Метро, кафэ і гандлёвыя цэнтры зачыняюцца па ўсёй Украіне
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў ураду краіны часова зачыніць усе ўстановы харчавання, гандлёвыя цэнтры і спартыўныя залы ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса.
Пра гэта ён заявіў у відэазвароце.
«З нуль-нуль гадзін першай хвіліны 17 сакавіка 2020 года забараніць прымаць наведвальнікаў установам культуры, гандлёва-забаўляльным цэнтрам, рэстаранам, кафэ, фітнэс-цэнтрам і іншым установам харчавання, забаў і паслуг», — заявіў Зяленскі.
Акрамя таго, Зяленскі даручыў абмежаваць унутраныя авія-, чыгуначныя і аўтобусныя перавозкі.
Па ўсёй краіне будзе спынена работа метрапалітэнаў.
Што тычыцца гарадскіх перавозак, то іх можна будзе ажыццяўляць толькі ў асаблівым рэжыме: да 10 чалавек у маршрутках і да 20 чалавек у тралейбусах, аўтобусах і трамваях.
Таксама Зяленскі даручыў забараніць масавыя мерапрыемствы з удзелам больш за 10 чалавек.
«Забараніць масавыя мерапрыемствы з удзелам больш за 10 чалавек, у тым ліку абрады і цырымоніі. Лідараў усіх цэркваў прашу са згодай паставіцца да гэтай сітуацыі, калі ёсць пагроза чалавечаму здароўю і жыццю», — заявіў ён.