Даслаць навіну
Знайсці
04.12.2020 / 01:06

«9 жніўня з'явіўся спадзеў, што зараз дзверы адамкнуцца і скажуць: «Палітычныя — на выхад»

Андрэй Новікаў — беларус з расійскім пашпартам, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, які вярнуўся на Радзіму жыць у бацькоўскай вёсцы і стаў вядомы пасля аднаго са стрымаў Ціханоўскага.

Тады ён проста, але канкрэтна прайшоўся па рэаліях жыцця ў беларускай глыбінцы, за што атрымаў арышт. 

Потым Новікаў пайшоў у ініцыятыўную групу Ціханоўскай, апынуўся за кратамі па крымінальным артыкуле, быў прызнаны палітычным вязнем. 26 лістапада яго выпусцілі, адразу ж дэпартаваўшы з краіны. 

Былы палітвязень расказаў «Нашай Ніве», што перажыў за гэтыя месяцы.

Павялічыць

Пра сябе:

— Нарадзіўся ў Варапаеве Пастаўскага раёна. Там скончыў школу, паступіў у ваенную вучэльню ва Усурыйску. Потым служыў у войску, але часы былі такія, што ўсё валілася, пэўнасці ніякай — сышоў з войска, энергіі шмат было. Зарабляў дзе як, і кіроўцам, і механікам. А потым вярнуўся ва Усурыйск, пайшоў на службу ў міліцыю. Пачынаў з аператыўніка ў крымінальным вышуку, служыў ва УБАЗе, даслужыўся да намесніка начальніка УУС. У асноўным у крымінальнай міліцыі працаваў, змагаўся з арганізаванай злачыннасцю.

Напрыканцы службы адправілі кіраваць батальёнам ППС, дзе доўгі час не было кіраўніка, адпаведна, усё там было так-сяк. Зрабіў з батальёна прыстойнае падраздзяленне, у 2011-м скончыў службу, у 2014-м вярнуўся ў Беларусь. Ужо і на Радзіму хацелася, і бацькі тут у мяне старыя пасля анкалогій, і асабістае жыццё ва Усурыйску не склалася. А тут, бачыце, склалася — летась дзіцё нарадзілася.

За гэтыя гады, калі патрэбны былі грошы, выязджаў падпрацоўваць у Расію. 

Пра збліжэнне з Ціханоўскім:

— Пазнаёміліся мы выпадкова. Мне відэа ягонае скінулі сябры з Расіі, якія неяк цікавіліся, як я ў Беларусі ўладкаваўся, цікавіліся, як тут што. Ну я паглядзеў відэа Сяргея, пагадзіўся з ім. Хоць ён і негатыў адзін паказваў, але гэта ж так і ёсць у правінцыі. Я ўжо сам бачыў, ведаў, сутыкаўся. Мне падабалася, што ён, як і я, рэчы сваімі імёнамі называе. 

І неяк яго каманда па нашым краі каталася, у тэлеграм-канале пыталіся, у каго можна пераночыць. Я ім напісаў, што калі ёсць такая патрэба, то магу дапамагчы. Так і пазнаёміліся, відэа потым ён са мной запісаў, за якое мяне затрымалі першы раз, нібыта я тут ледзь не за грошы нешта яму расказваў.

Чаму пайшоў валанцёрыць да Ціханоўскай: 

— Мы з жонкай людзі актыўныя ў грамадзянскім плане. Мы з ёй вызначыліся: калі нічога не зменіцца пасля выбараў, то трэба з'язджаць адсюль, немагчыма жыць у гэтым бязладдзі і развале, нават калі сам гаспадарлівы.

Але каб нешта змяніць, то трэба намаганні прыкласці, а не проста сказаць: «Не змянілася — ну дык паехалі», адказнасць перакласці на невядома каго. Таму пайшоў. Я без беларускага пашпарта подпісы збіраць не мог, але тут на некалькі раёнаў толькі адной жанчыне выдалі пасведчанне, дапамогі шмат трэба было. І занесці нешта, паперы скласці і ахоўнікам побач пастаяць. Таму вось так і дапамагаў. 

Пра затрыманне па крымінальным артыкуле: 

Спачатку была правакацыя з боку супрацоўнікаў Пастаўскага РАУС. Нейкі чалавек мне ўсё пісаў-пісаў, пад скуру лез, што давайце сустрэнемся, хачу дапамагаць. А мне, у прынцыпе, памочнікі патрэбны былі, бо я не кожны дзень мог за пікетамі ездзіць. Я прыехаў у Паставы, сустрэўся з тым чалавекам, а потым мне прад'явілі, што я яму нейкую палітычную праграму навязваў і мітынг сабраў. 

І я цяпер ужо ведаю, што гэта быў правакатар. Не толькі мяне так падставілі. І рэпутацыя ў Паставах у яго адпаведная, ён ужо выехаў нібыта на работу ў Расію. 

Ну і вось у нейкі дзень, калі я араў бульбу на трактары, прыехалі да мяне з міліцыі затрымліваць за той выпадак. А я без акуляраў, не бачу, што яны мне пхаюць — «Падпісвай». Ды не буду я падпісваць! А, ну калі ты самы разумны… 

Пасадзілі ў машыну і павезлі на Акрэсціна ў Мінск, там праз тры дні на суд, а з суда — у Следчы камітэт. Там мяне затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў «беспарадках» у Гродне, хаця ў той дзень я быў у вёсцы. 

Доўга не маглі вызначыцца, хто ж мяне будзе «закрываць» — падпісваць паперку аб арышце. Мае канваіры бегалі ад кабінета да кабінета, то з адным выйдуць пагаварыць, то з другім. У мяне склалася ўражанне, што супрацоўнікі Следчага камітэта адмаўляліся ўлазіць у гэтую справу. 

У выніку нейкі Аляксандр Васільевіч Іваноў пагадзіўся, склалі пратакол аб затрыманні, мяне завезлі ў ІЧУ, а праз 10 сутак выставілі абвінавачванне. Ніякіх следчых дзеянняў за ўвесь час не праводзілася, ад паказанняў я адмовіўся. 

Пра 9 жніўня: 

Ноччу 9-га я прачнуўся ад пальбы, выбухаў. Я сам удзельнік вайны, не зразумеў, што адбываецца. Потым калі да нас дайшло, з'явіўся спадзеў, што вось зараз дзверы адамкнуцца і скажуць: «Палітычныя — на выхад». Усе, хто быў у камеры, так думалі. 

Пра адседку: 

Нехта з намеснікаў на Валадарцы са мной пагаварыў, распытаў. Я сказаў, што пайду ў камеру для былых супрацоўнікаў. 

А на Акрэсціна розны кантынгент, нейкі саплівы сяржант, маленькі, худзенькі, мог адразу мне на «ты» — «Эй, бандыт, ідзі сюды, стой тут, у жыцці нічога не разумееш, зараз атрымаеш у мяне». Я смяяўся, бо ён па ўзросце мне як сын, а так паводзіць сябе.

А іншы на «вы». Са здзекамі я не сутыкаўся персанальна. 

Былі і крымінальнікі відавочныя, наркаманы, махляры.

О! Гендырэктар «Белтэлекама» заехаў, Сяргей Сівадзедаў. Я ў яго пытаўся: як так, што вось у нас у вёсцы ніякага прагрэсу ў тэхналогіях няма, па вёсцы медны кабель пракладзены, а тарыфы за паўгода двойчы павысілі. Чаму? Ну ён спрабаваў важнасці напусціць, але я проста пытаюся: чаму? Тады прызнаўся, што прымусілі напаўняць бюджэт, таму проста паднялі тарыфы і ўсё. 

Павялічыць

Са Славеніі мужчына быў добры, Яніс Цварк. Ён прадстаўнік фірмы-пастаўшчыка лакакраскі для нашай прамысловасці: БелАЗ, «Атлант». 

З яго словаў, менеджары з «Атланта» справакавалі яго на хабар. А схема такая: яго фірма пастаўляе тавар, а аплаты зацягваюць або зусім не плоцяць пад рознымі нагодамі. Але намякаюць, што калі даць грошай, то працэс паскорыцца. Ён паверыў, з яго цягнулі грошы пад выглядам «прадстаўнічых выдаткаў», пакуль не прыкрылі гэта ўсё міліцыянеры.

А 6 кастрычніка прышлі дапытваць мяне па пераліку пытанняў, якія маёй справы не датычылі. Там такія пытанні, ад якіх я рабіў круглыя вочы. Пыталіся пра міжнародныя адносіны, пра Расію, пра Захад, ці браў я ад кагосьці з іх грошы, хто мяне прымусіў ісці валанцёрам. Ну лухта сабачая! Я сказаў, што Расія ж вораг была, калі мяне садзілі, пра мяне пісалі, што я тут засланец, які рыхтуе плацдарм для анексіі, а цяпер я ўжо ад Захаду грошы бяру? 

Пра выхад: 

Напачатку лістапада мяне выклікаў старэйшы следчай групы, пачаў руку цягнуць: «Добры дзень, як ты тут?»

А я з кім гарэлку не піў і ў лазні не парыўся, на «вы» гавару. І тут тое самае. А ён мне: ды ладна, кінь, што ты, мы ж у адной сістэме працавалі, ты ўсё ведаеш, я ўсё зраблю, каб ты з сям'ёй быў пахутчэй. 

— Дык а са справай што? 

— Ну вось, вырашаем. 

Такая размытая размова. Гэта я потым даведаўся, што мае сябры ў Расіі пачалі пісаць, ціснуць па розных лініях, што Расія сваіх кідае, падпалкоўнік у турме. Можа, з гэтым вызваленне звязанае, не ведаю. І мне не змянілі меру стрымання, мяне проста выпусцілі і ўсё, свой статус у крымінальнай справе я не ведаю. 

Ужо на выхадзе з ізалятара мяне зноў зацягнулі ў асобны пакой, пачалі пераварочваць рэчы, забралі ўсе дакументы, звязаныя са справай, забралі мае запісы, дзе я вёў храналогію падзей і занатоўваў імёны адказных асобаў.

Гаварылі ў такім тоне наезда бандыцкага, што вось, маўляў, зараз паедзем у апошні шлях, па лесе пакатаешся, абярэш, дзе табе лепш — дзе суха ці дзе мокра. Вось такога плана размова была, хаця я зразумеў, што мяне дэпартуюць. Потым зачыталі і дакумент на высылку.

У летніх рэчах мяне адвезлі да граніцы, сфоткалі каля знака «Расія» і з'ехалі. Цяпер жыву ў сяброў-ваенных, трэба забраць з Беларусі сям'ю, ну а потым буду грызці. 

Пра мірную рэвалюцыю: 

Я двойчы ваяваў у Чачні. Я ведаю добра, што такое вайна. Таму я супраць гвалту, хай даўжэй, але мірна. 

Пра перспектывы пратэстаў: 

Я ведаю, што народ быў раз'юшаны стаўленнем улады да сябе на выбарах: пратаколы не паказвалі, падлік не паказвалі, члены камісій чорнымі хадамі выскоквалі — стаўленне як да быдла. 

І мне ад самага пачатку было ясна, што сілай яны пратэст не загасяць. Я гэта зразумеў, калі яшчэ стаяў на пікетах і ўбачыў усю глыбіню народнага абурэння, як людзі ад гэтага ўсяго стаміліся нават у нашым апатычным паўночным рэгіёне. 

На пікетах я бачыў, як людзі ажылі, розныя сацыяльныя групы і ўзросты ішлі. У аднаго пашпарт адкрываеш: візы ўсіх краін свету, а другі працягвае пашпарт скамячаны, неахайны, з брудных рук. 

Манашкі подпісы пакідалі, супрацоўнікі міліцыі асобныя па грамадзянцы былі. Пытаюцца, а вы не хлусіце, не за Лукашэнку збіраеце?

Два дзяды свайго сябра прыкацілі на вазку, каб ён распісаўся!

Мяне гэта вельмі кранала. Людзям усё гэта дапякло ўжо, гэтае наплявальніцтва на іх, хлусня і безгаспадарчасць, безнадзейнасць. А стаўленне яшчэ такое, што мы тут — разумныя, а вы — дурні. Ні здрасце, ні дасвіданія, што вам тут не падабаецца? 

Чаму міліцыя не перайшла на бок народа: 

Гэтая міліцыя — усе даўжнікі рэжыму. Яны там за тое павінны грошы, за гэтае, за крэдыты. Вельмі доўга сістэма гэты кокан рабіла з сілавікоў, а старая апазіцыя ніяк па гарызанталі не працавала, з войскам і міліцыяй ніхто не працаваў. 

Але я думаю, яны таксама ўжо ўсё пачынаюць разумець, галоўнае, што я ім скажу, — у галаву трэба не толькі есці. 

Пра Караева:

Я асецінаў ведаю, яны прыстойныя мужыкі самі па сабе, у іх выхаванне там такое, што спрыяе. Я думаю, што ён пачаў ужо разумець, што робіць, што гэта край, і сышоў на больш спакойны ўчастак работы. Я, ведаеце, у людзях станоўчае спрабую бачыць. 

Пра калег з беларускага ГУБАЗіК

— Ім прадастаўлены выдатныя тэхнічныя і матэрыяльныя сродкі, ніколі на гэтае падраздзяленне не шкадавалі нічога, каб змагацца са злачыннасцю. Але куды яно ўсё ідзе? З якой злачыннасцю яны змагаюцца? Самае страшнае, што яны сталі непадкантрольныя надглядным органам: пракуратура не працуе, судоў у прынцыпе няма. Нават у нашы 90-я гады, у час вайны з сапраўдным бандытызмам, не былі органы настолькі непадкантрольнымі і беспакаранымі. Ну і такой тапоршчыны, як, напрыклад, з затрыманнем Ціханоўскага, я нават у фільмах не бачыў, па шчырасці. 

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31