Знайсці
19.09.2018 / 13:0013РусŁacБел

Убачыць прыгажосць Беларусі — 5 маршрутаў па краіне для восеньскага ўік-энду

Фінішаваў летні сезон, бульбу выкапалі. Да надыходу халадоў застаецца яшчэ пара-тройка выходных з адносна неблагім восеньскім надвор’ем, каб прысвяціць іх чамусьці цікаваму. Напрыклад, вандроўкам па Беларусі. Разам з сэрвісам анлайн-браніравання адпачынку ў Беларусі vetliva.by мы склалі пяць цікавых маршрутаў на выхадныя.

Маршрут 1: Замкавы

Нясвіж — Мір — Навагрудак — Ліда — Мураванка — Парэчча (начоўка) — Гродна

Пачынаем з даволі стандартнага маршрута, да якога мы дадалі яшчэ некалькі чэкпойнтаў. Паміж дзвюма найбольш вядомымі турыстычнымі пунктамі Беларусі ляжыць усяго 30 кіламетраў, таму звычайна візіт у Мір аб’ядноўваюць з экскурсіяй па палацы ў Нясвіжы, і наадварот.

Расказаць нешта новае пра аб’екты спадчыны ЮНЭСКА вам змогуць тамтэйшыя экскурсаводы. У Нясвіжы і Міры ўвесь час імкнуцца ўдасканаліць сэрвіс, таму там на месцы зможаце пасля экскурсіі падсілкавацца, а таксама набыць сувеніры.

Пасля Міра прапануем вам скіравацца ў бок першай сталіцы ВКЛ — Навагрудка. Руіны старажытнага замка, магутныя храмы, спадчына Адама Міцкевіча — усё гэта можна паглядзець там, дзе некалі Міндоўг паклаў пачатак Вялікаму Княству Літоўскаму.

Далей рушым у Ліду — месца становіцца ўсё больш папулярным дзякуючы мясцоваму пеннаму напою. Можна завітаць у замак, збудаваны па даручэнні Гедыміна, а таксама пашпацыраваць па прыгожых лідскіх вулачках.

Панарама Ліды.

У трыццаці кіламетрах ад Ліды знаходзіцца вёска Мураванка. Там стаіць царква Раства Багародзіцы — пяцісотгадовы помнік абарончага храмабудаўніцтва. Таўшчыня сцен царквы — ад 1 да 1,8 метра, што дазволіла храму выстаяць пяць соцень гадоў.

Непадалёк, у Жалудку, знаходзіцца закінуты Палацава-паркавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх. Любіце атмасферу фільмаў жахаў? Можаце наведаць таксама.

Дзе пераначаваць: раім аграсядзібу «Мара», што месціцца ў Парэччы. Там жа, дарэчы, можна паласавацца знакамітымі парэцкімі тортамі, а таксама паглядзець на карункавы будынак чыгуначнай станцыі.

Другі дзень вандроўкі раім прысвяціць Гродну — аднаму з найбольш прыгожых, каралеўскаму гораду Беларусі, дзе захавалася звыш 400 аб’ектаў гісторыі і архітэктуры. Пра Гродна можна расказваць бясконца, але варта аднойчы ўзяць і самому наведаць старажытны горад.

Карта маршруту:

Маршрут 2: Храмы Заходняй Беларусі

Ракаў — Крэва — Кушляны — Солы — Гервяты — Свір — Нарач (начлег) — Мядзел — Будслаў

Пачынаем вандроўку з Ракава, што на Валожыншчыне, — старажытнага мястэчка, апетага Сяргеем Пясецкім як улюбёнае месца кантрабандыстаў 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя. Сёння тут можна паглядзець неагатычны касцёл і былы касцёл дамініканаў, у якім цяпер дзейнічае праваслаўны храм.

Ракаў.

Рухаемся далей на паўночны захад краіны. Усяго 60 кіламетраў трасай М7 — і вы ў Крэве, месцы сярэднявечных жарсцяў, дзе была падпісаная Крэўская ўнія, што аб’яднала ВКЛ і Каралеўства Польскае ў адну дзяржаву. Сёння пра тыя часы нагадваюць велічныя руіны замка. Яго акурат пачалі адбудоўваць.

Далей бяром курс на Астравеччыну. Па дарозе ў Кушлянах можна наведаць сядзібу, дзе Францішак Багушэвіч правёў апошнія гады свайго жыцця, а ў Солах — паглядзець на мадэрновы касцёл Маці Божай Ружанцовай. Яго разынка — фрэскі са сцэнамі разгрому бальшавікоў на Вісле ў 1920 годзе.

Солы.

У Гервятах, непадалёк ад якіх будуюць атамную электрастанцыю, месціцца касцёл Найсвяцейшай Тройцы — неагатычны скарб Беларусі. Храм называюць «маленькай Швейцарыяй» і «беларускім Нотр-Дамам». Ля яго — ландшафтны парк з рэдкімі дэкаратыўнымі раслінамі і фігурамі апосталаў.

Гервяты.

Калі захапленне ад прыгажосці касцёла дасць вам зрушыцца з месца і працягнуць падарожжа, кіруйцеся ў бок возера Нарач. Праз Міхалішкі, у якіх стаіць храм 17-га стагоддзя — які захаваў дух і характар таго часу, — вы трапіце ў Свір, дзе можна ўзысці на высачэзнае гарадзішча Даўмонта, з якога адкрываецца фантастычны краявід, сфатаграфавацца ля неабарочнага касцёла Святога Мікалая, а таксама прайсціся ўздоўж берага Свірскага возера стараверскай вуліцай.

З другога боку возера стаіць іншы каларытны касцёл — у Засвіры.

Пасля гэтага можна ехаць адпачываць. Месцаў для начоўкі на беразе Нарачы вельмі шмат, але мы раім этнакультурны комплекс «Наносы-Наваселле» на адным з жывапісных паўвостраваў, а таксама сядзібу RespectHouse на маляўнічым возеры Мядзел.

У другі дзень варта наведаць горад Мядзел, дзе захаваўся старажытны касцёл кармелітаў, а пасля заехаць у Будслаў, дзе знаходзіцца адна з найбольш шанаваных каталіцкіх святыняў Беларусі — Будслаўскі абраз Маці Божай. Штогод да будслаўскага касцёла ладзяць пілігрымкі. Плошча перад касцёлам адвеку называецца Краснай (гэта значыць, прыгожай), а яшчэ на могілках у Будславе пахаваная Паўліна Мядзёлка — першая выканаўца ролі купалаўскай Паўлінкі.

Карта маршрута:

Маршрут 3: На паўднёвы захад Беларусі

Косава — Ружаны — Камянец — Белавежская пушча — Кашчэнікі (начлег) — Брэст — Сынкавічы — Жыровічы

Першы пункт паўднёва-заходняга падарожжа — Косава. Рухайцеся па «алімпійцы» да Івацэвічаў, а потым зварочвайце на Косава, дзе стаіць шыкоўны палац Пуслоўскіх. Слонімскі павятовы маршалак Войцех Пуслоўскі развіваў прамысловасць і будаваў сукнавальні з паравымі машынамі, млыны, бровары, дарогі. Быў мецэнатам, фундаваў храмы. Шыкоўны Косаўскі палац быў рэзідэнцыяй роду.

Косава.

Побач з палацам стаіць рэканструяваны фальварак, дзе нарадзіўся нацыянальны герой Беларусі Тадэвуш Касцюшка. Арыгінальнае збудаванне згарэла ў Першую сусветную, аднаўлялі яго па малюнках Напалеона Орды.

Калі рухацца ў бок Гродна, то наступным чэкпойнтам маршруту стануць Ружаны. Тут знаходзілася рэзідэнцыя Сапегаў, дзе прымалі каралёў Рэчы Паспалітай і дзе некалі знаходзіўся скарб ВКЛ. Таксама ў Ружанах варта зірнуць на старажытныя каталіцкі і праваслаўны храмы.

Ружаны.

Праз Пружаны трапляем у Камянец, дзе знаходзіцца тая самая Белая Вежа. 30-метровае абарончае збудаванне з таўшчынёй сцен 2,5 метра стаіць на варце ўжо больш за 730 гадоў. Некалі яе памылкова пабялілі тынкоўкай, але сёння вежа выглядае менавіта так, як некалі ў XIII стагоддзі.

Зусім побач з Камянцом знаходзіцца Белавежская пушча — адзін з найвялікшых і старажытнейшых лясоў у Еўропе і аб’ект сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Пушча славіцца найвялікшай на кантыненце папуляцыяй зуброў, якіх стагоддзе таму ледзь не вынішчылі.

На тэрыторыі нацыянальнага парка знаходзяцца лясны заапарк, музеі прыроды і народнага побыту, а таксама рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза. Таксама можна ўзяць напракат ровары і зладзіць велашпацыр, падыхаць лясным паветрам.

Заначаваць прапануем у аграсядзібе «Валерыя», што знаходзіцца ў вёсцы Кашчэнікі. Два гасцявыя дамы могуць змясціць да 20 чалавек, а на мясцовай кухні можна пакаштаваць шэдэўры кулінарыі, якія прыгатуюць проста да вашага прыезду.

Другі дзень падарожжа можна пачаць з вандроўкі ў Брэст — тут сапраўды шмат на што можна паглядзець. Абавязкова наведайце Брэсцкую крэпасць ды пашпацыруйце па пешаходнай Савецкай вуліцы.

На адваротным шляху можна наведаць Жыровічы, дзе знаходзіцца праваслаўны Успенскі манастыр, а таксама вёску Сынкавічы з самым старажытным абарончым храмам у Беларусі.

Жыровічы.

Карта маршрута:

Маршрут 4: Да паўночных азёраў

Глыбокае — Мосар — Браслаў (начлег) — Мёры — Полацк

Варта таксама правесці хаця б адзін уік-энд у падарожжы па поўначы Беларусі. Па віцебскай трасе даязжаем да Бягомля, там накіроўваемся ў бок Глыбокага.

Глыбокае — гэта не толькі горад згушчанага малака, але і вішнёвая сталіца Беларусі. Штогод летам тут ладзяць вішнёвыя фэсты, ягада ўжо стала мясцовым брэндам. Нават ёсць згушчонка са смакам «чэры-брэндзі». Да ўсяго, Глыбокае — проста вельмі ўтульны гарадок з ветлівымі жыхарамі.

У Глыбоцкім раёне ёсць вёска Мосар, якая стала вядомай дзякуючы дзейнасці мясцовага ксяндза Юзафа Булькі. Ён шмат чаго зрабіў для Мосара: па яго ініцыятыве ў вёсцы быў створаны крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, перад касцёлам Святой Ганны ўзведзены помнік Яну Паўлу II.

Мосар.

Праз Шаркаўшчыну дабіраемся да Браслава, дзе можна заначаваць. Прапануем адразу чатыры варыянты: аграэкасядзібу «Хутар Ёдзішкі», базы адпачынку «Золава» і «Лявошкі», а таксама туркомплекс «Дрывяты».

На другі дзень па трасе Р14 праз Мёры (дзе можна спыніцца ля касцёла са шпілямі, не горшымі, чым у храма ў Солсберы) накіроўваемся ў старажытны Полацк.

Найстарэйшы горад Беларусі дагэтуль захоўвае шмат гістарычных цікавостак: найперш Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе спачывае святая Еўфрасіння Полацкая.

Калісьці ў Полацку нарадзіўся Францішак Скарына, а сёння ў горадзе існуе вельмі багаты музей кнігадруку.

Карта маршрута:

Маршрут 5: Два ў адным

Магілёў — Шклоў — Орша — Віцебск

У апошнім нашым маршруце прапануем наведаць адразу два абласныя цэнтры.

Магілёўская ратуша.

Іван Луцкевіч некалі назваў Магілёў беларускай Прагай. У пачатку 20-га стагоддзя гэты горад сапраўды мог нагадваць сталіцу Чэхіі праз колькасць культавых збудаванняў: больш за 20 цэркваў, касцёлы, кірхі і сінагогі. На жаль, другая сусветная вайна разам з савецкім часам пакінулі нашчадкам не так і шмат, але і гэтага хопіць, каб палюбіць Магілёў.

Будынак драматычнага тэатра.

Сярод магілёўскіх славутасцяў — велічны касцёл Святога Станіслава, будынак драматычнага тэатра, копія мінскага Дома ўрада, мастацкі музей (яго яшчэ можна пабачыць на 200-рублёвай купюры) і адзіны ў свеце помнік астролагу.

Далей накіроўваемся ў Шклоў, дзе, між іншым, ёсць нават помнік агурку. А з «іншага» — шклоўская ратуша, Спаса-Праабражэнская царква і адзін з найлепшых у краіне паркаў, які быў закладзены ў канцы 19-га стагоддзя.

Шклоўская ратуша.

Паміж Шкловам і Оршай знаходзіцца тая самая Александрыя, дзе можна спыніцца на некалькі хвілін. Побач з аграгарадком ёсць крыніца. Каб трапіць да яе, трэба выехаць з Александрыі і рухацца па новай насыпной гравейцы ўздоўж ракі, міма верталётнай пляцоўкі. Ля крыніцы ёсць невялічкая паркоўка машын на пяць.

Сярод цікавостак Оршы — езуіцкі калегіум, які памятае Напалеона і Стэндаля, вялізны Рагвалодаў камень, вадзяны млын, касцёл з копіяй карціны «Бітва пад Оршай» і спадчына Уладзіміра Караткевіча.

Аршанскі калегіум.

Спыняемся на адпачынак у Віцебску — vetliva.by прапануе некалькі варыянтаў. Сілы спатрэбяцца, каб другі дзень прысвяціць паўночнай сталіцы Беларусі.

Цэнтр Віцебска можна абысці пешшу, транспарт не спатрэбіцца. Шпацыр пачынайце з прагулкі па плошчы Тысячагоддзя. Тут стаіць рэканструяваны храм Благавешчання — першы каменны будынак у Віцебску, разбураны ў савецкі час і адноўлены ў незалежнай Беларусі. Побач з храмам — камень у гонар 2000-годдзя хрысціянства.

Праз дарогу стаіць славуты Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, адтуль пачынаецца доўгая пешаходная зона. Высокая лесвіца вядзе ўверх да самага вялікага віцебскага храма — Успенскага сабора. Направа ад лесвіцы — вуліца Талстога з забудовай канца 19-га — пачатку 20 стагоддзя.

Успенскі сабор.

На Ратушнай плошчы стаіць Ратуша — аўтэнтычны будынак 18-га стагоддзя. Побач — шыкоўны прыклад віленскага барока — Уваскрасенская царква. Насупраць яе знаходзіцца гонар кожнага віцьбіча — конны помнік вялікаму князю Альгерду.

Ратуша.

Віцебск вядомы ўласнай мастацкай школай. Ля яе вытокаў стаялі Марк Шагал, яго настаўнік Юдаль Пэн, Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева, Мікалай Суэцін, Ілля Чашнікаў і многія іншыя. Захаваўся будынак, дзе нараджаліся ідэі мастакоў. У апошні час нашчадкі сталі больш уважлівымі да Марка Шагала, і ў горадзе з’явіліся музеі і помнікі, прысвечаныя знакамітаму земляку.

Шагал, дарэчы, называў Віцебск маленькім Парыжам. Але сённяшні Віцебск — адметны горад, які варта наведаць кожнаму беларусу.

Карта маршрута:

Прапаноўвайце свае маршруты для вандровак па Беларусі ў каментарах!

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031