Знайсці
04.09.2012 / 12:10РусŁacБел

Карагод на шашы-трылiнцы — у Агдэмеры на Драгiчыншчыне адбыўся фальклорны канцэрт «Вёска, не павiнная знiкнуць»

Агдэмер стаў чацвёртым па лiку населеным пунктам на Берасцейшчыне, якi абралi аб`ектам сваёй увагi ўдзельнiкi вышэйзгаданага праекта. Нагадаем, што ён прадугледжвае вывучэнне гiсторыка-культурнай спадчыны вёскi, правядзенне тут майстар-класаў па традыцыйных рамёствах i фальклорнага канцэрта. Праз гэтыя мерапрыемствы дасягаюцца i iншыя мэты: павышэнне якасцi жыцця старэйшага пакалення, запатрабаванасць яго ведаў i ўменняў, рост аўтарытэту сярод нашчадкаў.

Iдэя пачынання нарадзiлася ў грамадскiм аб`яднаннi «Тур», якое збірае вакол сябе аматараў мастацтва рэгiёна «Белавежская пушча» i Брэстчыны. Фiнансавую падтрымку iнiцыятыве аказваюць нямецкi фонд «Памяць, адказнасць i будучае» сумесна з мiжнародным грамадскiм аб`яднаннем «Узаемаразуменне» ў рамках праграмы «Месца сустрэчы — дыялог».

Афiша на памяць

Яшчэ не ўсе каляровыя афiшы пра «Жнiвеньскi карагод у Агдэмеры» былi расклеены, а ўжо некаторыя вяскоўцы цiкавiлiся: «А цi можна пасля канцэрта ўзяць iх сабе на памяць?» А ўсё з-за старога фотаздымка ў цэнтры аб`явы. З яго глядзела вялiкая група агдэмерскай моладзi. Па-святочнаму апранутыя, з бубнам i гармонiкам, хлопцы i дзяўчаты няйначай выпраўлялiся на нейкую пагулянку. Але якую? Старажылы не адразу змаглi прыпомнiць тую падзею. Аднак пасля некаторага роздуму народнае веча абвясцiла: гэта провады ў армiю Джана Барысіўского (так па-вясковаму называлi Iвана Савульчыка). Нават год успомнiлi — 1952. Дзецi, якiм на фота па дзесяць гадоў, сёння ўжо 70-гадовыя пенсiянеры.

«А дзе шукаць таго Джана? Можа, ён яшчэ знаходзiцца ў добрым здароўi i прыйдзе на канцэрт?» — захвалявалiся арганiзатары. Але высветлiлася, што навабранца з фотаздымка лёс закiнуў далёка ад родных мясцiн — ажно на востраў Сахалiн. Думаецца, Iвану Савульчыку (зараз яму пад 80 гадоў) моцна iкалася на тым канцы зямлi — так часта ўзгадвалi яго гэтым днём.

Пазней той самы здымак, толькi павялiчаны, можна было ўбачыць на вялiкiм плакаце-банеры. Размешчаны на сцяне вясковай бiблiятэкi, ён стаў удалай дэкарацыяй для канцэртнай залы пад адкрытым небам. Апрача фатаграфii з праводзiнаў тут быў цэлы россып iншых фотаздымкаў. Людзi ўзрушана пазнавалi сябе i знаёмых, многiя з якiх ужо пакiнулi гэты свет. А колькi цiкавых жыццёвых гiсторый можна было пачуць! Прыйшлi пагля-дзець на сябе маладых Мiхаiл i Галіна Шэляговiчы. Уявiце сабе: на фотаздымку яны ў статусе свежаспечанай сям`i, а зараз у iх 11 унукаў i 11 праўнукаў!

Падэспань для цёткi Манi

У 13.00 з аднаго канца вёскi ў другi рушыла рознаўзроставая працэсiя ў нацыянальных касцюмах — «карагод», як значылася ў афiшы. Тут трэба ўдакладнiць вось што. У нашым разуменнi карагод — гэта кола людзей, якiя пабралiся за рукі. А беларусы Польшчы называюць «коровудом» чараду людзей, iх урачыстае шэсце. Запазычыўшы ў этнiчных братоў гэты звычай, праект «Вёска…» набыў прыгожы сiмвал. Песенны ход людзей у нацыянальных строях знiтоўвае ўрачыстым настроем усiх. Да кожнага двара далятае iскрынка свята.

А яшчэ «карагод» абуджае генную памяць. Бо песнi, што лунаюць над шэсцем, — не нейкая там «папса». Iх словы i мелодыi народжаны навакольнымi прасторамi, палямi, лясамi… I не ўчора, а стагоддзi назад.

У агдэмерскага «жнiўнага карагода» мелася шчымлiвае асабiстае прысвячэнне, пра якое не паведамлялi афiшы. Справа ў тым, што Агдэмер — родная вёска аднаго з аўтараў праекта Ларысы Быцко (да замужжа — Шэляговiч), загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Натуральна, што дом яе бацькоў, вельмi паважаных людзей у вёсцы, стаў «штаб-кватэрай» мерапрыемства, а сваякi — першымi памочнiкамi ў арганiзацыйных клопатах. На жаль, мама Ларысы — настаўнiца Юлiя Андрэеўна Шэляговiч, якая вучыла грамаце некалькi пакаленняў агдэмерцаў, — не даждала гэтага дня. Памяцi цудоўнай жанчыны i прысвячалася свята ў Агдэмеры.

А пакуль бацька Ларысы Мiкалай Васiльевiч i яе родная сястра Людмiла, якая дзеля такой нагоды прыехала з Магiлёва, запрашаюць удзельнiкаў шэсця завiтаць на пачастунак. Госцi пакiдаюць гасцiнных гаспадароў з песняй:

Дэ б мы н. э. ходылы,
Дэ б мы н. э. бувалы,
Мы такое хаты
Нiгдэ н. э. вiдалы.

Наступны прыпынак ля дома цёцi Манi, па-вясковаму — Касцючыхi. Жанчына расчуленая да глыбiнi душы. Дзе ж не расхвалюешся, калi для цябе адной спяваюць песню i танцуюць падэспань. «А мае ж вы дзеткi! Як мы маладыя любiлi спяваць! Колькi песень ведалi!» Кiраўнiк хмелеўскага Дома культуры Таццяна Грыцук абдымае бабулю: «Можа, якую песню ўспомнiце, што мы не ведаем?»

Прыемная сустрэча ля дома Нiны Сiльвестраўны Балiцкай. Гаспадыня надзяляе карагод сакавiтымi i румянымi яблыкамi са свайго саду, а Зоя Кацярыніч — кветкамi.

Пакуль карагод рухаецца па славутай агдэмерскай «шашы», выкладзенай плiткай-трылiнкай, публiка ўжо чакае яго ля Дома сацыяльных паслуг. Бавiць час дапамагаюць «гiстарычны» плакат са старымі фотаздымкамi i невялiчкая выстава саламянага посуду, якi прывезла майстар з-падБельска-Падляшскага (РП) Зоя Майстровiч.

Але з цёплым бокам

Пад заўзяты пошчак розных драўляных прылад — ад музычных да побытавых — пачаў выступленне народны ансамбль абрадавай песнi «Таночак» Гошаўскага сельскага Дома фальклору. Гошаўцы далi цэлы канцэрт: тут i песнi, i вершаваныя байкi, i частушкi. Ажно цiкава стала: з якой крынiцы чэрпаюць свой неабсяжны рэпертуар вясковыя таленты? Адчувалася, што i самi на прыдумку хваткiя.

Адчуванне перарасло ў перакананне пасля выхаду народнага калектыву «Лабчанка» з вёскi Лобча Лунiнецкага раёна. Трэба ж такому здарыцца, але за пару дзён да «агдэмерскага фэста» кiраўнiка гэтага калектыва, вядомую апавядальнiцу Насцю Якавец, параніла рогам карова. Вока, дзякуй Богу, не зачапiла, але твар папсавала. Як тут выйдзеш на публiку? Насця ўжо наважвалася адмянiць выступленне, але пад нацiскам сябровак ўсё ж такi з`явiлася ў Агдэмеры. У элегантных зацемненых акулярах. I нiхто б нiчога не западозрыў, каб не сама артыстка. Яна рашучым жэстам зняла акуляры i сваё «раненне» падала так, што публiка разоў, мо, пяць выбухала смехам. Так што наша славутая апавядальнiца зноў мела поспех — «хоць з падбiтым вокам, але з цёплым бокам».


Апошнi акорд свята — песня «Хмэлю зэлэнэнькi» ў выкананнi зводнага палеска-падляшскага хору.

Павесялiлi агдэмерскую публiку i «Хмелеўскiя валацугi» са сваiмi скаргамi на моцны пол i арыгiнальнымi парадамi па вырошчванню даўжэзных свiней i гуркоў. Ну, а юныя танцоры i спевакi з ансамбля «Дараносiца» (таксама з Хмелева) прымусілі ўсiх успомнiць той блаславёны час, калi вёскi поўнiлiся маладымi галасамi…

Зямляцкi гонар гледачы адчулi пры з`яўленнi трыа Лук`яновiч. Во якiя спраўныя дзяўчаты жывуць на Драгiчыншчыне — што тварамi ўдалiся, што галасамi… А для сясцёр Валянцiны, Святланы i Алы гэта быў ужо другi канцэрт за дзень — пару гадзiн назад iм апладзiравалi жыхары вёскi Скрыпалi. Дарэчы, удзельнiкаў праекта такi факт узрадаваў: iм вельмi хацелася, каб iх iнiцыятыва па культурнай апецы над малымi вёскамi знайшла паслядоўнiкаў.

Буслiныя лапкi з Бельска

Вернымi сябрамi праекта «Вёска…» зарэкамендавалi сябе беларусы Бельска-Падляскага (РП), якiя яднаюцца вакол Музея малой бацькаўшчыны ў Студзiводах. Вось i на гэты раз энтузiясты фальклорнага руху Дарафей i Ганна Фiёнiк прывезлі на Берасцейшчыну вялiкую групу дзяцей (ансамбль «Жэўжыкi») i моладзi («Жэмэрва»). Прыезд падляшскiх беларусаў, як правiла, прыўносiць у любую задуму зарад добрай сенсацыйнасцi. Бо заўсёды цiкава даведацца, якiя яны, беларусы Польшчы? Чым адрознiваюцца ад нас? Што маюць агульнага з намi?

З замiлаваннем агдэмерцы глядзелi на «Жэўжыкаў», якiя паказалi маленькi спектакль пра свята Юр`я з традыцыйнымi атрыбутамi — выпечанымi з мукi «буслiнымі лапкамi» i качаннем па жыце. Дзяўчаты i юнакi з «Жэмэрвы» выканалi нiзку жнiвенскiх песень, у тым лiку запiсаную на Лунiнеччыне «Як пойду я ў клець спаты».

Ранiцай таго дня некаторыя з агдэмерцаў, што былi ў суседняй вёсцы Вавулiчы на нядзельным набажэнстве, мелi магчымасць пазнаёмiцца з юнымi падляшцамi проста ў храме. Адна бабулька расказала аўтару гэтых радкоў, як была ўражана, убачыўшы сярод прыхаджан дзяцей у вышытых кашулях. Адзiн хлопчык часта пазяхаў (вiдаць, не даспаў), жанчына пашкадавала яго i прапанавала сесцi побач з ёй на лаве. Той прысеў, але, калi бацюшка пачаў чытаць Евангелле, адразу ж падскочыў i стаў роўненька па струнцы. «Па-даўнейшаму дзетак выхоўваюць, — ухвальна казалi бабулi. — Нашы не такiя».


Хмелеўцы і падляшцы танцавалі разам.

Польскiя госцi выязджалi «на гастролi» ў Беларусь як раз у той дзень, калi праваслаўныя Польшчы адзначаюць свята Супрасльскай iконы Божай Мацi. Каб агдэмерцы таксама прычынiлiся да падзеi, Дарафей Фiёнiк са словамi «Няхай наша святыня абараняе Агдэмер i ўсё Палессе!» перадаў у дар вёсцы рэпрадукцыю вышэй-згаданай iконы. Ён выказаў падзяку дырэктару Гутаўскай сярэдняй школы за смачны абед для дзяцей i ўручыў на памяць аб сустрэчы падборку кнiг, выданых музеем у Студзiводах, а таксама кампакт-дыскi з аўтэнтычнымi песнямi ў выкананнi «Жэмэрвы» i з запiсамi, зробленымі ў час экспедыцыi па Iванаўскім раёне «Песні з-пуд Янова». Кнiжны падарунак атрымала i Агдэмерская вясковая бiблiятэка. У гонар усiх жыхароў вёскі госцi з Падляшша праспявалi «Многая лета».

А на выпечаныя з мукі «буслiныя лапкi» ўдзячна адгукнулiся агдэмерскiя буслы. У час канцэрта на вачах у публiкі яны пачалi кружыць у развiтальным карагодзе.

Развiтвалiся з гасцiннымi агдэмерцамi i ўдзельнiкi праекта. Ужо каторы раз яны пераканалiся: трыяда мерапрыемстваў (фальклорна-этнаграфiчная экспедыцыя + майстар-клас + этнаграфiчны канцэрт) — вось той найлепшы фармат супрацоўнiцтва з жыхарамi невялiкiх вёсак, падчас якога яны абуджаюцца, маладзеюць душой, дзеляцца скарбамi сваёй памяцi, дагэтуль недаацэненымi. Прыемна, што ў самiм Агдэмеры праект знайшоў удзячны водгук у жыхароў i магутную падтрымку з боку мясцовага кiраўнiцтва, у тым ліку старшыні Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў Ганны Аляксандраўны Верамейчык, старшыні Гутаўскага сельскага савета Алены Канстанцінаўны Лазарак і старшыні ветэранскай арганізацыі Гутаўскага сельскага савета Марыі Максімаўны Дзеюн. Гэта дае надзею на тое, што «Жніўны карагод у Агдэмеры» стане традыцыйным.

vb.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031