Знайсці
12.10.2012 / 10:033РусŁacБел

Ігнор-2012: вынікі імітацыйнай палітыкі

Пачынаючы прыкладна з 2000 года ўлады нават не спрабуюць надаваць выбарчай кампаніі бачнасць канкурэнтнай барацьбы за месца ў органе, які паводле першапачатковай задумы мусіў стаць заканадаўчым.

Не выключэнне і апошняя кампанія па прызначэнні ў Палату прадстаўнікоў чыноўнікаў і іншых функцыянераў, што адпрацавалі «дзяржаве» верай і праўдай. У выніку 109 дэпутатаў (са 110) абраныя ўжо ў першым туры, і толькі карупцыйны скандал у Гомелі не дазволіў запоўніць яшчэ адно месца ў так званым парламенце.

Што будзе менавіта так (без варыянтаў і строга па спісе вертыкалі), было зразумела з самага пачатку. Імітацыйны характар палітычнага працэсу па-беларуску быў раскручаны па поўнай: улада рабіла выгляд, што праводзіць так званыя выбары, частка апазіцыі і прызначэнцы ад улады — што ў іх удзельнічаюць. Была, вядома, у апазіцыі магчымасць працаваць паводле ўласнага сцэнару, але, як звычайна, гэтаму нешта перашкодзіла. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што спробы, і досыць паспяховыя, рабіліся асобнымі палітычнымі партыямі і арганізацыямі. Тут можна ўспомніць АГП з кампаніяй «За сумленныя выбары без Лукашэнкі», у межах якой партыйныя спікеры прымусілі пра сябе казаць і рэагаваць. Цэнзура на выступы, змены падчас кампаніі правілаў гульні Цэнтральнай камісіяй па выступах давераных асобаў, масавае зняцце кандыдатаў — усё гэта ўнесла пэўную разнастайнасць у маркотную нуду парламенцкай кампаніі. Годна выйшла з зараснікаў баршчэўніка Ярмошынай і партыя БНФ, якая не дазволіла выкарыстоўваць сваіх кандыдатаў у якасці дэкарацый. Прынеслі ўладам неспакой і арганізацыі, якія першапачаткова заявілі пра байкот.

Аднак усё гэта было істотна аслаблена адсутнасцю адзінай стратэгіі дэмакратычных сіл і, на жаль, не стала часткай жыцця шараговага беларуса.

Тым не менш, «ігнор-2012» з боку грамадства адбыўся. Нельга адназначна сцвярджаць, што ўлада атрымала ад абуранага грамадства вотум недаверу. Проста, цвяроза ацэньваючы і ролю «дэпутатаў» у палітычнай сістэме Беларусі, і сутнасць саміх «выбараў», людзі не сталі марнаваць час на глупства.

Падлікі назіральнікаў паказалі, што яўка ў спальных раёнах склала ад 25 да 35%. Гэта адсоткаў на 8–9 ніжэй, чым 4 гады таму, калі назіральнікі зафіксавалі яўку на гэтых жа ўчастках ад 33 да 44%.

У разрэзе ўчасткаў (дзе няма інтэрнатаў) па адной асобна ўзятай Гомельскай-Савецкай акрузе № 34 гэта выглядае так:

Усе назіраныя ўчасткі ў акрузе (а іх было 28) паказалі больш высокую яўку — 36,63% (але гэта са студэнцкімі ўчасткамі, дзе галасаваць ішлі калонамі).

Гэтым разам звярнулі на сябе ўвагу вельмі нервовыя паводзіны ўладаў на ўсіх этапах кампаніі. Напрыклад, выдаленне назіральнікаў з участкаў у рэгіёне апошні раз было зафіксаванае ў 2000 годзе, а тут адразу некалькі выпадкаў у кожнай назіраным акрузе Гомельскай вобласці.

Такая нервовасць вытлумачальная, бо пустыя ўчасткі — паказчык стаўлення людзей да ўлады і яе палітычных махінацый. Тым больш што палітычная абыякавасць, як правіла, перарастае ў палітычную актыўнасць супраць улады-банкрута.

Васіль Палякоў, АГП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930