пасля, як мы ведаем, 12 гадоў ніхто ні да каго больш не ездзіў, не радаваў і ніякія стрэлы падчас ніякіх гульняў не сціхалі. Людзі проста самазнішчаліся, але на гэта былому хлопчыку П'еру было ўжо глыбока напляваць, бо ён даўно быў нябожчыкам, часткова пахаваным у Лазане, часткова — у руінах Алімпіі, дзе закапалі ягонае сэрца. Мозг жа ягоны, падазраю, яшчэ з 1900-га года заставаўся на полі для гольфа недзе ў Парыжы.

Пасля былі ўсялякія ігнараванні і дэмаршы сюд-туд, усе не любілі ўсіх і, нарэшце, пасля байкоту Савецкім Саюзам алімпіяды ў Лос-Анжэлесе ў 1984-м, Самаранч, які давёў да

паспяховага фіналу стварэнне з Алімпійскіх гульняў звышпрыбытковага бізнесу для самога Алімпійскага камітэта, па сутнасці забараніў байкоты як з'яву пад пагрозай сур'ёзных санкцыяў для ініцыятараў, бо, якой бы ні была херня, на якой ты зарабляеш грошы, першае, што трэба зрабіць, каб забяспечыць яе статуснасць — трэба аддзяліць яе ад чалавека як саўдзельніка. Ад ягонага побыту. Раней для гэтага быў бог, які па-над фізічным светам, цяпер у Самаранчаў з'явіўся спорт, які «па-за палітыкай».

Гэта не вельмі каб удалося з мастацтвам і з навукай, хаця такія лозунгі гучаць і цяпер. Думаю, нават з парнаграфіяй былі б цяжкасці, але са спортам — глядзіце, як гладка выйшла. Ёсць сэнс задумацца.

Цяпер перанясемся ў год 2016. Расія, згодна з дакладам САДА, на дзяржаўным узроўні займаецца фальсіфікацыяй допінг-тэстаў. Гэта не флэш-моб расійскіх спартоўцаў, а вось такая палітыка краіны, якая загадала сваім грамадзянам піць, калоць і есці усялякае такое, таму спартоўцы пілі, елі і калоліся. Ім давалі слоік, яны сцалі ў слоік і далей ішлі па пілюлі. Зрэшты, што ім было рабіць, калі кантралюючыя органы далёка, а начальства тут, і начальства лёгка можа зрабіць так, што няправільнаму спартоўцу пасада школьнага фізрука стане за шчасце. То бок Расія, будучы ў згодзе з сабой, вырашыла,што вага эфемернай Федэрацыі мусіць напаўняцца лёсамі вельмі канкрэтных жывых людзей. Але гэта, трэба сказаць, мусіла б быць праблемай саміх грамадзянаў і іх дзяржавы, а не праблемай Міжнароднага алімпійскага камітэта. З іншага боку, раз алімпійскі дэвіз «хутчэй, вышэй, мацней» належыць аднаму французскаму святару,то, як і здараецца з царкоўнымі максімамі, кожны іх можа разумець як захоча і, вядома, на сваю карысць.

Такім чынам, камітэт вырашыў, што выстаўляць прэтэнзіі цэлай краіне стратна, бо гэта мінус грошы, мінус камфорт, мінус грошы, мінус дамоўленасці, і мінус грошы, і мінус грошы. І аб'явіў, што, змагаючыся з асобнымі перагінамі на месцах, у цэлым расійскую каманду ён прапусціць. Ну і няхай. Ніхто, я думаю, нічога іншага ад іх не чакаў. Хто сачыў за Кірсанам Ілюмжынавым на пасадзе імператара галактыкі шахматыстаў, прыблізна уяўляе сабе, як там усё адбываецца сярод адданых спорту людзей.

Але вось прыходзіць звестка пра адхіленне расійскай паралімпійскай зборнай у поўным складзе. Таму што і там Расія хацела быць першай любым коштам, таму што і там не так пасікалі ў бутэлечкі, а, значыць, зараз МАК праявіць сапраўдную жорсткасць. Ну так.

Але вось якая штука. Я ж лічыў, што хаця б на словах, хаця б пастулатыўна, уся гэтая пафасная лабуда з колцамі як бы кажа нам: вось, паглядзіце, які чалавек прыгожы. Які ён моцны. Усё падуладна яму, бо ён так хоча.

Паралімпійскія гульні паказваюць нам, што нават у самым цяжкім становішчы чалавек — вялікі. Што ён можа і ў стане быць актыўным, ставіць перад сабой самыя смелыя мэты і дасягаць іх. Камусці яны даюць сілы. Надзею.

І няхай увага да Паралімпійскіх гульняў шматразова меншая і мала хто ведае параалімпійскіх чэмпіёнаў, акрамя, можа, Пісторыўса, які у маёй, напрыклад, памяці не столькі бягун, колькі забойца нявесты, але…

Здавалася, нішто не прымусіць нават такую нікчэмную, паразітычную і хаацічаскі сложаную структуру як МАК, сказаць што усё не так. Але скандал быў занадта моцны. Але грошы былі занадта вялікія. І трэба было дамаўляцца з віноўнікам урачыстасці, каб выйсці з сітуацыі з прымальным для абодвух удзельнікаў варыянтам. Расія едзе на Алімпіяду, а МАК паказвае сваю бесстароннасць і прынцыповасць.

А крайнімі аказаліся — як заўжды.Тыя, хто фінансава і скрэпна непрыбытковы. Інваліды, якія, напэўна, мелі куды болей мажлівасцяў супрацьстаяць загадам сваіх начальнічкаў. Інваліды, перад якімі, трэба думаць, былі адкрытыя ўсе шляхі: адмаўляйся ад пілюлі і куці на мільярдную дапамогу па інваліднасці. Але яны, гады, не адмаўляліся і упарта грызлі прэпараты, сікаючы і сікаючы ў слоікі сваімі ганебнымі для Расійскай Федэрацыі сікамі.

Вынесці гэта не мог ні мозг Кубертэна ў Парыжы, ні сэрца ягонае ў развалінах. Ну і Томас Бах, цяперашні галоўны алімпіец, не вынес. Якая змена падрасла, а якая яшчэ будзе! Усё хутчэй, усё вышэй, усё мацней!

Стась Карпаў, калаж аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031