Знайсці
26.11.2015 / 19:4515РусŁacБел

«Патрабуюцца кур'еры. Аплата $3000—5000». Як вярбуюць у наркакур'еры праз УКантакце і Telegram

Як распаўсюднікі спайсаў шукаюць сабе «ногі».

Апошнім часам у суполках па пошуку працы ў сацсетках нярэдка можна сустрэць аб’явы аб пошуку кур’ераў. Часцей за ўсё патэнцыйнаму кандыдату абяцаюць высокую аплату, але пра характар працы фактычна нічога не расказваюць. «Наша Ніва» вырашыла ўважлівей пацікавіцца адной з такіх прапаноў.

«Работа для ўсіх!»

Аб’ява знайшлася на адным з рэгіянальных паблікаў, прысвечаных пошуку працы.

«Праца для ўсіх! НЕ ІНТЭРНЭТ. Высокая аплата: ад 300$ за тыдзень! Выплаты па факце здачы акту работ. Пажаданні да кандыдатаў:

— да 25 гадоў,

— вы павінны быць фізічна развіты,

— наяўнасць рабочых спецыяльнасцяў вітаецца!

— 16+,

— праца цяжкая, але штодня і добра аплачваецца».

Напісана яна была з відавочна фэйкавага акаўнта — на старонцы толькі адзін фатаздымак, у сябрах — два чалавекі. Затое акаўнт падпісаны на цэлы шэраг паблікаў накшталт «Шукаю працу».

Пішу, што хацелася б падрабязней даведацца аб вакансіі. Неўзабаве прыходзіць адказ — абяцаюць сапраўдныя залатыя горы.

Але падрабязней суразмоўца размаўляць не хоча — для далейшых адносін прапануе спампаваць мэсэнджар Telegram, які лічыцца адным з самых бяспечных у свеце. Затым просіць паведаміць яму нумар тэлефона, да якога прывязаны акаунт у мэсэнджэры. Усе пытанні ігнаруе — проста дублюё сваё ж паведамленне пра Telegram.

«Робіш клады — атрымліваеш грошы»

Ну што ж, сказана — зроблена. Адпраўляем «працадаўцу» нумар. У адказ ён дасылае нік «куратара па Мінску», да якога трэба звярнуцца, калі цікавіць праца.

Звяртаемся. Адказваюць хутка.

Суразмоўца задае пару пытанняў, пра ўзрост, пра тое, з кім жыву. Затым нечакана пытаецца, ці ўжываю наркотыкі. Стараюся ўхіліцца ад прамога адказу.

Але ж увогуле складваецца ўражанне, што канкрэтныя звесткі не надта цікавяць «працадаўцу» — галоўная задача ацаніць, што за чалавек перапісваецца з ім. Ён ніводнага разу не пытаецца пра імя, прозвішча ці хаця б раён пражывання. Пасля чарговага пытання ён выкатвае вялізны допіс, у якім больш-менш падрабязна распісвае аплату працы. Упэўнівае: «Калі рабіць усё правільна, можна ні пра што не перажываць».

На пытанне, што ў пакетах, адказвае так: «Цукеркі. Пры падобным аб'ёме працы, сумы ў 3000—5000$ у месяц сумленным шляхам не зарабляюцца». Сцвярджае, што і сам два гады працаваў кур’ерам і «ніхто нічога не бачыў, ніхто нічога не ведае».

Пытаюся пра праблемы з міліцыяй. «Працадаўца» супакойвае, маўляў, у крайнім выпадку заўсёды можна адкупіцца. (Насамрэч адкупіцца немагчыма).

Затым скідвае мне «метадычку» — вялікі допіс, у якім падрабязна распісана, як рабіць закладкі, як потым дасылаць фоткі і пазначаць на іх месца, дзе схаваны пакет, як і куды тыя фоткі потым запампоўваць. Да допісу прыкладзены нават скрыншоты з пазнакамі.

«І памятай, удача тут ні пры чым. Калі ўсё рабіць роўна, то працоўныя будні будуць праходзіць бяспечна», — піша суразмоўца.

Пачаць працу мне прапанавалі адразу ж увечары. Але ўсё ж вырашылі дамовіцца на наступны дзень.

Міліцыя: «Трэба як у Кітаі!»

Назаўтра ў Telegram прыходзіць паведамленне. Закладка была схавана на самым ускрайку горада, пад каменем ля цеплатрасы. Да паведамлення прыкладзена фотка, каб не памыліцца.

Забіраць пакет пайшлі з міліцыяй. Але ў пазначаным месцы нічога не было. Гэта не дзіўна — адразу рызыкаваць таварам і грашыма ніхто не будзе, звычайна ў першы раз «працадаўцы» назіраюць, як іх кур’ер будзе сябе паводзіць. Ці могуць пакласці пакет, але ў ім будзе звычайнае бяспечнае рэчыва, цукар, напрыклад.

Тым часам міліцыянты распавялі свой асабісты пункт гледжання на праблему.

«Цяпер вельмі востра стаіць праблема наркотыкаў, вельмі. Шчыра скажу, калі 17 гадоў таму я толькі пачынаў працу ў міліцыі — такога як цяпер не было. І вырашаць гэтае пытанне павінны на дзяржаўным узроўні. У драконаўскіх мерах няма нічога страшнага, наадварот, яны павінны быць. Чалавек павінен ведаць, на што ён ідзе, калі вырашае паспрабаваць. Хай ведае, што можа атрымаць пяць гадоў, і хай атрымае тэрмін, калі яго затрымаюць. Інакш наркотыкі не перамагчы, — выказаўся адзін з супрацоўнікаў. — Трэба як у Кітаі: паставілі да сценкі і паказалі гэта па цэнтральным тэлебачанні. Каб ты яшчэ з пачатковай школы ведаў, да чаго прывядуць наркотыкі».

«Наркошы ходзяць у вялікія крамы як на работу»

Гэты пункт гледжання падтрымаў і яго напарнік. І дадаў:

«Адмянілі крымінальны артыкул за паўторны дробны крадзеж, і дарма адмянілі. Бо раней скраў ты дробязь другі раз — сеў. А сёння за гэта ці то штраф, ці то, калі грошай на штраф няма, некалькі сутак. І ўсё. І наркошы ходзяць у вялікія крамы як на работу — яны ведаюць, колькі ўзяць, каб гэта кваліфікавалі менавіта як дробны крадзеж. Спачатку праходзяцца па краме, глядзяць, што ўзяць. Потым пераапранаюцца ці мяняюцца курткамі — і ідуць красці. Бо не баяцца. Мы аднаго затрымалі, дык ён увогуле крычаў: «Я Робін Гуд! Я ў багатых краду!».

Нагадаем, што праблема ўжывання спайсаў стаіць у Беларусі вельмі востра. Нярэдка выпадкі ўжывання скончваліся трагічна — спажыўцы, як правіла, падлеткі, паміралі адразу, ці наносілі адзін аднаму цяжкія пашкоджанні. Адна з найбольш рэзанансных гісторый адбылася ў Гомелі, калі сябры пакаштавалі «курыльную сумесь», пасля чаго двое з іх выразалі трэцяму вочы.

Увагу на праблему звярнуў і Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што для злачынцаў у наркасферы неабходна ствараць максімальна жорсткія ўмовы ў месцах адбыцця тэрмінаў: «Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбыцця гэтых тэрмінаў. Калі ў нас іх вельмі шмат, я не думаю, што іх у нас вельмі шмат, каб ствараць ім асобную калонію, але калі шмат, давайце адну з калоній аддадзім для гэтага… Каб яны, седзячы у гэтай калоніі, прама скажу, смерці прасілі. Тое самае і для распаўсюджвальнікаў».

Лукашэнка падпісаў антынаркатычны дэкрэт, які ўступіў у сілу 1 студзеня гэтага года. Былі павялічаны тэрміны за распаўсюд рэчываў і выраб (напрыклад, раней за вытворчасць наркотыкаў давалі 8 гадоў, цяпер — 20), зніжаны ўзрост адказнасці з 16 да 14 гадоў. 

P.S. Па рэкамендацыі супрацоўнікаў МУС, далейшая перапіска з «працадаўцам» была спыненая. 

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031