Даслаць навіну
Знайсці
10.11.2019 / 11:49 19

Як выглядала Беларусь 100 гадоў таму: унікальныя ФОТЫ салдатаў Германскай імперыі

Мноства незахаваных архітэктурных помнікаў, храмаў і нават цэлыя вёскі Беларусі засталіся на папяровых выявах дзякуючы салдатам і афіцэрам арміі Германскай імперыі, піша радыё «Свабода».

11 лістапада традыцыйна ўшаноўваецца памяць ахвяраў Першай усясьветнай вайны. У гэты дзень 1918 году было падпісанае Камп’енскае замірэньне, якое паклала канец глябальнаму процістаяньню тагачасных імпэрый. Зрэшты, для Беларусі кампанія скончылася значна пазьней — германцы сыходзілі адсюль усю першую палову наступнага году.

Бясцэнная германская хроніка

У савецкіх рэспубліках тагачасным падзеям не надавалася асаблівай увагі, бо роля бальшавікоў у той вайне была досыць непрывабная. Беларусь ня стала выключэньнем — пры тым, што тры гады яе падзяляла лінія фронту, а насельнікі прайшлі праз самую гарлавіну «Вялікай вайны».

Павялічыць выяву

Нямецкі салдат перад палацам у Кабыльніку (цяпер аграгарадок Нарач на Мядзельшчыне), 1915. Сядзіба збудаваная ў другой палове ХІХ ст. Палац спалены партызанамі ў 1943-м

Павялічыць выяву

Кайзераўскі салдат у Пяршаях на Валожыншчыне, 1916. Драўляны храм, пабудаваны яшчэ Юрыем Радзівілам, неаднаразова цярпеў ад пажараў і рамантаваўся. У 1933 годзе замест яго ўзьведзены каменны будынак, ад другой паловы ХХ стагодзьдзя выкарыстоўваўся як вытворчае памяшканьне. У 1990-х вернуты вернікам. Іншых выяваў драўлянага касьцёлу не засталося

Сотні тысяч тутэйшых мужчын былі мабілізаваныя ў царскую армію, кожны дзясяты палёг на фронце. Мільёны ўцекачоў пакінулі свае дамы, вярнулася толькі палова.

Асобнай згадкі вартыя матэрыяльныя страты — па ўсёй Беларусі былі зраўнаныя зь зямлёй гарады і вёскі, зьнішчаныя гістарычныя помнікі.

Павялічыць выяву

Царква ў Дабромысьлі пад Івацэвічамі, 1916. Драўляны храм быў пабудаваны ў XVIII стагодзьдзі, страчаны у ХХ-м

Павялічыць выяву

Царква ў Баранавічах, 1915. Драўляны храм быў пабудаваны ў 1908 годзе, згарэў у 1921-м. Пазьней на ягоным месцы ўзьведзены каменны Сьвята-Пакроўскі сабор

Беларускую храналёгію таго пэрыяду аднаўляе сябра фонду памяці «Крокі» Ўладзімер Багданаў. Калекцыянаваньне трафэйных фатаграфій паступова перарасло для яго ў дасьледчую працу. На сёньня ў творчым даробку шэраг кніг і фотаальбомаў, тысячы дакумэнтальных сьведчаньняў таго часу — фатаграфіі, паштоўкі, карціны, літаграфіі, палкавыя кнігі.

Найчасьцей аўтары фатахронікі — нямецкія салдаты і афіцэры, на чыю радзіму тэхнічны прагрэс прыйшоў значна раней, чым у Расейскую імпэрыю. Фармаваліся адмысловыя мастацкія роты, якія спэцыялізаваліся на самай разнастайнай друкаванай прадукцыі, у тым ліку з рэаліямі прыфрантавога жыцьця.

Павялічыць выяву

Палац у Кабаках каля Бярозы-Картускай, 1915. Пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі. Быў моцна пашкоджаны ў 1939 годзе, у 1950-я разабраны насельніцтвам на будматэрыялы

Павялічыць выяву

Сядзібны дом ў Шэметаве, 1916. Пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі. Спалены партызанамі ў 1943 годзе разам з апошнімі гаспадарамі

Самыя каштоўныя — тыя, на якіх зьніклая спадчына Беларусі: храмы, палацы, мястэчкі. Не заўсёды прычынай разбурэньняў была вайна — у мірны час шчыравалі савецкія майстры навадзелаў. Але важна, што іх пасьпелі зафіксаваць на стужку армейскіх фотаапаратаў.

Як тлумачыць Уладзімер Багданаў, усё страчанае можна падзяліць на дзьве часткі: тое, што зьнішчана падчас баявых дзеяньняў, і тое, чым сьвядома ахвяравалі пасьля абедзьвюх войнаў.

Павялічыць выяву

Касьцёл у Задзеўі на Пастаўшчыне, 1915. Пабудаваны ў 1911 годзе. Значна пашкоджаны артылерыяй у 1915-1916, пасьля чаго разабраны немцамі на цэглу

«Напрыклад, Задзеўе пад Паставамі. У 1911 годзе, неўзабаве перад вайной, там пабудавалі касьцёл. Ён апынуўся на лініі фронту, па ім лупіла расейская артылерыя і ўшчэнт разьбіла. У выніку немцы яго разабралі на цэглу для акопных печак. Аналягічным чынам зьнішчаныя храмы ў Смаргонях і Крэве. А, скажам, касьцёл Сьвятога Станіслава ў Пінску, які на момант пабудовы ў XVII стагодзьдзі лічыўся самым вялікім у Рэчы Паспалітай, выстаяў Вялікую вайну. Затое пасьля Другой усясьветнай яго пастанавілі зьліквідаваць праз «аварыйнасьць», хоць былі пашкоджаныя толькі вежы. Два тыдні падрывалі».

Павялічыць выяву

Прыдарожная капліца каля Шэметава, 1916. Год пабудовы і лёс сьвятыні невядомыя

Паводле нямецкіх здымкаў, недзе паміж вёскамі Воўчына і Насовічы, што каля Шэметава на Мядзельшчыне, стаяла адна з самых вялікіх вядомых прыдарожных капліцаў, сягала яна ўверх мэтраў на 15. А цяпер дасьледчыкі ня могуць знайсьці хоць якія ўскосныя прыкметы, абсалютна ніякіх сьлядоў.

Бальшавікі руйнавалі хутчэй, чым войны

А вось Менск не стаяў на лініі фронту, ваенных дзеяньняў тут не вялося. Германцы сюды зайшлі толькі ў 1918 годзе, але пасьпелі пакінуць нашчадкам тагачасных месьцічаў дакумэнтальныя сьведчаньні таго, як выглядаў іхні горад на пачатку ХХ стагодзьдзя. Напрыклад, незвычайнай архітэктуры будынак вакзалу.

Павялічыць выяву

Чыгуначны вакзал у Менску (Віленскі), 1918. Пабудаваны ў 1873 годзе. Значна перароблены ў 1930-я і зьнесены пры будаўніцтве новага вакзалу ў 1990-я

Павялічыць выяву

Касьцёл Марыі, Дом губэрнатара і вежа-званіца калегіюму езуітаў, 1918. Комплекс калегіюму будаваўся цягам XVIII стагодзьдзя. У сярэдзіне ХХ-га касьцёл пераабсталяваны ў спартовую залю (адноўлены ў 1990-я), Дом губэрнатара перабудаваны ў музычную школу, на месцы калегіюму і вежы-званіцы паўстаў жылы дом

«Многіх помнікаў гісторыі, якія немцы ня толькі пабачылі, а і зафіксавалі, у Менску ўжо няма, — працягвае дасьледчык. — І зусім ня ў выніку войнаў, а пастараліся новыя ўлады. Мячэт, сынагога, кірха, Пакроўская, Казанская цэрквы — нічога гэтага не засталося. Усё наступствы бальшавізму: савецкая ўлада разабралася з тымі, хто не даспадобы, і іх матэрыяльнай спадчынай хутчэй, чым войны. І перадусім гэта тычыцца храмаў. Дзеля справядлівасьці, гаворка ня толькі пра Менск. Так, перабудаваную ў рускім стылі фару Вітаўта ў Горадні немцы яшчэ пабачылі, а мы ўжо ні ў якім выглядзе не засталі».

Павялічыць выяву

Менскі мячэт, 1918. Пабудаваны ў 1902 годзе, канчаткова зьнішчаны пры пабудове гатэлю «Юбілейны» у пачатку 1960-х

Павялічыць выяву

Менская Сьвята-Казанская царква, 1918. Узьведзеная ў пачатку ХХ стагодзьдзя на месцы сучаснай плошчы Мясьнікова. Узарваная бальшавікамі ў 1936-м

Аналягічны лёс напаткаў шматлікія палацы, маёнткі, панскія сядзібы па ўсёй Беларусі. За савецкім часам яны ў лепшым выпадку стаялі разрабаваныя і занядбаныя, а часьцей ішлі пад знос неўзабаве пасьля таго, як былі дэклясаваныя іх гаспадары.

«Пры немцах там звычайна месьціліся штабы, і камандаваньне да нерухомасьці ставілася досыць дбайна. Некалькі разбураных маёнткаў сапраўды можна сьпісаць на ваенныя наступствы (Макрыца каля Нарачы ці Мыса на Смаргоншчыне). Але значную ролю ў зьнішчэньні адыгралі партызаны Вялікай Айчыннай, якія ў рамках тактыкі «выпаленай зямлі» палілі ўсе безабаронныя сядзібы, нават тыя, дзе на той момант немцаў не было (Кабыльнікі, Шэметава, Косаўскі палац). Усё астатняе — савецкая безгаспадарнасьць і беднасць: іх проста разьбіралі на будаўнічыя патрэбы. Зрэшты, калі надмагільлі вырывалі з коранем і клалі ў падмуркі фэрмаў, дык што казаць пра будынкі з цэглы, якой катастрафічна не хапала?».

Павялічыць выяву

Сядзіба ў Вялікай Мысе пад Смаргонямі, 1916. Пабудаваная ў ХІХ стагодзьдзі. Разбураная рускай артылерыяй у сакавіку 1917-га

Павялічыць выяву

Германцы ў Шчорсах, 1916. Палац Храптовічаў узьведзены ў другой палове XVIII cтагодзьдзя. Комплекс пацярпеў у Першую сусьветную вайну, цалкам разабраны ў 1950-я

Зь нямецкіх фатакартак пазіраюць тады яшчэ даволі шматлюдныя беларускія вёскі, будучыя ахвяры індустрыялізацыі і ўрбанізацыі. Дзеля справядлівасьці, там, дзе стаялі немцы, адбываліся істотныя цывілізацыйныя зьмены: клалі ходнікі, асушвалі дарогі, праводзілі электрычнасьць, запрацавалі першыя кінатэатры.

Шмат якія паселішчы ў недалёкім савецкім будучым чакаў лёс «непэрспэктыўных». Таму здымкі, якія немцы рабілі ў вёсках, самі па сабе ўнікальныя, лічыць Уладзімер Багданаў.

Павялічыць выяву

Вёска Інтока (цяпер не існуе) на Пастаўшчыне, 1916. Зьнікла як непэрспэктыўная ў другой палове ХХ стагодзьдзя

Павялічыць выяву

Рыбацкая вёска Атокі, 1917. Стаяла на самым беразе памежнага з Польшчай Бугу і зьнікла ў ХХ стагодзьдзі

«У гарадах гістарычныя помнікі, будынкі калі-нікалі фатаграфавалі, а вось ад некаторых вёсак хіба пару малюнкаў засталося. Як, скажам, на Пастаўшчыне. Наогул, быў такі панятак за савецкім часам: пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя. Відаць, многія з тых вёсак, якія існавалі ў Першую ўсясьветную, з калектывізацыяй трапілі ў шэраг непэрспэктыўных і, як вынік, выжыць ня здолелі. Таму па гэтых выявах можна паназіраць, як ХХ стагодзьдзе катком пракацілася па Беларусі, якую колькасьць самабытнага багацьця мы страцілі».

Павялічыць выяву

Мост праз рэчку Ластаянку, на другім беразе — сядзібны дом ў вёсцы Куты. Сядзіба страчаная ў ХХ стагодзьдзі

Павялічыць выяву

Сядзіба ў Кушлянах, 1916. Страчаная пасьля далучэньня заходняй часткі Беларусі да БССР у 1939 годзе

Часьцей перадавая праходзіла ўдалечыні ад населеных пунктаў, таму руйнаваньні былі не такія значныя. Аднак абмінуць гарады ды вёскі ўдавалася не заўсёды. Найбольшыя разбурэньні — у Смаргонях, Паставах, Ляхавічах, Баранавічах, Берасьці.

Імпэрская тактыка «выпаленай зямлі»

Гэтаксама разбураны шэраг архітэктурных помнікаў, якія апынуліся па розныя бакі лініі фронту і рэгулярна абстрэльваліся. Напрыклад, Крэўскі замак і былы касьцёл у суседнім Наваспаску: у замку хаваліся немцы, у храме — расейцы. Адны адных «выкурвалі» масіраваным агнём.

Павялічыць выяву

Разбураны касьцёл у Крэве, 1916. Пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі, пасьля Першай сусьветнай вайны на ягоных падмурках узьведзены драўляны каталіцкі храм. У савецкі час перароблены ў шпіталь, канчаткова зьнесены ў 2002-м

Павялічыць выяву

Зьнішчаны храм у Смаргонях, 1918. Пабудаваны ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Пасьля Першай сусьветнай вайны не аднаўляўся

Вялізныя страты інфраструктуры нанесла тактыка «выпаленай зямлі», якую ўжывала расейская армія. Ва ўмовах, калі авіяцыя яшчэ не была разьвітая, для немцаў сур’ёзнай праблемай было забесьпячэньне войска.

Харчы, матэрыялы, жывую сілу для розных работ немцы мусілі шукаць на акупаванай тэрыторыі. Адступаючы, расейцы нішчылі ня толькі стратэгічныя аб’екты (як фарты Берасьцейскай і Гарадзенскай крэпасьцяў), а і камунікацыі — масты, чыгункі, вытворчыя будынкі, заводзкае абсталяваньне.

Павялічыць выяву

Велічны касьцёл у Пінску, 1916. Будаўніцтва завершанае ў 1648 годзе. Узарваны як «аварыйны» у 1953-м

Павялічыць выяву

Храм у Асташыне (цяпер Карэліцкі раён), 1915. Кальвінскі збор пабудаваны ў XVI стагодзьдзі, зьнішчаны ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя

Вызваленьне беларускіх земляў пачалося пасьля перамогі саюзьнікаў у Эўропе і зьвязана з падпісаньнем Камп’енскага пагадненьня 11 лістапада 1918 году. Па яго ўмовах Нямеччына павінна была вывесьці свае войскі з занятых тэрыторый.

Зь Менску кайзэраўцы сыходзяць у сьнежні таго ж году, але заходнія рэгіёны канчаткова пакідаюць аж да сярэдзіны 1919-га. Так што фармальна для Беларусі 100-годзьдзе заканчэньня Першай усясьветнай вайны надышло толькі сёлета.

Павялічыць выяву

Страчаная традыцыя гарадзкіх кірмашоў. Ліда, 1917 год

Ігар Карней, Радыё Свабода

13
Valadzimir / адказаць
10.11.2019 / 22:57
// alex пісаў 10.11.2019 / 14:37 Что касается статьи, то нужно помнить о древнем Бресте, который оккупанты стёрли с лица земли ПОЛНОСТЬЮ!!! ... Люди, опомнитесь! Это наш злейший многовековой враг!!! // ................................................................................................................................. Вабшчэта, уважаемый, расейскія захопнікі Вялікага Княства ЛІТОЎСКАГА сцёрлі з твару зямлі Брэст-ЛІТОЎСКІ. Прычым тут Белоруссия-Беларусь, якую стварылі расейскія бальшавікі, і ў якой няма ніякай "многовековой" гісторыі і такіх самых "многовековых врагов"?
1
алесь менски / адказаць
12.11.2019 / 21:04
примерно половину, из сфотографированного, можно восстановить. Костелы и усадьбы, прежде всего.
0
Грамазека / адказаць
17.11.2019 / 20:13
Юзік Крулеўскі, у тым та и загадка, што будавали их людзи. Нажаль пардучникау па будауничай навуке старэйшых за савецки час я не бачыу.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31