Знайсці
10.04.2019 / 14:035РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Этап ганебных навін

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра кепскія навіны, якіх стала нечакана шмат апошнім часам. 

Знос крыжоў у Курапатах, суд над блогерам Пятрухіным у Берасці, «суткі» Севярынцу і Статкевічу, ператрус у офісе «Белсата» — усе гэтыя падзеі здарыліся цягам апошняга тыдня. Вы можаце не разумець, што адбываецца, то я патлумачу. Гэта ўсё ўжо было і — непазбежна — яшчэ будзе. Прынамсі, нейкі час, да паўнавартаснага абвяшчэння выбарчай кампаніі. Пасля гэтага навіны зноўку зробяцца прымальнымі, улада пачне спрабаваць спадабацца калі не вам, дык хаця б некаму, частка сённяшняй ганьбы забудзецца (бо ва ўсіх грамадствах такога кшталту вельмі старанна навязваецца выхаваны калектыўны склероз), і так — яшчэ на пяць гадоў.

Бываюць моманты, калі навіны з Беларусі чытаеш з гонарам.

Калі пачынаеш радавацца за тое, што краіна змяняецца да лепшага, калі абяцаюць рэформы, намячаецца дыялог калі не з грамадствам, дык з Захадам, а дзядзечкі ў кабінетах быццам бы чуюць тое, што думае і жадае астатняя краіна. Але потым падступаюць выбары, якія ўжо 9 гадоў тут ладзяцца выключна ў рэжыме спецаперацыі.

Я памятаю часы, калі дабрабыту хапала на тое, каб зрабіць перад кампаніяй падарункі насельніцтву. Калі паўнавартасна (а не на 20-30 рублёў) падвышаліся заробкі хаця б тых бюджэтнікаў, ад якіх будзе залежаць падлік галасоў і «краса» галасавання. Калі перад выбарамі з помпай адкрывалі раскошныя будынкі чыгуначных вакзалаў, лядовых палацаў і школ з басейнамі. Згадаць хаця б Нацыянальную бібліятэку! Цяпер перадвыбарчы «падарунак» насельніцтву выглядае вельмі двухсэнсоўна: Вярхоўны суд, у якім выбаршчыкаў будуць асуджаць, асуджаць і яшчэ раз асуджаць (паглядзіце статыстыку па колькасці апраўдальных прысудаў).

Што з гэтым рабіць? Я памятаю, як на сустрэчы Інтэлектуальнага клуба адзін з гасцей задаў пытанне: маўляў, пра якія «кампрамісы» вы кажаце, калі ўсё жыццё можна пражыць паралельна сістэме, арганізуючы свае маленькія добрыя справы? І сапраўды, працуючы ў рэкламнай агенцыі, можна старанна закрываць вочы на тое, што адбываецца, ствараць вакол сябе запаведнік нармальнасці.

Але потым ты адкрываеш навіны і бачыш вось гэта ўсё. Разумееце, кампраміс — ён ужо вось тут. У той момант, калі чытаеш, што робіцца ў Курапатах ці што зрабілі з «Белсатам», — і не робіш анічога. У найлепшым выпадку — калі не сцыкотна — пішаш статус у ФБ. І ўсё.

Бо нармальнай, не кампраміснай, рэакцыяй на ганьбу з’яўляецца асабісты ўчынак. Нейкае дзеянне, якое зарэкамендуе цябе не ФБ-каментатарам, хай сабе і не з самых сцыклівых, а чалавекам справы. Дакладна пра гэта пісаў днямі Уладзімір Мацкевіч, намякаючы, што Алексіевіч мусіць не інтэрв’ю «Свабодзе» даваць, а быць там, сярод паваленых крыжоў. Але тых, хто сярод крыжоў, набралася ўсяго паўтары сотні. Не таму, што ўсе тут такія кампрамісныя. А таму, што выхад на вуліцу — хаця б на малебен, які адбыўся ў нядзелю — гэта амаль гарантаваная адміністратыўная справа са змяшчэннем у СІЗА на 15 сутак.

Людзей, якія прагнуць свабоды, заўсёды будзе ў мільён раз больш за людзей, якія гатовыя за тую свабоду ператварыць сваё жыццё ў спаборніцтва па выжыванні ў экстрэмальных умовах. Тым больш што ў дзяржавы — нават не такой татальнай, як беларуская — заўсёды будзе да халеры інструментаў, каб непапраўна сапсаваць тваё жыццё.

А ўжо калі ўсе тэлефоны праслухоўваюцца, кожны крок кожнага грамадзяніна запісваецца — гэта толькі пытанне густу, закрыць нечаканага «героя» адразу на гады без папярэджання ці спачатку пасадзіць на пару дзён і зладзіць з ім, ужо напалоханым, прафілактычную гутарку.

Ёсць тыя, хто, аднойчы сутыкнуўшыся з «этапам ганебных навін», сыходзяць у бестэрміновую інфармацыйную дэпрывацыю: яны не гартаюць стужкі, яны закрываюць вушы, каб не чуць пра чарговыя арышты і ператрусы. У выніку яны ператвараюцца ў самбікі но сару 三匹の猿 — трох японскіх малпаў, што закрываюць лапамі вочы, вушы, рот. Але гэта не змяняе рэчаіснасць вакол іх і не робіць іх існаванне больш бяспечным.

Аднойчы я спытаў у будысцкага манаха ў старажытным манастыры школы थेरवाद (гэта істотна), чаму ў свеце існуе зло. Манах рассмяяўся і адказаў, што гэта не тое, чым трэба цікавіцца чалавеку. Тады, падумаўшы, я перафармуляваў: што рабіць, сутыкаючыся са злом? На гэтае пытанне мудрэц меў адказ: «Зло робіцца злом толькі ў сваёй судачыненасці з табой. Калі яно робіць цябе злейшым ці больш абыякавым, калі яно цябе пужае ці вымушае ісці на подласць — яно працуе. Сутыкаючыся з благім, варта рэагаваць дабром. Тады зло не спрацуе».

Што гэта значыць у нашай канкрэтнай сітуацыі — хай кожны чытач вырашыць сам. 

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031