Знайсці
25.02.2021 / 20:46

Мыслі як «навічок», і зможаш навучыцца чаму хочаш у любым узросце

Здольнасць людзей з лёгкасцю набываць новыя навыкі зніжаецца з узростам. Аднак пэўны тып мыслення можа дапамагчы вучыцца нават у дарослым узросце.

Павялічыць

Фота Depositphotos.com

Захапленне амерыканскага журналіста Тома Вандэрбільта працэсам навучання на працягу ўсяго жыцця пачалося з захапленняў яго дачкі: фартэпіяна, футбол, тхэквандо. На ўсе гэтыя заняткі Вандэрбільт суправаджаў дзяўчынку і, пакуль яна навучалася, ён адказваў на электронныя лісты, бавіў час у сацсетках ці гуляў у тэлефоне, пакуль не скончацца заняткі дачкі.

Хутка журналіст усвядоміў крывадушнасць сітуацыі. «Я пераконваў яе, як важна вучыцца розным навыкам, але яна магла б запытаць і мяне, чаму я не вучуся ім», — кажа Том Вандэрбільт.

Таму ён пачаў з урокаў шахмат, а пасля самастойна на працягу года вучыўся спяваць, маляваць, жангляваць і займацца сёрфінгам. Ад самага пачатку ён не планаваў авалодаць гэтымі навыкамі прафесійна ці прадэманстраваць сваё майстэрства нейкім дасягненнем накшталт перамогі ў найпапулярнейшым шоу American Idol.

«Калі мы становімся дарослымі, то пачынаем ціснуць на сябе мэтамі», — мяркуе журналіст. Замест гэтага, Том Вандэрбільт пачаў займацца навучаннем дзеля навучання і атрымліваць асалоду непасрэдна ад працэсу, піша BBC.

Свой вопыт журналіст падрабязна апісвае ў новай кнізе «Пачаткоўцы», якая выйшла ў студзені, дзе аўтар падмацоўвае свае меркаванні навуковымі доказамі наконт набыцця новых навыкаў.

Калі Вандэрбільт вырашыў вучыцца ўсяму запар, яму было ўжо за 40, таму журналіст усведамляў, што будзе саступаць сваёй дачцэ ў здольнасці асвойваць новыя навыкі.

Дзеці вучацца надзвычай хутка, бо часта пераймаюць пэўныя дзеянні без тлумачэння ці апісання таго, што ім трэба зрабіць. Аднак пасля 12 гадоў чалавеку ўласціва губляць гэту здольнасць хутка засвойваць інфармацыю такім спосабам.

Аднак не варта песімістычна ставіцца да ўласных здольнасцяў. Хоць дарослым вучыцца не так лёгка, як дзецям, чалавек валодае нейрапластычнасцю — здольнасцю мозгу змяняцца пад уздзеяннем вопыту.

Акрамя таго, даследаванне Вандэрбільта выявіла некаторыя асноўныя прынцыпы паспяховага навучання.

Першы з іх можа падацца відавочным, але пра яго часта забываюць: трэба вучыцца на сваіх памылках. Замест таго, каб бяздумна паўтараць адны і тыя ж дзеянні, варта быць засяроджаным і вучыцца аналізаваць, што вы робіце правільна, а што не і як гэта можна выправіць.

Вандэрбільт пацвярджае гэта гульнёй у шахматы. Можна марнаваць час і гуляць сотні партый анлайн, але гэта дасць значна меншы эфект, чым вывучэнне стратэгій у шахматах і пастаяннага аналізу прычын паразы.

Другі прынцып заключаецца ў перакананні, што авалоданне навыкам мусіць быць разнастайным. Падчас жанглявання, напрыклад, варта мяняць прадметы ці вышыню іх падкідвання, спрабаваць жангляваць стоячы або падчас хадзьбы. Усё гэта прымушае мозг быць больш гнуткім і даваць рады непрадбачаным складанасцям.

Таксама Вандэрбільт выявіў, што людзі вучацца значна хутчэй, калі ведаюць, што ім трэба будзе навучаць гэтаму навыку іншых. Гэта павялічвае цікавасць і інтарэс, што павялічвае канцэнтрацыю і стымулюе мозг запамінаць хутчэй. У Вандэрбільта, напрыклад, заўсёды была магчымасць навучаць набытым навыкам сваю дачку.

Безумоўна, карысна назіраць за экспертамі, але таксама ёсць сэнс назіраць і за пачаткоўцамі, бо гэта прымушае мозг аналізаваць, што яны робяць правільна і няправільна, а пасля ўжо спрабаваць прымяніць гэтыя звесткі самому.

Да таго ж, Вандэрбільт раіць пачаць з чагосьці, што з лёгкасцю ўпісваецца ў ваш лад жыцця. Шмат людзей перакананыя, што любы навык патрабуе безліч часу, а гэта іх палохае больш за ўсё. Журналіст адзначае, што ён стаў маляваць значна лепш, хаця ён усяго толькі стаў прысвячаць маляванню той час, які раней праводзіў за праглядам тэлевізара.

У той жа час некаторыя могуць задацца пытаннем, навошта прыкладаць намаганні, калі можна правесці гэты час на канапе, гартаючы сацсеткі.

Аднак Вандэрбільт адзначае перавагі ў асваенні любога навыку, у тым ліку доўгатэрміновыя змены ў мозгу, якія дазваляюць пазбегнуць псіхічных разладаў, што прыходзяць у старасці.

Журналіст спасылаецца на адно даследаванне, дзе дарослыя людзі ва ўзросце ад 58 да 86 гадоў вывучалі іспанскую мову, музыку, жывапіс і іншыя навыкі. У выніку яны не толькі дасягнулі значнага прагрэсу ў розных сферах, але і паказалі лепшыя вынікі ў кагнітыўных тэстах, што адпавядалі паказальнікам людзей, маладзейшых на 30 гадоў.

Карысць заключаецца не ў засяроджванні на нечым адным, а ў асваенні некалькіх навыкаў. Некаторыя могуць убачыць у гэтым павярхоўны падыход, але даследаванні паказваюць, што «вечныя пачаткоўцы» могуць мець больш гнуткі розум, чым майстры адной справы.

Аднак незалежна ад таго, вучымся мы для задавальнення ці імкнёмся павысіць свае прафесійныя навыкі, можна скарыстацца мысленнем «пачаткоўца», дзе няма канчатковай мэты, але ёсць усё, каб вучыцца і атрымліваць асалоду ад працэсу.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
сакавік красавік май
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30