Знайсці
18.09.2017 / 09:2488РусŁacБел

Меркаванне: Беларусі патрэбны не Статкевіч, а Навальны

Піша Улад Швядовіч.

Акцыя Мікалая Статкевіча 8 верасня прайшла па стандартнай схеме: 300 чалавек гукалі «Жыве Беларусь», спявалі «Магутны божа». Статкевіч робіць тое, што можа. Многія лічаць: гэта неэфектыўна. Іншыя пярэчаць: хоць так. А што ж робяць іншыя?

Акцыя пратэсту супраць вучэнняў «Захад-2017» у Мінску.

Калі вы апошні раз чулі пра дзейнасць беларускіх незалежных палітыкаў? Зможаце ўзгадаць навіну пра Караткевіч ці Лябедзьку за апошнія некалькі месяцаў? Не заглядваючы ў фэйсбук, узгадаеце, чым займаюцца Янукевіч, Дзмітрыеў?

А дзе, дарэчы, Віталь Рымашэўскі? Між іншым, чалавек балатаваўся ў прэзідэнты. Дзе ён сёння? Чым жыве? З’ехаў у Тыбет? Працуе загадчыкам склада ў сталічным «Еўраопце» на Дзянісаўскай? Дзе чалавек, які называе сябе палітыкам? 

Так, можна спасылацца на тое, што робіцца значная, але незаўважная для народа праца — напрыклад, сустрэчы з замежнымі палітыкамі. Вось нядаўна Губарэвіч і Лябедзька сустракаліся з дэпутатамі Еўрапарламента. Добра, напэўна, але важна, каб цябе ведаў не толькі партугальскі міністр ці брытанскі пасол, а яшчэ і бабруйскі слесар ці механізатар з-пад Вілейкі. 

Можна спасылацца на інфармацыйную блакаду, калі б выдатны прыклад не знаходзіўся пад бокам.

У Расіі Аляксей Навальны дзейнічае абсалютна ў тых жа ўмовах, што і беларуская апазіцыя. Так, да яго існуе шмат пытанняў, але гутарка цяпер не пра погляды ці праграмы развіцця краіны, а пра камунікацыю з людзьмі. А гэта Навальны робіць выдатна.

Раней сярод беларускай апазіцыі была распаўсюджаная мантра — «нас не пускаюць на тэлебачанне, таму нас і не ведае просты народ». Але сёння, калі акаўнт у сацсетках не мае хіба толькі немаўля, гэта гучыць недарэчна.

Навальнага гэтаксама, як і беларускіх апазіцыянераў, не пускаюць на тэлебачанне. Але адлучаны ад медыя навальнаўскі Фонд барацьбы з карупцыяй сам становіцца медыя, прычым даволі якасным. Публікуе раследаванні і ток-шоу, вядзе анлайн-трансляцыі.

На расійскіх майскіх мітынгах супраць карупцыі сёлета ўпершыню заўважылі значную колькасць школьнікаў. Гэта 15-16 гадовыя падлеткі, фактычна першае пакаленне, якое сапраўды жыве ў сеціве.

Пяцікласнік на мітынгу супраць карупцыі ў Томску.

Яны выйшлі на вуліцы — і асноўнай прычынай яны называлі менавіта расследаванні Навальнага пра Дзмітрыя Мядзведзева. Прасцей кажучы — людзей вывеў на вуліцы ролік на Ютубе. Так, здаецца, што 15-гадовыя школьнікі, якія глядзяць тупых блогераў і тупыя рэп-батлы, зусім не тая аўдыторыя, на якую варта арыентавацца палітыку. Але ж, бачыце, і яны маюць права голасу на вуліцы, а за два-тры гады атрымаюць і права галасаваць на выбарах.

Некалькі якасных матэрыялаў прынеслі больш плёну, чым зборы подпісаў і круглыя сталы.

Адказ, хутчэй за ўсё, ён будзе прыкладна такім: «Няма грошай».

Так, ФБК збірае вялікія грошы на свае матэрыялы. Але Навальны пачынаў не з дарагіх і карпатлівых расследаванняў, а з прэтэнзій да дзяржкампаній, чыі акцыі ён набываў як мінарытарый, і, адпаведна, мог як акцыянер патрабаваць дадатковай інфармацыі пра дзейнасць і рашэнні кіраўніцтва. І так, гэта спрацоўвала — хаця б тым, што прыцягвала ўвагу да самога Навальнага.

Ды што там казаць пра расследаванні. Увогуле складваецца ўражанне, што беларуская апазіцыя не столькі прагне ўвагі і пазнавальнасці, колькі бяжыць ад яе.

За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Экс-кандыдатка Таццяна Караткевіч лічыцца (ва ўсякім выпадку раней лічылася) дырэктаркай сацыяльнай установы «Сямейная пляцоўка». Сама Караткевіч казала, што «Сямейная пляцоўка» аказвае дапамогу людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Добра, паверым, што гэтая установа складаецца не толькі з двух словаў і трох папераў.

Але чым канкрэтна яна займаецца? Дзе яна знаходзіцца? Як да яе прыйдуць тыя «людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі», калі «Сямейная пляцоўка» ніколі не мела ані сайта, ані нават суполкі ў сацсетках? (Прабачце, калі мела, але ніхто не ведаў.)

Што можа быць лепшым для палітыка, чым кранальныя гісторыі тых, каму ён ці яго ўстанова дапамагла? Падзякі ад выратаваных — гэта, па-першае, карысна для публічнай персоны, а па-другое — гэта бясплатна.

Дайце інфармацыю ў «Нашу Ніву» з яе статысячнай аўдыторыяй, Дайце ў праект «Імёны», які складаецца менавіта з кранальных гісторый пра няпростую людскую долю. Наладжвайце супрацоўніцтва.

Але не, навошта? Цішыня. Вы ўвогуле чулі пра хоць аднаго чалавека, якому дапамагла «Сямейная пляцоўка»? Сустракалі такога?

Нават перад выбарамі, калі Караткевіч раптам выштурхнулі ў медыяпрастору і яе ведалі паўтара чалавекі, тэма дзейнасці фонду ніяк не ўздымалася і на гэтым не акцэнтавалася ўвага, а хутчэй наадварот.

Па словах аднаго з сяброў «Гавары праўду», год таму фонд складаўся ўсяго з двух чалавек. Гэта сама Таццяна Караткевіч і бухгалтарка. І ўсё. Яшчэ нібыта існавалі нейкія міфічныя валанцёры, але чагосьці канкрэтнага пра гэтых валанцёраў таксама ніхто ніколі не чуў.

Таксама трэба адзначыць яшчэ адзін важны момант. Навальны пралез нават у мемы — вясёлыя карцінкі, якія сёння фактычна замяняюць анекдоты. «Раніцай у газеце — вечарам у куплеце» — менавіта па такой сістэме і працуюць мемы, рэагуючы на медыягерояў і парадак дня.

І Навальны — іх пастаянны персанаж. Засвяціўся на фота ў не самай лепшай фізічнай форме — атрымаў трохі крыўдную, але пяшчотную мянушку «Сісян». Выкаціў расследаванні — вось вам шэраг фотажаб, на якіх Пуцін і Мядзведзеў стогнуць «Блэд, Нэвэльный!». Прычым, гэта не тлусты тролінг крамлёўскіх ботаў, а іронія і жарты тых, хто аднолькава кпіць як з дзеючай расійскай улады, так і з апазіцыі. І гэта абсалютна нармальны лёс любога вядомага персанажа. Калі сёння пра цябе ствараюць мемы — гэта і ёсць сапраўдная народная слава.

І пра беларускіх апазіцыянераў, канечне, можна прыдумаць пару-тройку добрых жартаў. Калісьці мільгала, здаецца, смешная фраза, што галоўнае дасягненне Дзмітрыева — Таццяна Караткевіч, а галоўнае дасягненне Караткевіч — чайны грыб. Але ж цяпер і такога няма. Прычына адна і вельмі простая — у штодзённым жыцці беларуса яны ніяк не прысутнічаюць. Дый беларус і не мае звычкі за кімсьці з палітыкаў сачыць — бо ўсё роўна на наступных прэзідэнцкіх выбарах апазіцыянеры дастануць з кішэні новага аднаразовага ноунэйма і скажуць: харошы ж чалавек, прагаласуйце, калі ласка, ну калі не персанальна за яго, то хаця б супраць Лукашэнкі.

Таму мы і маем тое, што маем. Для патэнцыйнага выбаршчыка «Гавары праўду!» маўчыць, Рух «За Свабоду» стаіць на месцы, «Дзея» бяздзейнічае.

Такім чынам, свядома ці не, беларускія апазіцыянеры фактычна выконваюць запаветы моднага расейскага батл-героя МС Гнойнага. Ідуць насуперак здароваму сэнсу, ствараючы нейкую сваю рэальнасць, не столькі нават дэкларатыўную, колькі ўжо дэкаратыўную. Не палітыка, а суцэльны антыхайп.

«Рыал ток. Think about it», — сказаў бы на гэта сам класік.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031