Знайсці
23.12.2019 / 21:511РусŁacБел

Ліст Тарашкевіча Цвікевічу: «Гамер, стары мой прыяцель, разганяў маю нуду ў жудасных абставінах…»

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у фондзе былога Інстытута гісторыі партыі ў адной са спраў захоўваецца машынапісны дакумент на некалькі старонак. Уверсе — рукапісная рэзалюцыя: «Вельмі цікавы ліст! Але да зборніка не падыходзіць». Да якога менавіта зборніка, не ўдакладняецца, але можна меркаваць, што гаворка тут ідзе пра двухтомнае выданне «Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР», падрыхтаванае пры актыўным удзеле Гістпарта ў 1960—1970-­я гады.

У канцэпцыю такога зборніка гэты сапраўды вельмі цікавы ліст, датаваны 16 сакавіка 1930 года, і праўда зусім не ўпісваўся. Аўтарам ліста быў стваральнік тады яшчэ афіцыйна дзейнай граматыкі беларускай мовы, а таксама грамадска-­палітычны дзеяч Браніслаў Тарашкевіч, які ў той час ужо чацвёрты год (з прысуджаных яму судом 12­-ці) сядзеў у польскай турме па справе Беларускай сялянска­-работніцкай грамады. Адрасаваўся ж ліст іншаму заслужанаму нацыянальнаму дзеячу Аляксандру Цвікевічу, апошняму прэм’еру эміграцыйнага ўрада БНР, які пасля ліквідацыі ўрада ў 1925 годзе пераехаў у Мінск і займаўся там культурна­-навуковай дзейнасцю. Калі стаўленне да Тарашкевіча з боку афіцыйнай савецкай навукі пасля ХХ з’езда партыі было даволі стрыманым, але ўсё ж не адназначна негатыўным, то Цвікевіч аж да часоў гарбачоўскай перабудовы калі і згадваўся, то ў выключна адмоўным кантэксце — як нацыяналіст, контррэвалюцыянер і вораг усяго савецкага. Натуральна, што ліст да такога чалавека не меў аніякіх шанцаў прайсці праз партыйную цэнзуру.

Браніслаў Тарашкевіч — палітык і мовазнавец, аўтар першай граматыкі беларускай мовы. Нарадзіўся на Віленшчыне ў сялянскай сям’і, з дапамогай мясцовай памешчыцы паступіў у віленскую гімназію. У 1916 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта. У 1921-м дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, з 1922-га — дэпутат у польскім Сейме. Лідар самай шматлікай у Польшчы арганізацыі беларусаў — Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Правёў у польскай турме агулам пяць гадоў. У 1933-м у выніку абмену палітвязнямі трапіў у СССР. У 1937-м арыштаваны, у 1938-м ці то расстраляны, ці то загінуў ад катаванняў. Фота: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі.

Непрымальным для камуністычнага дакументальнага зборніка быў і змест ліста. Хоць імя Тарашкевіча ў савецкі час увогуле з гісторыі не выкрэслівалі, акцэнт у ягонай біяграфіі рабіўся перадусім на тых момантах, калі ён дзейнічаў як леварадыкальны палітык — ці то як старшыня прасавецкай БСРГ, ці то як член КПЗБ. У гэтым жа лісце ён камуніст хіба толькі тады, калі піша пра тыя кнігі, якія ўжо прачытаў і збіраецца чытаць далей. У асноўным жа гаворка вядзецца аб працы на чыста нацыянальным грунце, да якой Тарашкевіч па іроніі лёсу здолеў вярнуцца, толькі сеўшы ў турму. У папярэднія ж гады, пачынаючы з 1922-­га, калі ён стаў дэпутатам польскага парламента і кіраўніком беларускай фракцыі ў ім, палітычная дзейнасць яго на некалькі гадоў захапіла цалкам, прымусіўшы амаль начыста забыцца пра ўсялякія здзяйсненні на культурнай ніве.

 

Браніслаў Тарашкевіч (чацвёрты справа ў другім шэрагу) з вучнямі і выкладчыкамі Віленскай беларускай гімназіі. 1921 год. Фота: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі.

Мілы дружа Аляксандр Іванавіч!

Ад сэрца быў рады, дастаўшы Тваё пісьмо. Можа, і не дасі веры, як мне прыемна было яго атрымаць. Успаміналася мне так жыва­жыва кароткае, але такое блізкае знаёмства з Табою — і чарка, і люлька, і песня, і гарэлка, а ўсяго ў меру. Наша жыццё такое беднае знешнімі ўражаннямі, і што старое перажытае, асабліва сімпатычнае, устае ва ўспамінах як жывое, сучаснае. Таму хіба паверыш, што паміж сваімі добрымі знаёмымі і мілымі прыяцелямі я не раз успамінаў і Цябе са шчырай сімпатыяй.

А столькі гадоў не бачыліся! Колькі за гэты час велічэзных хваляў штурмавала да берагоў і да тамаў[1]сучаснага свету! І цяжка, браце, прывыкшаму да бураў апынуцца ў клетцы. Але нічога, гэта новая задача — перамагчы астрог і няволю. Што было цяжкога — і фізічна, і маральна, — здаецца, беспаваротна мінула. Чуюся бадзёры і вясёлы. Памятаеш мо песеньку:

«Раз гараў я пад гарою, трах —
і плуг зламаўся;
Яж не плакаў над сабою, сеў —
і засмяяўся…»

Уважаю, што куды лепш смяяцца, як плакаць. Бяда толькі, што сярод вязняў замала знаходзіцца такіх ахвотнікаў да смеху, але часам здараюцца.

Жадаючы для свайго пісьма шчаслівай дарогі, не буду Табе апісваць нашага жыцця. Адно толькі магу сказаць: просто жизнь, а не малина. Але жывем памаленьку і нават мала тужым.

Пытаешся мяне аб занятках. Каб заўсёды былі магчымыя і адпаведныя варункі для работы, то можна было б зрабіць вельмі шмат. Маю сілы і ахвоту. Але калі сядзіш у грамадзе, то праца — навуковая — не спорыцца. Ты хіба чуў, што я пералажыў усю «Іліяду» гекзамэтрам на беларускую мову. Можа, гэта рэч і не зусім актуальная, але былі такія варункі, што нельга было нічым іншым заняцца, а Гамер, стары мой прыяцель, разганяў маю нуду ў жудасных абставінах. Ці калі пабачу свой пераклад друкаваны — не ведаю. Апрача таго, перарабіў сваю граматыку (з поспехам, на калене) і мною напісаны сінтаксіс. Распачаў колькі працаў літаратурнага і філалагічнага характару, але праца ўперлася ў зачыненыя астрожныя дзверы: нельга дастаць матэр’ялу. Цяпер думаю заняцца дыялекталогіяй Зах. Беларусі: маю да гэтага свае старыя матэр’ялы і тутака жывы фальклор сваіх землякоў з розных паветаў. Дастань, калі ласка, існуючыя праграмы да збірання беларускіх гутарак (Карскі, Некрашэвіч, […][2]) і розныя «областные белорусские словари». Праўда, што я цяпер больш зацікавіўся эканамічнымі, палітычнымі і філасофскімі пытаннямі, але не пакідаю і філалогію. У канцы падам цэлую літанію кніжак, якія папрашу Цябе прыслаць, а цяперака аб справе, якая Цябе цікавіць.

Кніжка твая, за якую дужа дзякую, знаходзіцца, на жаль, на цэнзуры ў пракурора. Тая тэма, над якой ты працуеш цяпер, цікавіла і мяне. Рад з Табой падзяліцца цікавымі весткамі. У пачатку 1925 г. я дастаў ад […], аўтара кнігі […] згадай што?.. Адзін нумар «Гомана» літаграфаваны, не памятаю якога году, магчыма 1884, як твае, але, можа, нейкі іншы. Гэтую рэдкасць я аддаў у Беларускі музей у Вільні.

Аб Гурыновічу я надрукаваў артыкул, калі не памыляюся, у пачатку 1921 г. у «Беларускім звоне». Можа ўспомніць аб гэтым Аркадзь. Паперы, якія я дастаў ад сваячаніцы Гурыновіча, знаходзіліся ў маім архіве, які мая жонка хіба што перадала таксама ў Беларускі музей у Вільні. Тамака ёсць яго фатаграфія і крыху не зусім удалых вершаў: відаць, пачатковыя спробы. Гэтыя спробы, пісаныя ў турме, далі мне падставу думаць, што вядомы верш «Панскае ігрышча» (каб ты ведаў, брат, кумішча…) запраўды напісаў не Багушэвіч, а той самы Гурыновіч.

Працуючы над эпохай Дуніна-­Марцінкевіча, Кіркора і Ко, прымі пад увагу, што у […] у Вільні ёсць вельмі цэнны і цікавы альбум Артэмія Вэрыгі­-Дарэўскага. […] Аб ім з маіх слоў дужа коратка піша Карскі. Я аб ім калісьці напісаў вялікі артыкул, які, на жаль, ад мяне ўкралі нейкія таемныя рукі ў 1921 г. разам з усімі рукапісамі і дакументамі. Як пасля аказалася, гэтая кража была зусім не зладзейскай… Цэнныя весткі і рады можа даць Зямкевіч. Вельмі жадаю Табе поспеху ў працы, з нецярпеннем буду чакаць ад Цябе тваіх твораў.

Я дастаў цэлы рад выданняў Акадэміі навук. Вельмі радуемся вялізным вынікам вашай працы, а правакацыйным чуткам не верым.

Шчыра спачуваю твайму гору па сыне. Я сам так балюча адчуваю разлуку са сваёй сям’ёй і з сваім сынком, а што ж часовая, хоць і доўгая разлука у параўнанні з такою вечнаю разлукаю, як смерць. Але ж хіба нельга прайсці праз жыццё без вялікіх і цяжкіх страт… Усім маім прыяцелям пасылаю шчырае прывітанне.

Цісну тваю руку і цалую Цябе.

Твой Тарас.

16.ІІІ.30.

 

Бачыш, браток: […]; Дзеля гэтага і я папрашу Цябе прыслаць мне сякія­такія кніжкі.

  1. Деборин. История философии. Тытул, можа, інакшы, нешта ў родзе філасофскай анталогіі.
  2. Покровский: а) История России, б) Особенности исторического развития России, в) История культуры.
  3. Ленин. Собрание сочинений. Выберы тамы да рэвалюцыі 1917 года і перасылай у колькі прыёмаў. У першую чаргу «Эмпириокритицизм и материализм» і іншыя легальныя выданні за царскіх часоў. Віленскі пракурор абяцаў прапусціць.
  4. Плеханов. Собрание сочинений. Калі ёсць магчымасць, хоць усе — не зашкодзіць.
  5. Разумовский. Диалектический материализм.
  6. Рознай белетрыстыкі — новых пісьменнікаў, але што добрае.
  7. Розныя беларускія навінкі.

Табе, як старому юрысту старых часоў, будзе не трудна дабраць так літаратуру, каб яна прайшла праз астрожную ці пракуратарскую цэнзуру. Павінны прапусціць творы навукова­тэарэтычнага зместу, прапагандыстычнага — не. Памянёныя кніжкі можаш пераслаць у два­тры разы на маё імя ў астрог.

Назвы кніжак, можа, не зусім точныя, але прадмет абы той самы. Кніжкі і пісьмы высылай заказным. Пішы, што высылаеш, найлепш на машынцы, каб маглі прачытаць па­беларуску.

Да гэтага далучаю сваю фатаграфію і ўдзячнасць за будучую ўслугу. Так ці інакш чакаю ад Цябе найхутчэйшага адказу.

Твой Б. Т.

«Капитал» Маркса і «Финансовый капитал» Гільфердынга дастаў яшчэ ў Вільні і ўжо перапрацаваў. Прывет ад Мятлы.

 

Варта звярнуць увагу на дату ліста. У сакавіку 1930 года абодва дзеячы маюць вялікія творчыя планы, хай сабе ўмовы гэтаму і не зусім спрыяюць. Але ўжо праз месяц Тарашкевіч будзе нечакана вызвалены польскімі ўладамі, і яго зноў панясе, як трэску, па ранейшых палітычных хвалях — гэтым разам ужо канчаткова і з непазбежным трагічным вынікам. А ў ліпені 1930-­га і па Цвікевіча прыйдуць савецкія чэкісты, пасля чаго ў ягоным жыцці таксама пачнецца чорная паласа, якая ўжо ніколі больш не зменіцца на белую. Пра тыя «жудасныя абставіны», якія меў Тарашкевіч у польскай турме, у бальшавіцкіх вязніцах можна было толькі соладка марыць.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд 4683, вопіс 3, справа 1124, аркушы 17—20.

***

 

Фота са збораў Арсеня Ліса

Аляксандр Цвікевіч — палітык, юрыст. Нарадзіўся ў Брэсце ў сям’і чыгуначнага фельчара. Скончыў юрфак Пецярбургскага ўніверсітэта, працаваў прысяжным павераным на Берасцейшчыне. Далучыўся да беларускага руху ў час Першай сусветнай вайны. У 1918 годзе спрабаваў адстаяць беларускія інтарэсы падчас перамоў у Брэсце, ад імя БНР вёў перамовы з Кіевам і Берлінам. Да 1925 года — адзін з лідараў БНР на эміграцыі. Сабраў у Берліне канферэнцыю, якая абвясціла БССР адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі, і прыехаў з сям’ёй у Менск. Працаваў у наркамаце фінансаў і Акадэміі навук. У 1930-м арыштаваны і высланы, у 1937-м расстраляны.

[1] Перашкодаў.

[2] Тут і далей знакам […] пазначаныя пропускі ў машынапіснай копіі ліста.

Аляксандр Пашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930