Знайсці
25.09.2017 / 10:192РусŁacБел

Фестываль у Луцку запрашае беларусаў: віно, ночы, выступ Кудасавай і спектакль паводле Геніюш

Літаратурныя імпрэзы ва ўкраінскім абласным горадзе збіраюць па 300—400 удзельнікаў. Прытым што ўваход платны, па білетах!

Эле Яцуце 23 гады. Яна нарадзілася ў Ровенскай вобласці, вучылася ў Луцку, тут і жыве. У свае 23 Эла кіруе выдавецтвам «Синя папка», што выпускае фэнтэзі, фантастыку і навукпоп. Кіруе яна і ўласнаствораным аб’яднаннем «СтэндаЛь», якое арганізуе культурніцкія івэнты ў Луцку. А з гэтага года дзяўчына яшчэ і дырэктар міжнароднага паэтычнага фестывалю «Мерыдыян-Луцк». Аказваецца, не трэба чакаць сваіх сарака, каб нарэшце свабодна заняцца любімай справай, стаць прафесіяналам і пачаць паспяховы бізнес.

Рэцэпт Элы — пачынаць у 18, каб к 23 стаць аўтарытэтным і неабходным чалавекам прынамсі ў родным горадзе.

— Гады чатыры таму ў гарадах Украіны пачалі з’яўляцца маладзёжныя суполкі, якія ладзілі сустрэчы з пісьменнікамі. Адначасова ўсе сталі казаць, што пісьменнікі павінны прыязджаць да людзей, што ў нас ёсць каму гаварыць пра кнігі і ёсць каму слухаць. У той час у Луцку з’явілася мая арганізацыя — Мастацкае аб’яднанне «СтэндаЛь». Мы тады былі студэнтамі другога курсу спецыяльнасці «выдавецкая справа» і вырашылі, што такая асвета абавязвае нас знаёміцца з пісьменнікамі, з нашымі, скажам так, будучымі кліентамі. І мы пачалі. Хоць спярша было вельмі страшна, шчыра страшна, пісьменнікі падаваліся зоркамі такой велічыні! Здавалася, што ты да іх падыдзеш, а яны проста не захочуць з табой размаўляць!

На львоўскім Форуме выдаўцоў мы набраліся духу і падышлі да Любка Дэрэша — гэта адзін з культавых украінскіх пісьменнікаў. Падышлі — ручкі-ножкі дрыжаць — і запыталіся, як можна запрасіць яго ў Луцк. Ён проста даў кантакт свайго літаратурнага агента — і ўсё закруцілася снежнай лавінай. Спярша ў нас было па адной прэзентацыі на месяц, і мы цэлы месяц яе рыхтавалі. Мы вучыліся, як запрашаць журналістаў, як рабіць афішы і правільна пісаць анонсы. Мы вывучалі, як прымусіць людзей прыйсці. Больш за тое, мы ўчынілі смяротны грэх — каб пакрыць выдаткі на даезд пісьменніка, мы зрабілі платны ўваход на імпрэзу. А ў той час платны ўваход выклікаў у людзей шок! Цяпер яны прывыклі і лічаць гэта нормай, а тады гэта было рэвалюцыяй! — дзеліцца Эла.

З Беларусі такі стан рэчаў падаецца нерэальным. Украінцы мала таго, што пастаянна ходзяць на літаратурныя імпрэзы, яны яшчэ і плацяць за гэта грошы. Колькі ўкраінцы гатовыя плаціць за культуру? Уваход на імпрэзы каштуе 40-60 грывень — на нашы грошы 3—4,5 рублі.

Эла смяецца:

— Раней мы былі радыя аўдыторыі ў сто чалавек. Але цяпер, калі збіраецца толькі 100 чалавек, значыць нам нешта не ўдалося. Цяпер на літаратурныя імпрэзы «СтэндаЛя» ў Луцку прыходзяць па 300-400 удзельнікаў.

Я слухаю з захапленнем і недаверам. То бок, канечне, усё праўда, але… Перабіраю ў галаве, што прымусіла б мяне выцягнуцца з дому, каб паслухаць літаратараў. Задаю сваё пытанне Эле.

— Як прывабіць аўдыторыю? Трэба яе пастаянна шакаваць. І шукаць новыя фарматы. Трэба выбіць гэты стэрэатып, што літаратурнае мерапрыемства — гэта прыйшлі, паселі, пачыталі нешта няўцямна і разышліся. Трэба, каб публіка прыходзіла на літаратурную сустрэчу і атрымлівала ад яе такую ж асалоду, як ад канцэрта ці спектакля!

Рэцэпт: як зрабіць культуру прывабнай і нават камерцыйна паспяховай

— Літаратуру абавязкова трэба з нечым аб’ядноўваць, ісці на эксперыменты. Напрыклад, сімбіёз музыкі і літаратуры. У нас ёсць такі дуэт — «Сёстры Тэльнюк» — яны пішуць музыку і выконваюць песні на вершы Васіля Стуса, Ліны Кастэнка, Аксаны Забужка і іншых паэтаў. І вось мы вырашылі запрасіць іх разам: сясцёр Тэльнюк і Аксану Забужка. Імпрэза трывала не паўтары гадзіны, як звычайна, а чатыры. Сабраўся поўны Палац культуры. Людзі паўтары гадзіны слухалі Аксану Забужка, задавалі ёй пытанні (перадавалі на сцэну запіскі), яна адказвала, потым бралі аўтографы, і з аўтограф-сесіі пачаўся канцэрт. Усім было неймаверна цікава. Бо адна аўдыторыя прыйшла на паэтку, другая на музыкаў, а ў выніку кожны атрымаў новае ўяўленне пра тое, што любіць.

Акрамя канцэрта, мы, напрыклад, рабілі тэатральную пастаноўку на 10 хвілін. Аўтар прыехаў прэзентаваць свой раман, а мы выцягнулі з раману главу і паказалі яе на сцэне. У шоку былі і гледачы, і сам аўтар, але пры ўсім тым тую прэзентацыю, што была чатыры гады таму, памятаюць дагэтуль, — усміхаецца культурная менеджарка.

Трэба думаць, што трохі дэмакратыі, свабоднай канкурэнцыі ды рэкламы — і ў нас з беларускай літаратурай таксама ўсё атрымаецца. А пакуль Эла запрашае ў Луцк. 6-8 кастрычніка там пройдзе Міжнародны паэтычны фэст Meridian Lutsk. На фэсце выступае наша Наста Кудасава, легендарныя ўкраінцы Сяргей Жадан і Аксана Забужка (дарэчы, лучанка), іншыя топавыя аўтары Украіны і і не толькі. Напрыклад, у Луцк прыедуць мэтр літоўскай літаратуры Геркус Кунчус (Herkus Kunčius) і дырэктар польскага Інстытуту кнігі ў 2008—2016 гг. Гжэгаж Гаўдэн (Grzegorz Gauden). Усяго — 30 пісьменнікаў з 8 краін. А колькі слухачоў?

— Наша задача — гэта 3000 чалавек, — смела кажа Эла.

Паэтычныя чытанні ў гарвыканкаме

Вялікія праекты нараджаюцца з любові. Луцкі паэтычны фестываль, мне падалося, з’явіўся не столькі з любові да кніг, колькі з любові да Луцка.

— Луцк — горад з 1000-гадовай гісторыяй, звязанай і з Беларуссю, і з Літвой, і з Польшчай, і з Ізраілем… У Луцку заўжды жыло многа культур. Цяпер гэтыя культуры недзе ўбаку, а хочацца, каб загучалі на поўную сілу. І каб Луцк праз іх таксама загучаў.

Тым больш ва Украіне ёсць думка, што ўся літаратурная тусоўка — гэта Кіеў і Львоў. Ну і з нядаўняга часу Чарнаўцы, якія ўжо 8 гадоў запар прымаюць буйны фэст украінскай і нямецкамоўнай літаратуры «Meridian Сzernowitz». Маім жаданнем было, каб Луцк таксама далучыўся да гэтага спісу.

Meridian Lutsk — фестываль не толькі для лучан, гэта і турыстычная атракцыя. Нам ёсць што паказаць турыстам, - кажа Эла.

Замак Любарта ўначы. Фота IloveUkrain.com.ua

Адно з мерапрыемстваў «Мерыдыяну» — вінна-паэтычная экскурсія па начным Луцку. А 22-й гадзіне ўсе ахвочыя збяруцца ў пэўным месцы і вырушаць на шпацыр па луцкіх вуліцах, п’ючы віно і размаўляючы пра літаратуру ды гісторыю… Гідамі па начным горадзе будуць пераапранутыя персанажы з луцкага мінулага.

Таксама падчас фестывалю пройдуць паэтычныя чытанні ў сесійнай зале гарадской рады Луцка.

— Апошнім часам у Луцку вельмі дзіўная палітычная сітуацыя, і ў сесійнай зале дзеяцца толькі палітычныя інтрыгі, а мы хочам зрабіць там паэтычныя чытанні! Каб на гэтыя тры дні паэты сталі гаспадарамі горада.

У нас у Луцку ёсць тэатр «Гармідар», гэта тэатр аматарскі, хоць язык не паварочваецца назваць яго аматарскім. Яны існуюць ужо 10 гадоў і ў Луцку не хадзіць на спектаклі «Гармідара» лічыцца кепскім густам.

Як толькі мы задумалі фестываль, то прапанавалі тэатру супрацу. Мы арганізавалі ім тэатральную лабараторыю: сямёра акцёраў, харэограф і рэжысёр паехалі ў Карпаты, у невялічкую сядзібу, дзе пражылі сем дзён без інтэрнэту і ўсялякай сувязі з цывілізацыяй. І за гэтыя дні стварылі спектакль. Гэта спектакль на аснове паэтычных тэкстаў краін- удзельніц фестывалю. З кожнай краіны «Гармідар» выбраў па адным аўтару, які жыў у ХХ стагоддзі. Выбіралі творцаў важных, сусветна значных. З беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя лучане абралі Ларысу Геніюш.

Луцкі фэст пройдзе 6—8 кастрычніка, з пятніцы па нядзелю. Цэна квіткоў — 150 грывень (11 рублёў) на тры дні і 60 грывень (4,4 рублі) на адзін дзень. Дадамо: з Мінску ў Луцк можна дабрацца прамым аўтобусам.

Паўліна Купрысь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930