Знайсці
18.10.2018 / 11:428РусŁacБел

Мінчукі па 6 сутак стаяць у чэргах па кватэры ад УКБ. Яны патлумачылі чаму ФОТА

У мінулую пятніцу УКБ Мінгарвыканкама апублікавала праектную дэкларацыю па доме ў раёне перасячэння вуліц Усходняй і Корш-Сабліна. Дамовы заключаліся сёння. Чарга цалкам сфармавалася, па словах яе ўдзельнікаў, ужо да панядзелка. Сутачнае трыванне пачалося напярэдадні. Піша TUT.BY

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Па што стаяць? Маналітна-каркасны дом будзе складацца з дзвюх секцый: 11-павярховай і 8-павярховай. Усяго — 95 кватэр, прычым для льготнікаў — ніводнай. Кошт квадратнага метра выстаўлены ў рублях — ад 2255 у трохпакаёвых кватэрах і 2416 рублёў — у аднапакаёвых.

Здавалася б, умовы не самыя апетытныя — у камерцыйных забудоўшчыкаў ёсць падобныя па цане прапановы. Аднак людзі суткамі дзяжурылі менавіта для таго, каб патрапіць у гэты дом. Мы пацікавіліся ў жанчын, якія трапілі ў першую трыццатку чаргі, чым так цікавая прапанова УКБ.

— Гэта маналітна-каркасны дом, а не вышынны, і па кошце ніжэйшы, чым прапануюць іншыя забудоўшчыкі ў гэтым раёне, — запэўніла сімпатычная бландынка, якая папрасіла яе не фатаграфаваць. — Побач будуе «Айран» — там 1300 даляраў, і будуе па аблігацыях, якія забяспечаны па 660 рублёў.

— Але ёсць жа іншыя раёны, будуюць вялікі ЖК на Пятроўшчыне — і метро побач.

— Там таксама паднялі цэннік. Там 1200—1300 даляраў за квадрат ўжо, калі плошча кватэры ледзь не сто квадратных метраў. Не думайце, тут дурных няма. Людзі ўмеюць лічыць.

Дзяўчына, якая стаіць у чарзе ў чацвёртым дзясятку, кажа, што разлічвае на двушку. Дзяжурыць з суботы — пазменна з мужам. Хочуць кватэру менавіта ў гэтым доме, бо жывуць побач і не хочуць з'язджаць з гэтага раёна.

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Людзі ў чарзе патрабавалі не фатаграфаваць твары.

— У нас тут цэлая кампанія ўжо сабралася, усе з вышэйшай адукацыяй. Ёсць выкладчыкі ВНУ, усе людзі з шырокім колам зносін, і нам будзе непрыемна, калі ўсе будуць абмяркоўваць, што мы тут пяць сутак дзяжурым.

— Вы ж разумееце, што знаходзіцеся ў грамадскім месцы і мы маем права фатаграфаваць? Акрамя таго, вы ж нічым ганебным не займаецеся.

— Мы пяць сутак тут мерзнем, нямытыя!

— Вось мне было вельмі непрыемна, калі я ўбачыла сваё фота са спіны ў такім рэпартажы, — падзялілася адна з жанчын.

Некалькі чаргавікоў мы, дарэчы, ужо бачылі ў чэргах пад дзвярыма УКБ. Зрэшты, большасць у гэтай чарзе — новыя твары: шмат маладых хлопцаў, маладых пар, якія разлічваюць пабудаваць аднапакаёўкі або двухпакаёўкі.

Практычна ўсе кажуць: патрэбен не столькі менавіта гэта дом, колькі гэты раён. Ён з развітай інфраструктурай — там няма праблем са школамі, з садкамі.

— Я вось дзецям хачу побач пабудаваць, — прызнаўся пажылы мужчына. — У мяне кватэра літаральна за сто метраў ад гэтай будоўлі. Зручна будзе вельмі за ўнукамі прыглядаць.

Жанчына ў пледзе і вельмі цёплых ботах, запісаная пад нумарам за восемдзесят, кажа, што практычна ўсе тут — з гэтага ж раёна.

— Хачу старую кватэру ў панэльным доме прадаць, купіць больш прасторную, і яшчэ спадзяюся на двушку. Хачу застацца жыць у гэтым раёне. Прывыкла. Чысты раён, ваду можна піць з-пад крана. Вельмі добра, што гэта долевае будаўніцтва, прычым адразу ўнесці трэба толькі 20% кошту, далей — долямі да здачы, да лістапада 2019 года. Будзе час без нерватропкі прадаць сваю кватэру.

Пра што людзі масава прасілі напісаць, дык гэта пра тое, што дзяжурыць прыйшлося ў нечалавечых умовах. Найбліжэйшы туалет размешчаны ў ГЦ «Сталіца», уначы — на вакзале. Стаяць суткамі на вуліцы — гэта цяжка і прыкра.

— Напішыце, што тут стаіць сем мільёнаў даляраў. Людзі прыйшлі іх аддаць, а для іх ніякіх умоў не стварылі, — прапанаваў малады мужчына. — Так, тут усе з заплечнікамі, а што там, калі не наяўныя? — весела адрэагавалі барадатыя хлопцы.

Спісаў няма, але яны ёсць

У 8.30 міліцыянт прапусціў першую пяцёрку са спісаў. Хоць нейкі мужчына з першых у чарзе перыядычна нагадваў астатнім, мабыць, каб не забывалі афіцыйную версію: ніякіх спісаў не існуе, усе ідуць па жывой чарзе.

Нагадаем, УКБ па законе праз сем дзён пасля выхаду праектнай дэкларацыі павінен прымаць заявы менавіта па жывой чарзе. На вуліцы яна фармуецца сама. Звычайна гэта адбываецца ў дзень выхаду праектнай дэкларацыі. І самарэгулюецца.

Але не заўсёды ўсё ўсіх задавальняе. Напрыклад, нядаўна ў гэтай чарзе здарыўся канфлікт: жанчына прыйшла ноччу, нікога пад дзвярыма не выявіла, паставіла табурэтку, села на яе і вырашыла, што яна — першая ў чарзе.

— Мы яе ўгаварылі, патлумачылі, што яна не першая. Яна цяпер дзесьці шасцідзясятая, стаіць з намі, — запэўніваў сёння пачатак чаргі.

Мы адшукалі гэтую жанчыну. Яе версія таго, што адбывалася, была не вельмі радасная: не ўгаварылі, а проста выкінулі. Бо па законе, калі нікога пад дзвярыма няма, а ты прыйшоў па кватэру першы — значыць, ты першы ў жывой чарзе.

Адно цешыла тых, хто запісаўся ў канец чаргі: УКБ паабяцаў, што не будзе заключаць дамовы на кватэры па даверанасці — хіба што ў крайніх выпадках. Таму што ў іншых УКСах ужо былі прэцэдэнты: заходзілі першыя чаргавікі са стосам даверанасцяў і заключалі па іх дамовы на тры-пяць-дзесяць кватэр кожны. І хутка ўцякалі, пакуль хвост чаргі не даведваўся пра вераломства.

Увогуле, праблема з сутачным пільнаваннем пад дзвярыма УКБ патрабуе вырашэння, лічаць людзі. У чарзе заўсёды спрабуюць прыдумаць варыянты, але рэальныя і дзейсныя ўсё яшчэ не вынайшлі.

Наталля Шарай, REALTY.TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031