Знайсці
13.09.2019 / 16:4015РусŁacБел

Па акрузе Анісім вылучыўся каларытны фермер, вядзе кампанію пад словы Кастуся Каліноўскага

У Стаўбцоўскай выбарчай акрузе зарэгістраваная ініцыятыўная група 32-гадовага Юрыя Іваноўскага, кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Пан Ежы». Іваноўскі вырашыў стаць дэпутатам пасля таго, як не дачакаўся дапамогі ад… Алены Анісім.

Юрый Іваноўскі. Фота pramen-news.by.

Юрый нарадзіўся ў Нясвіжы, бацька быў вайскоўцам. Потым сям’я пераехала ў Наваколасава. Юрый таксама адслужыў у войску. Скончыў Беларускі інстытут прадпрымальніцтва па спецыяльнасці «эканаміст-міжнароднік», але па адукацыі ніколі не працаваў.

«Бацькам у 1990-я даводзілася шмат працаваць, працавалі яны і за мяжой: Польшча, Нідэрланды, Кіпр. Былі на сезонных працах у садах. Час такі быў, чым маглі, тым і зараблялі. Мяне часта пакідалі на бабулю і дзядулю.

Кім толькі не даводзілася працаваць, нават на расійскай Поўначы быў. Працаваў мулярам, будавалі дамы ў горадзе Лабытнангі Ямала-Нянецкай акругі. Зусім побач са мной у турме «Белы мядзведзь» сядзеў Міхаіл Хадаркоўскі», — распавёў Юрый.

Па вяртанні дадому ён заснаваў фермерскую гаспадарку «Пан Ежы». Цяпер ёй ужо восем гадоў.

«Пасля Поўначы купіў закінуты будынак у Наваколасаве, абсталяваў тут цэх.

Чаго толькі не вырошчвалі ў гаспадарцы, але цяпер сканцэнтраваліся на пекінскай капусце. Доўга шукаў свой прадукт, цяпер, здаецца, знайшоў». Адкуль такая назва? Юрый кажа, што гэта гульня слоў. Бо, па-першае, Ежы — па-польску Юрый, а па-другое, гэта адсылка да ежы.

«Я актыўна ўдзельнічаю ў грамадскім жыцці. Двойчы быў дэпутатам мясцовага савета. Што мяне падштурхнула ісці ў дэпутаты Палаты? У нас па гарадку ўзнікла пытанне добраўпарадкавання, нават збіралі подпісы за пешаходныя дарожкі.

Звярнуліся мы да Алены Анісім (і пісьмова, і вусна я гаварыў), але ніякага водгуку не знайшлі, яна праігнаравала нашу просьбу», — расказвае Юрый Іваноўскі.

Збор подпісаў Іваноўскі пачне 14 верасня. Ён ужо выпусціў плакаты, на якіх напісана «Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна». Гэтыя словы паўстанцаў 1863 года Іваноўскі лічыць сваім жыццёвым дэвізам, яны напісаны і на аўтамабілі фермера.

«Я беларус, Беларусь мая айчына. І цяпер — час гэтай фразы: і ў адносінах з Расіяй, і ў палітыцы. Чаму б народу не нагадаць гэтыя словы? Мне здаецца гэта ярка і актуальна», — тлумачыць ён.

Іваноўскі не баіцца, што праз гэта яго палічаць нацыяналістам. «Гэта ж добра, мы ўсе павінны быць такімі», — кажа кандыдат.

Усяго ў Стаўбцоўскай акрузе зарэгістравана сем ініцыятыўных груп, але палову з іх Іваноўскі лічыць «статыстамі». Сур’ёзнымі канкурэнтамі ён называе толькі дэпутатку Алену Анісім і міліцэйскага начальніка Івана Мамайку.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031