Знайсці
24.04.2018 / 11:368РусŁacБел

Што стала прычынай крывавай чатырохгадовай вайны сярод шымпанзэ? Разбіраюцца навукоўцы

Барацьба за ўладу паміж трыма шымпанзэ — Хамфры, Чарлі і Х'ю — стала адной з прычын узнікнення вайны

Адзіная задакументаваная навукоўцамі вайна паміж… шымпанзэ пачалася з жорсткага забойства.

Ішоў студзень 1974 года. Шымпанзэ па імені Годзі абедаў у самоце, седзячы на дрэве ў парку Гомбе-Стрым у Танзаніі.

Захапіўшыся паглынаннем ежы, Годзі не заўважыў, як яго атачыла група з васьмі шымпанзэ.

«Ён саскочыў з дрэва і пабег, але яго дагналі», — распавядае брытанскі прыматолаг Рычард Рэнгем у дакументальным фільме Бі-бі-сі «Дэманічны прымат».

«Адзін з іх схапіў яго за ступню, другі — за лапу. Яго павалілі на зямлю і пачалі біць. Збіццё працягвалася больш за пяць хвілін. Калі яго адпусцілі, ён ледзь мог перасоўвацца», — кажа навуковец.

Больш Годзі не бачылі.

З гэтага крывавага інцыдэнту пачалася «чатырохгадовая вайна», названая так вядомым брытанскім прыматолагам Джэйн Гудал. Гэты канфлікт падзяліў супольнасць шымпанзэ ў Гомбе і спарадзіў хвалю забойстваў і жорсткасці. Нічога падобнага навукоўцам раней назіраць не даводзілася.

Аднак дакладная прычына расколу незразумелая, кажа выкладчык эвалюцыйнай антрапалогіі ў амерыканскім універсітэце Дзюка Джозэф Фельдблюм.

У сакавіку Фельдблюм апублікаваў вынікі даследавання ў «Амерыканскім часопісе фізічнай антрапалогіі», у якім апісваюцца дэталі гісторыі «ўлады, амбіцый і зайздрасці», якія сталі прычынай крывавай вайны.

Людзі і малпы

84-гадовы прыматолаг Гудал змяніла наша разуменне шымпанзэ (і людзей), калі яна высветліла, што малпы вырабляюць і выкарыстоўваюць інструменты, могуць мець зносіны на прымітыўнай мове і могуць разумець, пра што думаюць іншыя прадстаўнікі зграі.

Але Гудал таксама высветліла, што гэтыя жывёлы могуць быць вельмі жорсткімі.

Прыматолаг Джэйн Гудал вывучала шымпанзэ ў нацыянальным парку

Чатыры гады навукоўцы сачылі і дакументавалі, як групоўкі Касакела і Кахама, якія пражывалі на поўначы і на поўдні парку, нападалі, збівалі і забівалі адзін аднаго.

За гэты час траціна мужчынскіх асобін шымпанзэ ў Гомбе загінула з-за гвалту іншых шымпанзэ.

«Гэтая вайна яшчэ больш наблізіла шымпанзэ да нас, чым я раней лічыла», — распавядае Гудал у дакументальным фільме Бі-бі-сі.

Гвалт быў настолькі беспрэцэдэнтным і празмерным, што некаторыя даследчыкі выказалі здагадку, што ён быў ненаўмысна справакаваны самой Гудал, калі тая пачала свае даследаванні, усталяваўшы кармушкі для жывёл на станцыях назірання.

Яны мяркуюць, што «дзве розныя групы шымпанзэ суіснавалі або нават пачыналі змешвацца, пакуль Гудал не пачала свае даследаванні, а ўсталяваныя ёй кармушкі толькі ненадоўга звялі іх разам і памірылі, але неўзабаве зноў адбыўся падзел», — гаворыцца ў працы, апублікаванай у часопісе ўніверсітэта Дзюка.

Навукоўцам было даўно вядома, што шымпанзэ адрозніваюцца агрэсіўнасцю, але гэты канфлікт быў асабліва жорсткім

«Але новыя вынікі, атрыманыя групамі навукоўцаў з універсітэта Дзюка і ўніверсітэта штата Арызона, паказваюць, што насамрэч адбывалася нешта большае», — адзначаецца ў даследаванні.

З сяброў у ворагі

На гэты раз даследчыкі прааналізавалі, да якіх груп прымыкалі 19 самцоў шымпанзэ і як часта яны перабягалі з адной групы ў другую на працягу сямі гадоў да пачатку вайны.

Яны склалі схему кола зносін шымпанзэ, адзначаючы, з кім часцей за ўсё яны праводзілі час.

Калі два шымпанзэ прыходзілі да кармушкі разам часцей, чым з іншымі асобінамі, іх лічылі сябрамі.

«З аналізу можна прыйсці да высновы, што першыя некалькі гадоў — з 1967 па 1970 год — самцы першапачатковай зграі стасаваліся адзін з адным», — гаворыцца ў даследаванні ўніверсітэта Дзюка.

Менавіта ў той час пачаліся падзелы: некаторым падабалася праводзіць больш часу на поўначы парку, а іншым — на поўдні.

Да 1972 года зносіны паміж самцамі адбываліся ўжо выключна ўнутры груповак Касакела і Кахама.

Любыя сустрэчы паміж членамі груповак заканчваліся праявай сілы: шымпанзэ кідалі адзін у аднаго галінкі, улюлюкалі і кідаліся адзін на аднаго.

«Мы чулі цюгаканне з поўдня і казалі сабе: паўднёвая групоўка надыходзіць! Усе паўночнікі з крыкамі і пагрозлівымі жэстамі ўзбіраліся на дрэвы», — распавядае адна з удзельніц даследавання Эн Пусэй.

Трое падазраваных

Даследчыкі лічаць, што падзел стаў вынікам барацьбы за ўладу паміж трыма самцамі: альфа-самцом Хамфры, які нядаўна стаў важаком, і двума паўднёўцамі — Чарлі і Х'ю.

З-за невялікай колькасці самак барацьба за ўладу станавілася больш гарачай, высветлілі даследчыкі

«Хамфры быў буйным. Было вядома, што ён кідаецца камянямі, і гэта пужала, — распавядае Пусэй. — Яму ўдавалася запалохваць Чарлі і Х'ю, калі ён сутыкаўся з імі паасобку. Але калі яны былі разам, ён стараўся абыходзіць іх бокам».

На той момант колькасць самак была незвычайна нізкай, з-за чаго, відаць, барацьба за ўладу станавілася больш гарачай, высветлілі даследчыкі.

«У выніку варожасць была не толькі доляй гэтых варагуючых самцоў. Яна ўплывала на ўсю сетку сацыяльных колаў, з якімі былі звязаны самцы», — гаворыцца ў даследаванні.

Нават калі навукоўцы прыйдуць да высновы, што нетыповасць падобных паводзін жывёл у прыродзе не дазваляе звязаць забойства з нейкімі асобнымі выпадкамі, гэта даследаванне можа стаць некаторай палёгкай для Гудал.

«Гэта ўсё было жудасна», — кажа яна ў дакументальным фільме, згаджаючыся з тым, што яе кармушка міжволі стала прычынай росту гвалту сярод шымпанзэ.

«Маркотней за ўсё было назіраць, як у выніку чарады падзей больш буйная група цалкам вынішчыла меншую па колькасці групу, пасля чаго заняла яе тэрыторыю», — дадае яна.

Бі-бі-сі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031