Расійскі «сам сабе рэжысёр» фатаграфуецца на фоне забітых дэсантнікаў
На профілі «ВКантакце» жыхар Санкт-Пецярбургу Дзмітрый Грыцюк апублікаваў свае фотаздымкі з сябрамі на фоне забітых украінскіх жаўнераў.
Там жа апублікаванае відэа з месца гібелі экіпажу БМП.
Расеец фатаграфуецца на фоне забітых дэсантнікаў і каментуе: «Вось гэта хлопцы з украінскай арміі, якія спрабавалі прарвацца, якія гінуць тут ні за што». На відэа — некалькі абгарэлых трупаў вайскоўцаў і згарэлая машына дэсантнікаў. Таксама ён сцвярджае, што загінулыя — жаўнеры з украінскага батальёну «Дняпро», бо «аднаго з іх нашыя злавілі».
Напрыканцы відэа расейскі тэрарыст паварочвае тэлефон з відэакамерай у свой бок і гаворыць: «такі вось сам сабе рэжысёр».
Беларускі актывіст Андрэй Кім, які заўважыў старонку Грыцюка, распавёў, што Грыцюк — кантрактнік у расійскім войску. «Так мне сказалі ягоныя сваякі», — паведаміў Кім «Белсату».
Старонка Грыцюка цяпер выдаленая з сацыяльных сетак.
«Я адмаўляюся ў гэта верыць… Вось старонка хлопца, ваенаслужачага з Расіі. Яго аватарка — ён з сябрамі фоткаецца на фоне разарванага тулава ўкраінскага жаўнера. Фота не фэйк, там жа на старонцы ёсць відэа, дзе ён здымае труп і нешта кажа пра тое што «малады хахол быў» і г.д. Я паспеў на апошнія секунды існавання старонкі, яна зараз заблакаваная ВКонтакте», — напісаў актывіст Андрэй Кім на сваёй старонцы ў фэйсбуку.