Знайсці
24.06.2010 / 09:5614РусŁacБел

Я знайшла сваю мову дзякуючы хлопцу

І зараз ужо не кіну яе. Піша студэнтка з Мінска Міхаліна Дзятлік.

І зараз ужо не кіну яе.

Як я радая цяпер, што напярэдадні майго паступлення ў першы клас склалася такая сітуацыя. Тады гэта быў стрэс для маіх бацькоў. У школу, да якой я адносілася па месцы жыхарства, мяне адмовіліся прымаць: у іх быў перабор вучняў. У прэстыжнай школе з англійскім ухілам, куды пайшлі ўсе мае сяброўкі, на экзаменах мне наўмысна заніжалі адзнакі. Знаёмыя казалі (бо ведалі на ўласным досведзе), што трэба даць хабар дырэктару. Не ведаю, ці то ў нас не было грошай, ці то не пажадалі даць хабар, але пытанне школы так і заставалася нявырашаным. Тады тата ўзяў мяне за руку і павёз у беларускую нацыянальную гімназію за шэсць аўтобусных прыпынкаў ад дома.

Экзамены на той час ужо скончыліся, але настаўніца, да якой мы зайшлі ў клас, згадзілася правесці са мной уступнае тэставанне. Калі я выканала ўсе заданні і адказала на ўсе пытанні, бацькі пацікавіліся, колькі ім чакаць вынікаў. На што настаўніца голасам, поўным захаплення, адказала, што не трэба чакаць, што такую разумную дзяўчынку яна адразу забірае ў свой клас.

Навучанне на беларускай мове ішло натуральным чынам, нягледзячы на тое, што сям’я ў мяне цалкам расейскамоўная. Я не памятаю, калі зразумела, што ў маёй краіне двухмоўе, але ў памяці заўжды стаіць адна карціна. Раніца. Бацька па слізкай сцяжынцы вядзе мяне да аўтобуснага прыпынку. Я, напэўна, навучаюся ўжо ў другім класе, бо хвалюся, што ведаю ўжо даволі шмат беларускіх слоў. Прашу тату, каб ён назваў мне слова на рускай мове, а я перакладу яго на беларускую. Тата загадвае слова «зонт». Падумаўшы хвіліну, я ўпэўнена кажу, што так і будзе. А ў адказ чую, што «зонт» па‑беларуску — гэта «парасон».

Мінаў год за годам. Я добра разумела беларускую мову і трошкі горш расейскую.

Усе тэрміны з прадмета расейскай мовы кшалту «подлежащее», «сказуемое», «имя прилагательное» я не разумела, не магла запомніць беларускія адпаведнікі і ўвесь час блытала іх. Не разумею я іх і зараз. Часам, гаворачы яшчэ па‑расейску, кажу якоесьці адно беларускае слова, а потым з засмучанай усмешкай паўтараю яго яшчэ некалькі разоў, але не магу ўспомніць перакладу на расейскую мову і даводзіцца тлумачыць яго сэнс для суразмоўцы іншымі словамі.

Напрыканцы дзявятага года навучання лёс склаўся так, што далей вучыцца ў гімназіі было проста немагчыма, і таму я вымушана была шукаць іншую школу. І няцяжка здагадацца, што новая школа была расейскамоўнай, як і сотні іншых школ у нашай краіне. І, верагодна, на гэтым маленечкім вітку далёка не сусветнай і нават не нацыянальнай гісторыі знік бы ў нябыт яшчэ адзін беларус. Але, як пакажа гісторыя далей, той беларус тады яшчэ не нарадзіўся.

А нараджэнне гэтае адбылося, калі я паступіла ва ўніверсітэт.

Аднойчы, недзе на другім месяцы навучання, вяртаючыся дадому разам з хлапцамі з майго курса, якія таксама ездзяць на метро, я пачула, як адзін з іх спрабуе размаўляць па‑беларуску. Спрабуе няўпэўнена і, відаць, хутчэй за ўсё, жартуе… Але калі ў другі раз выпала вяртацца дадому разам, я зноў пачула беларускую гаворку. А на чацвёрты ці пяты раз я пацікавілася ў таго хлопца, ці даўно ён размаўляе на беларускай мове.

— Не, я толькі вучуся, — пачула ў адказ.

Я тады запэўніла яго, што ў яго вельмі добра ўдаецца, і, каб падтрымаць, стала таксама адказваць па‑беларуску.

А тым часам недзе глыбока ў маёй душы прачнулася ці то рэўнасць, ці то зайздрасць і нейкі спаборніцкі інстынкт. Усё разам гэта ператварылася ў ціхае і добрае абурэнне тым, што вось нейкі хлапец вучыцца размаўляць на беларускай мове,

а я, праседзеўшы дзевяць год у беларускай нацыянальнай гімназіі, чамусьці размаўляю па‑расейску.

І тады я перайшла на беларускую мову ў гутарках з бабуляй і дзядулем, з самымі блізкімі сябрамі. Па першасці часта забывалася, саскоквала на расейскую, а сама беларуская гаворка, што ішла з маіх вуснаў, была запаволенай, бо ўсё ж за два гады расейскамоўнай школы родныя словы трохі пазабываліся. Але неўзабаве забытае ўспомнілася, я пачала развіваць сваю мову, шукаючы новыя і цікавячыся незнаёмымі словамі… І нарадзілася яшчэ адна беларуска.

І як з Новага года людзі пачынаюць новае жыццё, так і я за 2009 год значна пашырыла кола тых маіх знаёмых, з кім размаўляла па‑беларуску, а ад самага пачатку 2010 года я размаўляю на роднай мове з усімі, з кім увогуле даводзіцца размаўляць. І нічога, што ўсе вакол размаўляюць са мной па‑расейску і толькі два чалавекі неяк спрабуюць таксама адказваць мне на беларускай мове. Але я зараз ужо не кіну беларускай мовы і не вярнуся да расейскай.

Міхаліна Дзятлік

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031