Знайсці
19.04.2020 / 20:029РусŁacБел

Менахем Бегін: тэрарыст, які стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру

«Ізраіль легітымны, таму што ён існуе». Пра аднаго з самых значных палітыкаў ХХ стагоддзя, ураджэнца Брэста Менахема Бегіна, піша Пятро Барысевіч.

Менахем Бегін — прэм'ер-міністр Ізраіля, 1978 год. Wikimedia Commons.

Гэты хлопчык вырас у самым цэнтры Брэста — каля цяперашняга кінатэатра «Беларусь», які ў тыя часы быў Вялікай сінагогай. У той сінагозе і вялася метрычная кніга, дзе запісвалі ўсіх народжаных габрэяў. Сям’я Бегінаў была вельмі набожнай. Яго тата быў сакратаром габрэйскай рэлігійнай гміны. І вучыцца Бегін пачаў у хедэры — рэлігійнай школе. А пазней сур'ёзна захапіўся ідэямі сіянізму і застаўся ім верны праз усё жыццё.

Усходняя Еўропа — кузня сіянізму

Сіянізм — рух за вяртанне габрэяў на гістарычную радзіму, у Палесціну, — ад самага пачатку дзяліўся на дзве ідэалагічныя плыні, якія між сабой канкурыравалі ці часам нават ваявалі. У кожнай былі свае структуры, у тым ліку свае моладзевыя арганізацыі. Адна, сацыялістычная, спалучала марксізм і нацыянальныя ідэалы. Другая, правая, абапіралася на нацыянальныя і кансерватыўныя каштоўнасці. 

Ураджэнец Моталя — гэта недалёка ад Пінска — Хаім Вейцман належаў да сацыялістычнага кірунку. Яго будучы палітычны праціўнік Менахем Бегін з Брэста— да другога.

Менахема бацька аддаў у Брэсце ў гімназію «Тахкемоне», дзе навучанне ішло часткова па-польску, а часткова — на іўрыце. Юны Бегін уступіў таксама ў моладзевую арганізацыю «Га-шамэр га-цаір» («Малады вартаўнік»). Але калі гэтая суполка стала дрэйфаваць у бок камунізму, ён перавёўся ў ваенізаваную арганізацыю «Бейтар», правага толку. Там моладзь праходзіла «пачатковую ваенную падрыхтоўку». 

Тым часам Хаім Вейцман, будучы першы прэзідэнт Ізраіля, адведвае ў суседнім Пінску сацыялістычныя сіянісцкія гурткі «Сафа брура».

Кінатэатр «Беларусь» у Брэсце перабудаваны з Вялікай сінагогі. Тата Бегіна быў актывістам рэлігійнай грамады. Непадалёк адсюль, ля былой гімназіі «Тахкемоне», дзе вучыўся Менахем, стаіць помнік яму. Фота Сяргея Гудзіліна.

Бегін, студэнт юрфака Варшаўскага ўніверсітэта, мае званне падхарунжага Войска Польскага і паралельна дасягае найвышэйшага рангу ў «Бейтары». Бегін ездзіць па ўсёй Польшчы, збіраючы ахвяраванні для сіянісцкага руху. У адной з такіх паездак ён і пазнаёміўся з Аліцыяй Арнольд, дачкой нафтавага канцэсіянера з Драгобыча — гэта за Львовам. На вяселле з’ехаліся сотні актывістаў «Бейтару», а дружкам маладога быў вядомы габрэйскі дзеяч Зээў Жабатынскі. У Менахема з Аліцыяй народзяцца дзве дачкі і сын. 

Яго турмы

Першы раз у турму Бегін трапіў у Польшчы — за арганізацыю масавай габрэйскай маніфестацыі ў Варшаве. Другі раз ён сеў у савецкую турму — за тое, што ў Вільні, ужо занятай саветамі, выдаваў падпольную газету. З Лукішак Бегіна адправілі ў канцлагер НКВД у Комі АССР. Яму далі 8 гадоў з распаўсюджанай у той час фармулёўкай: «агент брытанскага імперыялізму і сацыяльна небяспечны элемент». Парадоксы долі: дзякуючы гэтаму Бегін застанецца жывы. Напалі немцы, Сталіну патрэбныя былі саюзнікі — і грамадзян Польшчы сталі вызваляць і накіроўваць у армію Андэрса. Але, як толькі польскі корпус дабраўся да Палесціны, Бегін дабіўся дазволу на звальненне. У яго з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у ажыццяўленні сваёй мары — адраджэнні габрэйскай дзяржавы. 

Польскі пашпарт Бегіна. Яго ў кастрычніку 2019 года знайшоў у Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці мясцовы журналіст і краязнаўца Мікалай Аляксандраў. Planetabelarus.by.

Тым часам уся сям’я Бегіна загіне ў Брэсце, у гета.

З Савецкага Саюза на гістарычную бацькаўшчыну Бегін прывёз падвойную агіду да камунізму, а таксама слова «уркі», якое ён ужываў у іўрыце без перакладу.

«Я не заўважыў ў СССР роўнасці, — пісаў Бегін пра свае ўражанні ад «Краіны Саветаў». — У царстве НКВД адна роўнасць — роўнасць страху».

«Сустрэнемся ў Іерусаліме!»

Палесціна, былая правінцыя Асманскай імперыі, пасля яе распаду ў 1918 годзе перайшла пад кантроль Брытанскай імперыі. Ліга Нацый дала брытанцам мандат на часовае кіраванне з далейшай перадачай двум народам — габрэям і арабам — права на самавызначэнне. 

Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя габрэяў у Палесціне было каля 5% насельніцтва, гэта значыць каля 25 000. У той жа час арабаў — пераважна мусульман, але таксама хрысціян, — каля 90%. Амаль усе габрэі Палесціны тады размаўлялі або па-арабску, або на ладзіна — мове сефардаў (перасяленцы з Іспаніі і паўночнага Міжземнамор’я). Усходнееўрапейскія габрэі ашкеназі пачалі пераязджаць на Святую Зямлю, у «Сіён», з 1880-х. Сіянісцкі парыў нарастаў, у 1922 годзе габрэі ўжо складалі ў Іерусаліме большасць, а па стане на 1948 год у Ізраілі сабралася ўжо 600 тысяч габрэяў.

20-гадовы Бегін (справа) разам са сваім кумірам і начальнікам па арганізацыі «Бейтар» Зээвам Жабатынскім праводзіць парад-агляд габрэйскай моладзі ў Пінску. Wikimedia Commons.

Паралельна набіраў моц арабскі нацыянальны рух. Арабы спачатку марылі пра вызваленне ад Асманскай імперыі, а пасля — ад еўрапейскіх каланізатараў.

Арабы тады пераважна вялі патрыярхальны лад жыцця, мелі нізкі ўзровень адукацыі. А вось габрэі з Усходняй Еўропы былі носьбітамі найноўшых тэхналогій, у тым ліку сацыяльных: засноўваюцца сельскагаспадарчыя паселішчы і кааператывы — кібуцы і машавы, а таксама першыя чыста габрэйскія гарады — Тэль-Авіў і Хайфа. Рэй вядзе Партыя працы на чале з Давідам Бэн-Гурыёнам, які выступаў за моцную ролю дзяржавы ў рынкавым і нацыянальным кіраванні. 

Арабы перыядычна бунтуюць, пагромнічаюць. Габрэйскія пасяленцы прыходзяць да разумення патрэбы ў стварэнні моцнай самаабароны. Такія людзі, як Бегін, з палітычным і ваенным досведам, у «ішуве», гэта значыць «пасяленні», як знаходка.

Па-над арабамі і габрэямі — брытанскія каланіяльныя ўлады, якія кіруюцца прынцыпам «падзяляй і ўладар», сутыкаючы народы лбамі. А на заходнім даляглядзе — нацысцкі афрыканскі экспедыцыйны корпус генерала Эрвіна Ромеля. Ён імкнецца выбіць англічан з Блізкага Усходу. Габрэйская супольнасць балансуе: падтрымлівае брытанцаў супраць гітлераўцаў і адначасова выбудоўвае падпольныя структуры, каб у зручны момант захапіць уладу ў Палесціне. 

Бегін уліваецца ў падполле. У снежні 1943 года ён становіцца кіраўніком узброенай групоўкі «Іргун» — па-габрэйску гэта значыць «арганізацыя». Яе таксама называлі «Эцэль» па абрэвіятуры ад яе поўнай назвы. У адрозненне ад «Хаганы» (афіцыйнай самаабароны), «Іргун» абвясціў паўстанне супраць брытанцаў і перайшоў да тэрактаў.

Габрэйскае самакіраванне было катэгарычна супраць такой тактыкі, лічыла, што падчас вайны брытанцаў чапаць не варта.

«Раскол быў жахлівы», — зазначыў потым Бегін. 

Выбух у гатэлі «Цар Давід»

Паваротным момантам у змаганні за незалежнасць Ізраіля стаў выбух у гатэлі «Цар Давід» у Іерусаліме — месцы працы брытанскай адміністрацыі. 22 ліпеня 1946 года іргунаўцы пранеслі праз службовы ўваход гатэля запоўненыя дынамітам бітоны з-пад малака. Магутны выбух знёс правае крыло гатэля, загінуў 91 чалавек — сярод іх 41 араб і 17 габрэяў, але пару дзясяткаў брытанцаў таксама. Пасля такіх тэрактаў адносіны габрэяў і брытанцаў не маглі быць ранейшымі. А кіраўнік габрэйскага самакіравання Бен-Гурыён назваў «Іргун» «ворагамі габрэйскага народа».

Гатэль «Цар Давід», рэзідэнцыя брытанскай адміністрацыі, стаў аб’ектам габрэйскага тэракта. Booking.com.

Канспіратар 

Англічане прызначалі за галаву Бегіна ўзнагароду — 10 тысяч фунтаў. Хаваючыся ад паліцыі — некалькі гадоў! — Бегін маскіраваўся пад рабіна, выхадца з Емена. Дзеля гэтага ён надзеў ярмолку і адгадаваў бараду. Жонка Аліцыя і сын Зээў-Беньямін дапамагалі ў канспірацыі. 

Цяжка не стаць палітыкам, калі ты расцеш у сям’і Бегіна. Сын хоць і вывучыўся на геолага, але працягнуў справу бацькі — у 90-я гады стаў палітыкам і дэпутатам ізраільскага парламента — Кнэсэта.

Бегін з жонкай Аліцыяй і сынам Зээвам-Беньямінам. Wikimedia Commons.

Чалавек ідэі

У 1948 годзе Ізраіль паспяхова згуляў на супярэчнасцях між вялікімі дзяржавамі — ЗША, СССР і Брытаніяй — і абвясціў незалежнасць. «Іргун» уліваецца ў Армію абароны Ізраіля. Кіраўніком урада становіцца сацыял-дэмакрат Давід Бен-Гурыён, а Бегін стварае правую партыю «Херут» («Воля»). «Херут» у парламент праходзіць, але набірае толькі 11,5% галасоў. Бегіна чакаюць 30 гадоў у апазіцыі. Але Ізраіль — дэмакратычная дзяржава, Бегін мог весці палітычную агітацыю. І ад выбараў да выбараў папулярнасць яго правай партыі расла. 

Сабраўшы пад свае сцягі сефардскіх, ці ўсходніх, яўрэяў, Бегін пабудаваў сваю палітычную сілу на аснове артадаксальных рэлігійных вераванняў і біблейскай ідэалогіі, а не сацыялістычных ці ліберальных ідэалаў. 

Давід Бен-Гурыён абвяшчае незалежнасць Дзяржавы Ізраіль. Тэль-Авіў, 1948 год. Yediot.co.il.

Бегін рос у перыяд між дзвюма войнамі. Гэта былі жорсткія часы. На светаўспрыманне Бегіна паўплываў і кашмар Халакосту. Усе да аднаго брэсцкія сваякі Менахема загінулі. «Мы не хочам нямецкіх грошай!», «Ворагу няма выкуплення!» — заявіў Бегін, калі ўлады ФРГ на знак прымірэння і «выпраўлення зла» абвесцілі пра грашовыя выплаты габрэям.

У адказ ізраільскія радыкалы — пэўна, падагрэтыя ў тым ліку і прамовамі Бегіна — адпраўляюць на імя нямецкага канцлера Конрада Адэнаўэра канверт з выбухоўкай. Да Адэнаўэра ён дайсці, ясная рэч, не мог, але гіне чалавек, які спрабаваў бомбу абясшкодзіць.

Гэты радыкалізм спалучаўся ў Бегіне з побытавым кансерватызмам. Яго палітычныя канкурэнты з Партыі працы апраналіся нефармальна, часам нават у шорты замест штаноў. Тады як Бегін нават у самую спёку заўсёды хадзіў у строгім чорным касцюме пры гальштуку. Цікава, што яго сын, Зээў-Беньямін, калі стаў дэпутатам парламента і міністрам, у адрозненне ад таты, зняў строгі пінжак і зменшыў сваё доўгае, якое патыхала еўрапейскімі хасідскімі традыцыямі, імя да народнага Бені.

Вяршыня ўлады

Гегемонія сацыялістаў, што трывала ад часоў стварэння дзяржавы ў 1948-м, скончылася ў 1977-м. Пасля чарговых выбараў Бегін стаў прэм'ерам.

У грамадстве назапасілася незадаволенасць карупцыяй. Акрамя таго, выхадцы з арабскіх краін, «мізрахі», былі ў крыўдзе на тое, што еўрапейскія габрэі глядзелі на іх звысоку. 

Турэмны здымак Бегіна з віленскіх Лукішак. Wikimedia Commons.

Аднак з першых дзён прэм’ерства Бегін паводзіў сябе не так, як ад яго чакалі прыхільнікі «жалезнай рукі». На ключавую пасаду міністра замежных спраў ён паставіў аднаго са сваіх палітычных праціўнікаў — Машэ Даяна і пачаў перамовы з егіпецкім кіраўніцтвам па мірным урэгуляванні.

Яны скончыліся падпісаннем у амерыканскім Кэмп-Дэвідзе спачатку папярэдняга пагаднення 17 верасня 1978 года, а 26 сакавіка 1979-га — і паўнавартаснай мірнай дамовы. Паводле яе ўмоваў Ізраіль вяртаў Егіпту Сінайскі паўвостраў і прызнаваў «законныя правы палесцінскага народа». Краіны выходзілі са стану ўзаемнай вайны, паміж імі ўсталёўваліся дыпламатычныя і эканамічныя адносіны.

А пасля было паспяховае знішчэнне ў 1981 годзе амаль дабудаванага іракскага атамнага рэактара ля Багдада. Дзёрзкая аперацыя — і атамная праграма Садама Хусэйна была разбітая ў друз.

Была і пабудова яўрэйскіх пасяленняў на Заходнім беразе Іардана. Бегін разглядаў тэрыторыі, захопленыя падчас вайны з арабамі ў 1967 годзе, як спадчынныя землі Юдэі і Самарыі са Старога Закону. Яго ўрад лічыў іх засяленне сваім, можна сказаць, маральным і рэлігійным абавязкам. Такое спрэчнае рашэнне выклікала крытыку з боку апазіцыі і асуджэнне ААН, якая назвала пабудову пасяленняў «незаконнай». У адказ Бегін абвясціў усяму свету, што Ізраіль не мае патрэбы ні ў чыім бласлаўленні і што ён «легітымны таму, што ён існуе».

Ізраіль і Егіпет падпісваюць мірную дамову пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Джымі Картэра. Wikimedia Commons.

А пасля быў самы ганебны момант. Вайна ў Ліване, 14 верасня 1982 года мусульмане-палесцінцы забіваюць прэзідэнта краіны, хрысціяніна, саюзніка Ізраіля. У адказ ізраільскія войскі фактычна прапускаюць хрысціянскіх апалчэнцаў у лагеры ўцекачоў-мусульман Сабра і Шаціла. За два дні, 16 і 17 верасня 1982 года, там забілі паўтары тысячы чалавек. 

Юрыдычную адказнасць за гэта традыцыйна ўскладаюць на міністра абароны Арыэля Шарона, але ж прэм’ерам быў Бегін.

Нечаканы сыход

А сышоў Бегін з пасады нечакана. Ён быў з візітам у ЗША, калі ад хранічнай эмфіземы лёгкіх памерла яго жонка. Смерць самага блізкага чалавека пагрузіла Бегіна ў глыбокую дэпрэсію. Ён так і не патлумачыў публічна прычын сваёй адстаўкі. На пасяджэнні ўрада Бегін проста сказаў: «Прычына майго паведамлення абсалютна асабістая. Ад пачатку я прашу прабачэння, перапрашаю ўсіх. Ці атрымаю я прабачэнне ад усіх — гэтага я не ведаю»…

Сем наступных гадоў ён пражыў у сваёй двухпакаёўцы каля Іерусалімскага лесу. Жыць у звычайнай кватэры было нормай для тадышніх кіраўнікоў Ізраіля. Бен-Гурыён доўгі час увогуле туліўся ў кібуцным бараку. Затое Ізраіль пры іх кіраванні ператварыўся ў адну з самых заможных краін планеты. Гэта былі людзі ідэі, грошы для іх былі нечым другасным.

Менахем Бегін гуляе ў шахматы са Збігневам Бжэзінскім у перапынку мірнай канферэнцыі ў Кэмп-Дэвідзе. 1978 год. Wikimedia Commons.

Менахем Бегін памёр халоднай зімовай ноччу, перад світанкам, 9 сакавіка 1992 года, у панядзелак (4-ы дзень месяца Адар-Бет 5752 года па габрэйскім календары). Ён прасіў пахаваць сябе без ушанавання, без прамоў, як хаваюць людзей з народу, і не ў некропалі кіраўнікоў краіны, а на старажытных габрэйскіх могілках на Аліўнай гары ля муроў Старога горада ў Іерусаліме. Побач з таварышамі па падполлі з «Іргуна», якіх брытанцы асудзілі на смерць за тэрарызм. Тысячы людзей праводзілі Менахема Бегіна ў апошні шлях. 

Рэдакцыя дзякуе Ірыне Ваўранюк за істотныя дапаўненні ў гэты артыкул.

Пятро Барысевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930