Знайсці
09.08.2016 / 10:288РусŁacБел

#ЯнеБаюсяСказаць з 1831 года: справа аб згвалтаванні шляхцянкі Агаты Ждановічаўны

Піша гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

Толькі нядаўна схлынула хваля, узнятая акцыяй #ЯнеБаюсяСказаць, што некалькі тыдняў трымала ўвагу грамадства страшнымі гісторыямі пра перажыты жанчынамі сэксуальны гвалт. Многія ахвяры распавядалі пра выпадкі, якія адбыліся з імі 10, 20, 30 гадоў таму…

Мне на вочы трапілася гісторыя, якая адбылася ў беларускай вёсцы 185 гадоў таму. Як тады праходзіла расследаванне падобных злачынстваў, як паводзілі сябе гвалтаўнікі, ахвяры і іх родныя і на якія тэрміны асуджалі абвінавачаных?

Ілюстрацыйнае фота denizion.livejournal.com.

Асабліва цяжкае з абцяжарваючымі

15 ліпеня 1831 у Барысаўскі ніжні земскі суд з’явіўся шляхціц Сільвестр Ждановіч і падаў заяву, у якой скардзіўся: жыхары засценка Галубы, што князю Міхайлу Радзівілу належыць, шляхціцы Марка Ржавускі і Павел Бабіцкі, змовіўшыся з селянінам таго ж Радзівіла Рыгорам, 10 ліпеня таго ж года дзяўчат, што былі на начлезе пры конях, усіх разагналі, і, напаўшы на спячую там жа малалетнюю дачку Ждановіча Агату, якая мае не больш за 12 гадоў, памянёныя Марка Ржавускі і Павел Бабіцкі яе трымалі, а селянін Рыгор згвалціў, акрывавіў, падзёр на ёй адзежу і жорсткія прычыніў пабоі.

Дачка хоць і крычала крыкам, а дзяўчаты, што разбегліся, той крык чулі, але, баючыся згаданых шляхты і селяніна, не асмеліліся бараніць».

У суд на агляд бацька дачку не вёз, бо яна была пасля таго «моцна хворая, нават з небяспекай для жыцця». Яе, выехаўшы на месца, агледзеў павятовы лекар.

Такім чынам, ахвярай гвалту стала 12-гадовая дзяўчынка. Па заяве бацькі, яна так моцна пацярпела, што і праз пяць дзён яе жыццё знаходзілася ў небяспецы. Артыкул па сучасным беларускім Крымінальным кодэксе і без таго асабліва цяжкі — ад 8 да 15 гадоў. Сітуацыя абцяжарвалася б яшчэ і тым, што нападнік быў не адзін, ды яшчэ і п’яны. Былі ў нападу і мноства сведак, хай і такіх жа, як сама пацярпелая, фактычна дзяцей. Так што,

па цяперашніх мерках, наўрад ці падобная справа прымусіла б следчых моцна напружвацца, і прысуд быў бы прадказальным. Што казаць пра тыя часы, калі вінаватага папросту маглі публічна да смерці засекчы бізуном на гарадской плошчы?

Тым больш час быў суровы: паўстанне 1830—31 гадоў яшчэ не было задушана, тэрыторыя Беларусі знаходзілася на ваенным становішчы і са злачынцам павінны былі паступіць па ўсёй строгасці ваеннага часу…

Ад сораму маўчала тры дні

Натуральна, следчыя найперш дапыталі пацярпелую — Агату Ждановічаўну (у Беларусі тых часоў яшчэ захоўваліся традыцыі часоў Вялікага Княства Літоўскага, і незамужніх дзяўчат называлі, дадаючы да прозвішча бацькі канчатак -аўна — Ждановічаўна, у адрозненне ад прозвішча замужняй дамы, калі да прозвішча мужа дадавалі канчатак -ава — Ждановічава).

Яе паказанні былі дапоўнены важнымі для следства дэталямі — імёнамі сведкаў:

«Калі была яна на начлезе пры конях з іншымі дзяўчатамі, Марынай Валасовічаўнаю і Мар’яй Фядзькевічаўнай, работнік Емяльяна Шыдлоўскага Рыгор, прыйшоўшы да іх, калі яны спалі, і знайшоўшы яе, Агату, з Мар’яй Фядзьковічаўнаю і, з другога боку, Маркам Ржавускім, сказаў Ржавускаму, каб пусціў яго легчы пры ёй, Агаце. А калі яна не хацела, тады ён, Рыгор, мальцам Паўлу Бабіцкаму і Марку Ржавускаму, якія прачнуліся, загадаў яе, Агату, ўзяць і, паваліўшы на зямлю, згвалціў.

Хоць крычала яна і прасіла згаданых дзяўчат, каб яе баранілі, але тыя, баючыся Рыгора, ніякай дапамогі не маглі даць».

Такім чынам, і сама пацярпелая, і яе бацька распавялі адну і тую гісторыю: дзеці спалі ў начным пры конях, туды з’явіўся гвалтаўнік.

Як будзе выяўлена следствам, ім аказаўся 20-гадовы селянін князя Радзівіла Рыгор Жылковіч. Што ж далей робіць пацярпелая і яе бацькі? «На заўтрашні дзень Агата, прыбыўшы ў дом гаспадара свайго, Макарэвіча, у якога служыць, нікому тады пра тое нічога не казала ад сораму. А потым, праз тры дні, пайшоўшы да маці сваёй, Ждановічавай, расказала пра такое здарэнне. Тады маці яе, прыбыўшы ў Галубоўшчызну, пачала Рыгора лаяць, а той, не прымаючы ад яе вымоў, хацеў яе біць. І з тае нагоды маці яе, пайшоўшы ў Барысаў з бацькам яе, Сільвестрам, падалі ў Барысаўскі земскі суд прашэнне».

Такім чынам, паводзіны Агаты характэрныя для шматлікіх ахвяр — ад сораму яна нікому нічога не расказвае і толькі на трэці дзень адкрываецца маці, якая ідзе да гвалтаўніка на «разборкі».

«Загадаў трымаць, даўшы добрага кулака»

Падобна, што пра здарэнне маўчалі таксама ўсе ўдзельнікі і сведкі. Распавядаць пра злачынства яны сталі, толькі калі іх дапытвалі следчыя.

Марына Валасовічаўна, 12-ці гадоў, і Мар’я Фядзькевічаўна, 13-ці гадоў, цалкам пацвердзілі словы пацярпелай.

Тое ж паказаў і трэці сведка, Герасім Шыдлоўскі, 12-ці гадоў: «Рыгор Жылковіч, схапіўшы гвалтам Агату Ждановічаўну і паваліўшы на зямлю, загадаў Марку яе трымаць, даўшы яму ў шыю добрага кулака, і Паўлу Бабіцкаму, а сам узлез на яе, але што рабіў, як малалетні, яшчэ не ведае».

Паказальна, што Герасім згадвае і пра тое, што ён не ведае, што менавіта рабіў Жылковіч (г.зн., па сутнасці, не з’яўляецца сведкам менавіта здзяйснення сэксуальнага акту), і пра «добрага кулака», які атрымаў ад гвалтаўніка Марка Ржавускі.

Апошні, таксама 12-гадовы, пацвердзіў усе гэтыя паказанні. Старэйшым сярод дзяцей быў Павел Бабіцкі, 16-ці гадоў, які распавёў, што «па загадзе Рыгора Жылковіча трымаў ён дзеўку Агату за руку, потым па просьбе яе пусціў, што ж рабіў Рыгор, паколькі гэта было ноччу, не ведае». Такім чынам, паказанні пацярпелай, сведак і ўдзельнікаў нападу практычна цалкам супадаюць.

Што ж кажа сам гвалтаўнік?

«Рыгор Жылковіч тлумачыў, што ён, хоць быў на начлезе пры конях разам з іншымі людзьмі і з Агатай Ждановічаўнай ляжаў, але яе не гвалціў і Бабіцкаму з Ржавускім за рукі трымаць не загадваў». Г.зн.,

нягледзячы на такую колькасць сведчанняў, абвінавачаны сыходзіць, як гэта цяпер называецца, «у глухую несазнанку».

Тады следчыя дапытваюць пад прысягай (а тады лічылася, што прысяга, дадзеная перад Богам, змушае сведак казаць толькі праўду) 12 дасведчаных яго суседзяў. Пяцёра станоўча адгукаюцца пра Жылковіча, а вось сямёра сцвярджаюць, што яго бачылі п’яным «з азардам і бойкай». Акрамя паказанняў такой колькасці сведак супраць Жылковіча быў яшчэ вельмі важны, аб’ектыўны доказ: даведка ад лекара, які засведчыў, што «дзетароднае месца» Агаты Ждановічаўны сапраўды было пашкоджанае і апухлае. 

Пакараўшы бізуном, аддаць у салдаты

Папярэдняе следства было скончана, і справа паступіла ў Барысаўскі павятовы суд.

Тут падазраваны не толькі працягваў запіральніцтва, але і перайшоў у наступ, заявіўшы, што Агата «ўжо перш блудадзейнічала». Праўда, калі ад яго запатрабавалі доказаў, адрокся ад сваіх словаў. Бо супраць паказанняў столькіх сведкаў Жылковічу было бессэнсоўна далей адмаўляцца. Ён прызнаўся, што так, папрасіў Ржавускага і Бабіцкага трымаць Агату за рукі, але проста ляжаў на ёй, не гвалтуючы.

Бабіцкі абараняў і сябе, і абвінавачанага: «па свавольстве і глупстве, а больш пад прымусам Жылковіча малалетнюю дзяўчыну Агату Ждановічаўну трымаў, на якой быў Жылковіч, і калі яна вырывалася, то дапамагаў трымаць Марка Ржавускі. Але, каб тую Жылковіч згвалціў, не думае. Пасля ж яна плакала і на ўсіх іх наракала».

Заўважым, што сведка (а па сутнасці, адзін з абвінавачаных) кажа толькі пра свавольствы і сумняваецца ў факце згвалтавання. Аднак суд меў на дзеянні ўсіх трох «гарэзаў» сваё меркаванне, якое адлюстраваў у прысудзе:

«Прызнаючы вінаватымі як селяніна Рыгора Жылковіча ў згвалтаванні Ждановічаўны, так роўна Паўла Бабіцкага і Марка Ржавускага ў дапамаганні ў тым, з іх Жылковіча па пакаранні бізуном, а Бабіцкага па пазбаўленні дваранства, аддаць у салдаты, за няздольнасцю ж да вайсковай службы саслаць у Сібір на пасяленне, а Марка Ржавускага, як малалетняга, аддаць на вырашэнне вярхоўнаму начальству».

Суд лічыў вартым даць Агаце і матэрыяльную кампенсацыю, але «як падсудныя ніякай маёмасці не маюць, то і здавольвацца ёй, Ждановічаўне, прысуджаным пакараннем».

Такім чынам, па заслугах атрымалі ўсе трое. Прычым

Бабіцкі, які «толькі трымаў», быў пакараны не менш жорстка, чым гвалтаўнік — пазбаўленнем дваранства і аддачай у салдаты, а Ржавускага выратавала толькі непаўналецце.

Вінаватыя пакараныя, справядлівасць перамагла, але …

«І яна да таго ахвоту мела»

Гэта справа мела нечаканы паварот. Паводле тагачасных законаў прысуды павятовых судоў паступалі на рэвізію і зацвярджэнне ў вышэйшую інстанцыю — нават без апеляцыі асуджаных.

І вось справа аб згвалтаванні Агаты Ждановіч трапляе ў Мінскую палату крымінальнага суда, дзе зноў даследуецца. Перад абвяшчэннем канчатковага прысуду суддзі робяць спасылку на існуючыя законы і пакаранне, якое яны прадугледжваюць. Для сучаснага чалавека пакаранне выглядае даволі экзатычна: «воінскімі артыкуламі: арт. 167, калі хто жаночага полу, старую або маладую, замужнюю або халастую, у варожай або саюзніцкай зямлі згвалтуе і асведчыцца, гэтаму галаву адсекчы або вечна на галеры паслаць па сіле справы. І арт. 168, хто сумленную жонку, удаву або дзяўчыну таемна звядзе і згвалціць… таго пакараць смерцю, адсекчы галаву».

Здавалася б, для гвалтаўніка выбар невялікі: або навечна на галеры, або застацца без галавы. Але пры ўсёй простасці гэтых артыкулаў, каментары (ці, як тады называлася, тлумачэнні) да іх займалі значна больш месца — бо галоўнае для суда было вызначыць, ці не ўзвяла жанчына паклёп на мужчыну: «гвалт можна завседчыць: калі згвалтаваная сведак мае, што яна з вялікім крыкам іншых на помач клікала, а калі гэта справа ў лесе ці ў іншым якім самотным месцы была, то гэтай жанчыне, хоць бы яна і ў добрай славе была, немагчыма цалкам верыць. Аднак жа суддзя можа абставіны разгледзець і, калі знойдзе яе сумленнай, то можа яго катаваць або да прысягі прывесці».

Па якіх жа прыкметах можна высветліць, што гэта было менавіта згвалтаванне? «1. Калі ў жанчыны ці ў гвалтаўніка ці ў іх абодвух знойдзецца, што адзежа ад абароны падраная. 2. Калі ў аднаго або ў другой або сінякі, або крывавыя знакі знойдуцца. 3. Калі згвалтаваная па хуткай справе да суддзі прыйдзе, і пра гвалт скаргу прынясе. Пры якім выпадку яе прытворства і ўчынкі значна прыкмячаць патрэбна. А калі нейкі час пра тое змаўчыць, і ў той самы час скаргі не прынясе, але прамаўчыць адзін дзень або больш, дык вельмі па тым відаць будзе, што і яна да таго ахвоту мела».

Звернем увагу, што адным з асноўных прыкмет згвалтавання было: крычала жанчына ці не (успомнім, што і бацька, і сама Агата згадвалі пра тое, што яна крычала). А таксама як хутка пацярпелая паведаміла аб згвалтаванні. Успомнім, што Ждановіч толькі на трэці дзень адкрылася маці.

Акрамя таго, быў працытаваны спецыяльны артыкул Статута Вялікага Княства Літоўскага, бо да 1840 менавіта па ім судзілі на тэрыторыі Беларусі: «Літоўскага статута часткамі 11-й, артыкулам 12-м, параграфам трэцім: калі б здарыўся той гвалт на месцы такім, дзе людзі маглі б чуць крык, але дзяўчына ці жанчына не крычала б, патрабуючы дапамогі, а пасля б абвясціла тое людзям, у такім выпадку — тая аб’ява не можа лічыцца доказам гвалту, і той абвінавачаны павінен быць вольны ад пакарання. І 14-й часткай, артыкулам 3-м, параграфам 4-м: пры разглядзе праўдападабенства павінен суд рупліва ўдумвацца, і ў сумнеўным выпадку больш схіляцца да вызвалення, чым да пакарання».

У апошнім сказе здзіўляе ўжо закладзеная ў Статуце ВКЛ 1588 года прэзумпцыя невінаватасці, што было, сапраўды, перадавым дасягненнем таго часу. І ў нашым выпадку, падобна, менавіта яно адыграла вырашальнае значэнне.

Не падвяргаючы строгасці законаў

Здавалася б, суддзям заставалася чыстая фармальнасць: зацвердзіць прысуд Барысаўскага павятовага суда. Аднак, падобна, у іх узніклі нейкія сумневы, якія па вышэйпададзеным артыкуле Статута трэба было трактаваць на карысць абвінавачанага, а не ахвяры: «Загадалі: хоць шляхцянка Агата Ждановічаўна … даказвае, што … селянін Рыгор Жылковіч пры дапамозе шляхты Марка Ржавускага і Паўла Бабіцкага згвалціў яе. Але, як што Жылковіч на допыце і вочных стаўках па згаданым злачынстве не зрабіў прызнання, толькі сказаў, што з ёю ляжаў і загадаў яе трымаць. Ды і шляхціцы Ржавускі і Бабіцкі, якія дапамагалі яму, не сцвярджаюць, каб ён учыніў гвалт Ждановічаўне. Якая таксама пра тое нікому тады не скардзілася па вяртанні ў дом, але ўжо на трэці дзень абвясціла маці сваёй …. Таму па такіх сумнеўных абставінах, …не падвяргаючы Жылковіча строгасці законаў, выдадзеных на падобны прадмет,

пакараць толькі за самае свавольства нагайкамі праз паліцэйскіх ніжніх служыцеляў 30-ю ўдарамі і пакінуць на ранейшым жыхарстве, а шляхціца Бабіцкага за азначаны ўчынак вытрымаць у астрозе два тыдні, пра Марка ж Ржавускага, бо малалетні, адаслаць справу належным парадкам у Кіраўнічы Сенат»…

Тут трэба адчуць розніцу: спачатку Жылковіча асудзілі на пакаранне бізуном — фактычна, аналаг смяротнага пакарання. Некалькімі ўдарамі бізуна — калі ў ката было такое жаданне — чалавека можна было забіць або зрабіць інвалідам. Пакаранне нагайкай было адчувальным, але небяспекі для жыцця і, па вялікім рахунку, здароўя не мела.

Прысуд быў зусім нечаканы. Падобна, што ён не быў прыняты аднагалосным (камплект суда складалі пяць чалавек) і судовае пасяджэнне выйшла гарачым. Бо

адразу два члены суда выказалі свае асаблівыя меркаванні. Дарадца Вішнякоў лічыў, што справа цалкам даказаная і прапанаваў: «Жылковіча… пакараць бізуном, 10-ю ўдарамі, і, паставіўшы прыказныя знакі (спецыяльныя знакі ставіліся гарачым жалезам проста на твар), саслаць на катаржныя работы, а Паўла Бабіцкага… пазбавіўшы дваранскай годнасці, аддаць у салдаты або саслаць у Сібір на пасяленне …»

Падобнае меркаванне выказаў яшчэ адзін член суда, тытулярны саветнік Пятро Яцэвіч.

На жаль, невядома, як склаўся далейшы лёс герояў гэтай гісторыі — гэта не раман, і я не магу сцвярджаць, што ўрэшце справядлівасць перамагла. Відавочна, што

калі ўсё для Жылковіча абмежавалася толькі 30-ю ўдарамі нагайкай, то пасля пакарання ён яшчэ не раз сустракаўся з Агатай Ждановіч, вымушанай жыць побач з гвалтаўніком.

Вядома, у бацькоў пацярпелай яшчэ заставаліся магчымасці падаваць апеляцыі, абскардзіць гэтае рашэнне ў вышэйшых інстанцыях, але для ўсяго гэтага патрэбны былі жаданне і грошы. Магчыма, што пры паступленні справы на рэвізію да губернатара ці ў Сенат асобныя думкi адыгралі сваю ролю, і гвалтаўнік быў пакараны па заслугах.

Немалаважна, як склаўся лёс самой Агаты Ждановіч, якая перажыла не толькі гвалт у такім раннім веку, але і сутыкнулася з немагчымасцю давесці сваю праўду ў судзе. Цікава, ці ўзяў яе хтосьці пасля гэтага замуж, бо, па сутнасці, падобны прысуд прыроўніваў яе да «кепскіх жанчын».

Ды і ў кансерватыўнай сельскай грамадзе тых часоў яна цалкам магла ў далейшым успрымацца як «сапсаваная», і стаўленне да падобных трагедый магло нічым не адрознівацца ад меркавання, якое сустракаецца і ў нашы часы: «Сама вінаватая».

У любым выпадку, мы бачым, што падобныя справы далёка не заўсёды нават пры ўсёй відавочнасці вырашаліся на карысць пацярпелай.

Беларусцы Агаце Ждановіч, як і тысячам жанчын усіх часоў, было б чым падзяліцца падчас акцыі #ЯнеБаюсяСказаць.

Але ці захацела б яна пра гэта распавядаць, і, галоўнае, ці змаглі б мы пачуць яе боль, раз нават закон абараніў не яе гонар, а гвалтаўніка і апраўдаў яго, а мы, разглядаючы гэтую справу з пункту гледжання законнасці, абавязаны быць на баку суда?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031