Знайсці
01.12.2020 / 13:47РусŁacБел

Пенсіянера, затрыманага ў Лошыцы, вызваліла нявестка. Ён расказаў, як гэта было і за каго ён

У мінулую нядзелю ў Мінску праходзіла акцыя пратэсту «Марш суседзяў». Людзі не пайшлі ў цэнтр, а гулялі ў асноўным у мікрараёнах. Сілавікі актыўна затрымлівалі людзей проста ў дварах. У нядзелю шырока разышлося па сацыяльных сетках такое фота: сілавікі цягнуць пенсіянера, які выглядае вельмі разгубленым. Tut.by даведаўся, што было далей з гэтым мужчынам у кепцы, з пакетам і цыгарэтай.

Tut.by

Скрыжаванне вуліц Янкі Лучыны і Ігуменскага тракту ў Лошыцы вядомае не толькі мясцовым адразу некалькімі гіпермаркетамі, у апошнія месяцы тут часам выстройваюцца ланцугу салідарнасці. 29 лістапада, падчас «Маршу суседзяў», сюды прыехалі сілавікі, якія праводзілі брутальныя затрыманні. На фатаграфіі сярод затрыманых трапіў і разгублены пенсіянер у кепцы, з пакетам у руках і з цыгарэтай.

— Так, гэта я на тым здымку, — гаворыць Мікалай Рыгоравіч. — Сын паказаў.

Нягледзячы на затрыманне, якое трапіла на фота, з ім усё добра.

— Асабліва нічога страшнага не здарылася, але спалохаўся, — усміхаецца ён.

Мікалаю Рыгоравічу — 68 гадоў, пенсіянер. Кажа, што за жыццё шмат дзе працаваў, у тым ліку каля 25 гадоў «аддаў жыллёва-камунальнай гаспадарцы». Сярод іншага, быў начальнікам домакіраўніцтва ў Серабранцы.

У нядзелю, 29 лістапада, у першай палове дня мясцовы жыхар пайшоў у краму «Хіт» на скрыжаванні Янкі Лучыны і Ігуменскага тракту.

— Жонка кажа: «Солі купі», нам парасяціну пасаліць трэба было. У краме сустрэў суседа. Я першы праз касу прайшоў, ён другі. Выйшаў, думаю, дачакаюся суседа. Гляджу, стаяць чалавек 150 нашых хадакоў, — кажа пенсіянер, маючы на ўвазе ланцуг салідарнасці. — Літаральна праз некалькі хвілін чую сірэну — гэтыя ўжо прыехалі, іх было вельмі шмат (гаворка пра сілавікоў).

Машыны, у якія адводзілі затрыманых, пенсіянер называе так — «аўтазэкі».

— Здалёк відаць, што хапалі ўсіх запар. А людзі сталі ўцякаць. Сусед выйшаў: «Ёлкі палкі, што дзеецца!» І бягуць-бягуць за гэтымі дзецьмі, а мужык кажа: «Што вы за імі ганяецеся?» Спыніліся — раз, за рукі і яго, і мяне. І праз скрыжаванне папёрлі нас да машыны. Спачатку адна пара, потым іншая вяла — цяжкавата, я ж ледзь ногі перастаўляю вядома, я спалохаўся. Я і гіпертонік, у мяне і цукровы дыябет — на таблетках сяджу.

Мікалай Рыгоравіч кажа, што спрабаваў удакладніць, за што яго затрымліваюць. Але пабаяўся, што ўдараць — намякалі, могуць.

— Гэта была вялікая машына, там ужо чалавек шэсць ці сем сядзелі. Яны: «Заходзь!» А я і па роўнай дарожцы — хістаюся. Кажу: «Не магу, падсадзіце. Сам не магу зайсці, упаду».

Мікалай Рыгоравіч кажа, што да яго звярнуўся чалавек у такой жа форме, якога ён палічыў доктарам, бо той стаў пытацца: «Чым вам дапамагчы?» Я спытаў, ці ёсць таблеткі ад ціску. Ён кажа: «Можа, хуткую выклікаць?» Я кажу: «Не трэба хуткую, яны мяне адразу ў бальніцу адвязуць — ведаю па вопыце. Дайце таблеткі».

Мікалай Рыгоравіч кажа, што ў аўтазак яго пасля гэтай размовы ўсё ж такі заводзіць не сталі, а вырашылі адвесці да «Гіпа» на лаўку. У гэты момант здарылася яшчэ адно ўдалае супадзенне — міма праязджала нявестка Мікалая Рыгоравіча.

— Яна кажа: «Давайце яго сюды, гэта мой цесць!» Яны [сілавікі] пытаюцца ў мяне, як клічуць нявестку, а я з перапуду і забыўся, — смяецца пенсіянер. — Забрала нявестка мяне ў іх і павезла дадому.

Пажылы мінчанін кажа: здалёку бачыў, ад'язджаючы, што суседа таксама адпусцілі.

— Ён ім нешта паказваў, здаецца, пасведчанне.

Пра тое, што адбываецца ў Мінску ў апошнія месяцы, Мікалай Рыгоравіч ведае — ад сына і з навін у інтэрнэце, з пратэстоўцамі салідарны. Дадае, што задумваўся аб сітуацыі ў краіне і шмат гадоў таму, яшчэ падчас гісторыі са зніклым журналістам Дзмітрыем Завадскім.

— Хто прыкормлены — жывуць радуюцца, а мы — як гэтыя самыя, ну вы зразумелі, — падсумоўвае пенсіянер.

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930