Знайсці
10.07.2016 / 12:365РусŁacБел

Гісторыя Варфаламея Ваната — адзінага ў свеце перакладчыка беларускіх вершаў на сілезскую мову

Стан беларускай мовы ў кожнага неабыякавага беларуса выклікае заклапочанасць. Але звычайна дыскусіі на гэтую тэму не выходзяць за межы беларускай інфармацыйнай прасторы. Беларусы замест таго, каб займацца прапагандай беларускай мовы і культуры на замежжа, вымушаны кідаць усе свае сілы на яе папулярызацыю ў самой Беларусі. У гэтых абставінах неацэннай з’яўляецца праца прафесіяналаў і заўзятараў, якія займаюцца перакладам беларускай паэзіі на іншыя мовы. І калі перакладамі беларускіх класікаў на англійскую ці нямецкую мову сёння цяжка каго-небудзь здзівіць, то перакладаў беларускай паэзіі на рэдкія і экзатычныя мовы амаль няма.

У Семянавіцах (гістарычны рэгіён Сілезія на поўдні Польшчы) жыве адзіны ў свеце перакладчык беларускіх вершаў на сілезскую мову. Агулам у свеце пражывае каля 500 тысяч чалавек, якія валодаюць сілезскай мовай у рознай ступені (пераважна ў Польшчы і Чэхіі), таму мова даволі рэдкая. Навошта займацца перакладамі беларускай паэзіі на сілезскую мову, якія агульныя праблемы маюць беларусы і сілезцы і як беларускі досвед можа быць карысным для сілезцаў? Усе гэтыя пытанні «Наша Ніва» абмеркавала з перакладчыкам-энтузіястам Варфаламеем Ванатам.

«Наша Ніва»: Варфаламей, як вам прыйшла ідэя займацца перакладамі беларускіх вершаў на сілезскую мову?

ВВ: Упершыню я сустрэўся з беларусамі на міжнародным моладзевым праекце. У межах гэтага праекта я рабіў сайт «Чытайма па-сілезску». Разам з Міраславам Шмаем мы перакладалі вершы з розных моваў (пераважна з расейскай і ўкраінскай) і публікавалі пераклады на гэтым сайце. Ну і ўжо пасля я вырашыў вывучыць беларускую мову і заняцца перакладамі з беларускай.

«НН»: І як Вы вывучалі беларускую мову?

ВВ: Гэта было не так і складана. У той момант я ўжо ведаў польскую, украінскую і расейскую мовы, таму я амаль усё разумеў. А моўную практыку я атрымаў у зносінах з маімі сябрамі з Беларусі.

На жаль, у Польшчы амаль немагчыма знайсці падручнікі і дапаможнікі па беларускай мове (з расейскай і ўкраінскай мовай такіх праблем не было). Я здолеў знайсці толькі польска-беларускі слоўнік, але нават ён прадаваўся толькі праз інтэрнэт. Ёсць спецыяльныя падручнікі, па якіх вывучаюць мову ў беларускіх школах Падляшша, але ў мяне няма да іх доступу.

Яшчэ праз інтэрнэт чытаў, слухаў і глядзеў беларускія СМІ: «Радыё Свабода», «Белсат», «Наша Ніва» і гэтак далей.

«НН»: То бок Вы карысталіся кантэнтам недзяржаўных медыя?

ВВ: Ведаеце, для мяне гэта было непрынцыпова: я іх не падзяляў на «афіцыйныя» і «апазіцыйныя». Калі б беларускае дзяржаўнае радыё і тэлебачанне прапаноўвалі больш праграм на беларускай мове, я б без праблем карыстаўся гэтымі медыя. Але яны спрэс расейскамоўныя. Таму ў мяне не было тут нейкага выбару. Я карыстаўся тым, што было ў наяўнасці.

«НН»: Якія ўражанні ў вас былі пасля паездкі ў Беларусь?

ВВ: Я быў у Беларусі два гады таму. Крыху пабыў у Мінску, а потым каля вёскі Ракаў пад Мінскам. Здзівіла вялікая колькасць камуністычнай сімволікі. Што тычыцца моўнай сітуацыі, то на той момант усё было даволі сумна. Акрамя некаторых шыльдаў на ўстановах і транспарту, горад Мінск цалкам расейскамоўны.

Яшчэ быў выпадак, калі я быў у нейкай мінскай кнігарні (дакладна не памятаю якой). Я спытаўся ў прадавачкі, ці ёсць у іх якія-небудзь кнігі па-беларуску. Яна разгубілася, адказала: «Я не знаю, надо поискать».

Я не так даўно быў у Калінінградзе і, шчыра кажучы, ніякай розніцы з Мінскам не пабачыў.

«НН»: Навошта Вы перакладаеце вершы менавіта на сілезскую мову? Вы цудоўна валодаеце польскай і без праблем маглі б перакладаць на польскую…

ВВ: Вам можна задаць сустрэчнае пытанне: навошта Вы пішаце па-беларуску, калі ўсе беларусы разумеюць расейскую мову?

Сілезская мова – мая родная. Безумоўна, я добра валодаю польскай і здольны перакладаць на яе. Але ў палякаў ёсць шмат добрых перакладчыкаў, няхай яны і займаюцца гэтымі перакладамі.

А ў сілезскай мовы носьбітаў мала, мала і перакладчыкаў. Фактычна я адзіны ў свеце перакладчык беларускіх вершаў на сілезскую мову. Ніхто іншы акрамя мяне гэтага не зробіць.

Да таго ж моўныя сітуацыі ў Беларусі і Сілезіі шмат у чым падобныя. Таму беларусы і сілезцы мусяць разумець адзін аднаго. Большасць беларусаў, як і большасць сілезцаў, саромеюцца сваёй роднай мовы, адчуваюць комплекс непаўнавартасці.

Асяроддзе па змоўчванні рыхтуе з маленства, каб сілезец гаварыў па-польску.Тое самае і ў Беларусі. Школа, асяроддзе, СМІ – расейскамоўныя. Таму размаўляць па-беларуску (як і па-сілезску) – гэта ў першую чаргу асабістае рашэнне, праява адвагі і характару, а не опцыя па змоўчванні. Гэта нас і яднае.

Сілезская і беларуская мова – прыгнечаныя. Таму, калі я перакладаю з адной «прыгнечанай» мовы на іншую, я адначасова дапамагаю гэтым дзвюм мовам і культурам. Можа, дзякуючы маім перакладам хтосьці ў Сілезіі сур’ёзна зацікавіцца культурай Беларусі, а ў Беларусі — культурай Сілезіі.

Чытанне літаратуры, асабліва паэзіі, гэта як вялікае падарожжа. Сілезскія пераклады — гэта тое, што я бяру з сабой на памяць з вандровак па беларускай душы.

Алесь Ставер пісаў, што, «каб любіць Беларусь, нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». І я думаю, што гэта таксама стасуецца да моў — чым больш чытаю па-беларуску (і на іншых мовах), чым лепшыя вершы знаходжу, тым прыемней пасля вяртацца да сваёй маленькай мовы. І гэты працэс вяртання з экспедыцыі па замежных кнігах да сваёй, сілезскай, называю якраз перакладам.

«НН»: Ці карэктнае ваша параўнанне сітуацыі ў Беларусі і Сілезіі? Так, Беларусь доўгі час знаходзілася пад уплывам русіфікацыі, стан беларускай мовы выклікае турботу. Але беларуская мова мае статус дзяржаўнай, беларускую мову вывучаюць у школах і ўніверсітэтах, яна мае сваю граматыку, тэрміналагічныя слоўнікі і гэтак далей. Усяго гэтага ў сілезскай мовы і блізка няма.

ВВ: Вы маеце рацыю. Справа ў тым, што сілезская мова толькі зараз праходзіць этап кадыфікацыі і стварэння адзінай граматыкі і правапісу. Беларуская мова прайшла гэта ў 1920-я. Таму беларускі досвед можа быць вельмі карысным для нас. Пакуль што ў нас няма нават агульна прынятага алфавіта.

Мясцовыя ўлады не перашкаджаюць нам, але і падтрымаць нас баяцца. Таму яны проста заплюшчваюць вочы, быццам нас няма. Хаця мы не ворагі Польшчы. Мы не ставім перад сабой мэту аддзяліцца. Мы не бачым сябе па-за межамі Польшчы. Наадварот, мы лічым, што пры культурнай і моўнай разнастайнасці Польшча будзе толькі мацнейшая. Да таго ж у аб’яднанай Еўропе дзяржаўныя межы маюць даволі сімвалічнае значэнне.

«НН»: Ці плануеце перакладаць сілезскія вершы на беларускую мову?

ВВ: У мяне ёсць пакуль толькі адзін пераклад на беларускую мову. Але гэта пераклад польскага верша паэта і перакладчыка Станіслава Бараньчака.

У перспектыве я не выключаю, што буду перакладаць сілезскія вершы на беларускую мову. Але гэта куды больш складана для мяне, чым пераклад з беларускай на сілезскую. Я добра валодаю беларускай мовай, але для складання добрых вершаў-перакладаў гэтага недастаткова. Патрэбна авалодаць разнастайнымі моўнымі сродкамі, перадаваць найтанчэйшыя адценні значэнняў. Я імкнуся да гэтага, але гэта не так проста.

Ніл Гілевіч. I ўсё-такі дойдзем!..

Nił Hilevič. Důńdymy!..

Durch płyńy historyje sztrům,
Za wjykym wjyk idymy – i
Tak daleko jeszczy nům
Do Bjyłaruśi!

Ńy do strzimańo krziż nasz je,
Tůż ryczymy co śył, nale
Ńy doryczeli sztyjc my śe
Do Bjyłaruśi.

A můno ftoś ọszydźył nos,
I to jyn iluzyjo? Bo
Czymu nasz ńy dolećoł głos
Do Bjyłaruśi?

Widać, jak prziszli my na śwjat,
Ftoś przeklůn nos, a beztůż dźiś
Tak ćynżko je nům znolyźć szlak
Do Bjyłaruśi.

 Ńych wjeje wjater, wali grům,
Proch w ọczy właźi, nale my
Důńdymy tam, kaj ọjcůw dům –
Do Bjyłaruśi!..

Станіслаў Бараньчак

Калі парцалян, то толькі такі,
якога не шкада пад ботам насільшчыка ці гусеніцай танка.
Калі крэсла, то не занадта зручнае, так каб
не было прыкра ўстаць і пайсьці.
Калі адзеньне, то столькі, колькі можна панесьці ў валізцы.
Калі кнігі, то столькі, колькі можна панесьці ў памяці.
Калі пляны, то толькі такія, якія можна забыць,
калі прыйдзе час наступнага пераезду
на іншую вуліцу, кантынэнт, гістарычны этап
ці сьвет.

Хто табе сказаў, што можна прызвычайвацца?
Хто табе сказаў, што што-небудзь дадзена назаўжды?
Ці ніхто табе не сказаў, што не будзеш ніколі
ў гэтым свеце
адчуваць сябе як дома?

Гутарыў Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031