Якая падступнасць! Той, хто на дыеце, ад кавуна і яблыка такога дакладна не чакаў
Усе паненкі, якія сядзяць на дыеце, з нецярплівасцю чакаюць лета. Бо ягады, садавіна, кавуны і дыні. І вось мы запаўняем халадзільнікі гэтымі сакавітымі, спелымі прадуктамі і ладзім сабе разгрузачныя дні.
Аказваецца, жэрці садавіну кілаграмамі ні разу не карысна. Таму што лішак фруктозы парушае тлушчавы абмен і вядзе да назапашвання лішніх кілаграмаў.
«Патлумачце мне, чаму так, — піша чытачка «Нашай Ніны» Рагнеда. — Заўважаю гэта другі год запар. Летам я пераходжу на садавіну, і акурат у гэты перыяд набіраю вагу. Так было мінулым летам і тое самае назіраю цяпер. Цэлы чэрвень ела толькі клубніцы, маліны, яблыкі, і набрала за месяц 2 кілаграмы».
Пра тое, чаму гэта так працуе, мы пагутарылі з фітнэс-трэнерам Дзмітрым Сяверыным.
«У садавіне — кавунах, яблыках, чарэшнях, усялякіх ягадах — утрымліваецца шмат фруктозы. Арганізм чалавека перапрацоўвае яе абсалютна па-іншаму, чым тую ж глюкозу. Фруктоза хутка і лёгка расшчапляецца і засвойваецца, не паспявае ператварацца ў тлушч, як іншыя вугляводы.
Пры гэтым тым самым фруктоза перашкаджае працэсу спальвання ліпідаў. А таксама блакуе ўтварэнне гармонаў, таму арганізм не разумее, колькі энергіі ён ужо выдаткаваў і засвоіў.
Таму падчас дыеты я б рэкамендаваў есці толькі 1—2 яблыкі ў дзень. І які-небудь цытрус, і тое да чатырох гадзін дня».
Калі казаць прасцей, садавіна не дае нашаму мозгу атрымаць своечасовую інфармацыю пра тое, што мы з’елі даволі. Як вынік, мы пераядаем у разы. Асабліва не рэкамендуецца спажываць садавіну перад ядой.
І яшчэ, нізкая каларыйнасць кавуноў — гэта таксама падман. Здавалася б, у 100 грамах гэтай ягадкі ўсяго 20 калорый. А цяпер, увага. Колькі кавуна вы можаце затачыць адразу? Ага, кілаграм, а то і два. А гэта ўжо паўнацэнныя 200—400 калорый. Прычым гэта чыстыя вугляводы.
Так што, калі і хочацца нейкіх сезонных прысмакаў, то хай гэта будзе жменя малінаў ці суніц, адзін яблык, адзін кавалак кавуна ў дадатак да ежы.
А перакусваць усе ж варта клятчаткай. Так што, кавуны — прэч з халадзільніка, а агурочкі — вэлкам.