Знайсці
01.12.2017 / 10:3169РусŁacБел

РПЦ паслала сігнал пра гатоўнасць на кампраміс у пытанні аўтакефаліі Украінскай царквы

Мітрапаліт Ануфрый — кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата. Фота Pravoslavie.ru.

Так можна ацаніць адказ Архіерэйскага сабора Рускай праваслаўнай царквы на пасланне Філарэта, патрыярха Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата. Адказ існуе, хоць пакуль незразумела, ці было пасланне.

«Пасля гаротных дваццаці пяці гадоў разладаў, гвалту, узаемнай непрыязнасці, крыўд і няладаў, якія ўзніклі ва ўкраінскім праваслаўі і ўкраінскім грамадстве ў выніку расколу, з'яўляецца, нарэшце, магчымасць стаць на шлях вяртання еднасці», — гаворыцца ў пастанове Архірэйскага сабора Рускай праваслаўнай царквы 2017 года.

Раней РПЦ адмаўлялася ад любых перамоў і патрабавала ад Філарэта, якога Масква не вызнавала і пракляла, пакаяння, а ад усіх украінскіх праваслаўных — «вяртання ва ўлонне РПЦ».

Поўны змест паслання патрыярха Філарэта і ці яно сапраўды існавала, стане вядомы сёння. Але на саборы РПЦ было заяўлена, што ў ім украінскі іерарх прабачае і просіць прабачэння. «Прашу прабачэння ва ўсім, чым зграшыў словам, справай і ўсімі маімі пачуццямі, і таксама ад сэрца шчыра дарую ўсім», — гаворыцца ў лісце.

Ва Украіне існуе 12 000 прыходаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата (УПЦ-МП) і 5 000 прыходаў Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата. Аднак сацыёлагі фіксуюць, што

доля вернікаў, якія адносяць сябе да Маскоўскага патрыярхата ўвесь час зніжаецца. На 2014 год ва Украіне такіх было ўжо толькі 20% насельніцтва, у 2016-м — толькі 15%. У той жа час да праваслаўных Кіеўскага патрыярхата сябе адносяць 25%, яшчэ 7% — уніяты (грэка-каталікі), 2% — праваслаўныя-аўтакефалісты, 2% — пратэстанты і 1% — каталікі.

Доля жыхароў Украіны, якія лічаць, што праваслаўная царква краіны мае быць неад'емнай часткай Рускай праваслаўнай царквы, знізілася з 22% у 2010 годзе да 10% у 2016-м. У такіх умовах РПЦ рызыкуе застацца «царквой без вернікаў». Украінскія іерархі УПЦ-МП штурхаюць Маскву да кампрамісу. Пакуль гаворка ідзе пра «молитвенное общение» і дыялог, але канцавым вынікам якога будзе-такі прызнанне самастойнасці ўкраінскай царквы. 

Украінскія ўлады хацелі б стварэння адзінай памеснай праваслаўнай царквы і бачаць у гэтым важны падмурак для нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Нацыянальныя дзяржавы, дзе большасць ці частку насельніцтва складаюць праваслаўныя, — Сербія, Румынія, Грузія, Польшча і г.д. — раней ці пазней дабіваліся кананічнага прызнання для самастойных царкоўных арганізацый.

У Беларускай праваслаўнай царкве таксама існуе жаданне здабыць поўную самастойнасць, але на чале царквы стаіць мітрапаліт Павел, прысланы з Расіі, а частка епіскапаў стаіць на пазіцыях крайняга рускага нацыяналізму.

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930