Знайсці
01.10.2018 / 17:222РусŁacБел

Акцыі Tesla падскочылі на 16% з-за дрэнных навін

Ілан Маск аштрафаваны, сыдзе з пасады, а інвестары цешацца — як такое можа быць?

Здавалася б, гэта нелагічна: Ілан Маск, стваральнік культавага электрааўтамабіля Tesla, мусіць сысці з пасады кіраўніка рады дырэктараў, заплаціць штраф у $20 мільёнаў — а акцыі ягонай кампаніі ідуць угару.

Аднак, як бачна, заканамернасці не заўжды працуюць, калі справа ідзе пра такога экстравагантнага чалавека, як Маск.

Усё пачалося ў жніўні з караценькага запісу ў Твітары, у якім Маск намякнуў на тое што ён, нібыта падумвае, каб выкупіць акцыі кампаніі па цане, якая на той момант была вышэйшай за рынкавую.

Акцыі Tesla, натуральна, адразу падскочылі ў цане. Аднак, як выявілася, сур’ёзных намераў выкупляць акцыі Маск не меў. У выніку, Камісія па каштоўных паперах і біржах ЗША пачала расследаванне, падазраючы яго ў фінансавым махлярстве. Гэта ўжо не жарцікі — тая камісія ў ЗША накшталт нашага камітэту дзяржкантролю, які назірае за біржавымі спекулянтамі, інвестарамі ды іншымі гульцамі фінансавага рынку. Пакаранні за несумленны гандаль каштоўнымі паперамі ў ЗША сапраўды драконаўскія. Нярэдка парушальнікі праводзяць гады ў турме, што асабліва цяжка для «белых каўнерыкаў», якія падаюць з князі ў гразі.

У гэтым і крыецца частка адказу на тое, чаму рынак так пазітыўна адрэагаваў на пакаранне для Маска — яно зусім не строгае, а больш падобнае да бацькоўскага паляпвання па плячы: маўляў, «годзе сынку, пагуляўся — але больш так не рабі».

Многія чакалі, што Маска цалкам адхіляць ад кіраўніцтва Tesla. Але ён здолеў захаваць за сабой пасаду выканаўчага дырэктара, а таксама крэсла ў радзе дырэктараў — а значыцца, хутчэй за ўсё, не згубіць кантролю над інжынернымі распрацоўкамі, якія — прынамсі, так вынікае з яго шматлікіх твітаў — цікавяць Маска нашмат больш за грошы.

Таксама, як ні дзіўна, Ілану Маску можа быць карысна скінуць з плячэй частку абавязкаў — асабліва бюракратычных. Нядаўна, у вялікім інтэрв’ю для The New York Times, збіваючыся на слёзы, Маск прызнаваўся ў тым, што захлынаецца ў працы, якая моцна шкодзіць яго сям’і, не дае пабавіць хоць крыху часу з сябрамі. Фактычна ён зрабіўся закладнікам уласнага поспеху. Таму камісія па каштоўных паперах у нейкім сэнсе сыграла ролю псіхатэрапеўта, прымусіўшы працаголіка-Маска крышачку «збавіць абароты».

Ну і, магчыма, шчаўчок па носе зробіць стваральніка Tesla больш прадказальным і абачлівым у будучыні, што таксама мусіць добра адбіцца на яго кампаніі.

А што да штрафу, дык для Маска гэта дробязь, камарыны ўкус. У рэйтынгу Forbes багацце Маска ацэньваецца ў амаль $20 мільярдаў.

Руслан Гаёк паводле Reuters, фінансавай прэсы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930