Знайсці
14.09.2016 / 00:169РусŁacБел

Шчоткіну і яшчэ 55 чалавек безальтэрнатыўна абралі ў Савет Рэспублікі

Поўны спіс новых «сенатараў».

У Мінску і кожнай з шасці абласцей абраныя па 8 членаў Савета Рэспублікі. Іх кандыдатуры разглядаліся мясцовымі саветамі дэпутатаў. Выбары праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове — 56 чалавек на 56 месцаў.

Яшчэ восем членаў у Савет Рэспублікі прызначыць Аляксандр Лукашэнка. Як правіла, гэта старшыні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама хтосьці з прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

Хто з вядомых людзей трапіў у Савет Рэспублікі? Найперш гэта цяперашні спікер, былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Мабыць, ён будзе кіраваць і новым скліканнем.

Міхаіл Мясніковіч, мабыць, ізноў будзе спікерам Савета Рэспублікі.

А вось цяперашні намеснік Мясніковіча Анатоль Русецкі больш не зарэгістраваны як кандыдат. Можна рабіць стаўку, што найбольш імавернай віцэ-спікеркай стане дзейная міністарка працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, якая ўзначальвала штаб Лукашэнкі падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Марыяна Шчоткіна пакіне пасаду ў Міністэрстве працы дзеля пераходу ў Савет Рэспублікі.

Гэтаксама ідзе ў Савет Рэспублікі кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. Гэта не значыць, што Орда сыдзе з прафсаюзнай працы. Думаецца, ён будзе і там, і там.

Таксама ў Савет Рэспублікі ідзе таленавіты доктар Алег Румо, які быў летась даверанай асобай Лукашэнкі. Румо — адзіны доктар, якому далі надзел у Драздах.

Орда зможа працаваць адначасова і ў прафсаюзах, і ў «сенаце».

Па Мінску таксама ідзе цяперашні пасол Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў. Ён нарадзіўся ў Расіі, але вучыўся і працаваў у Беларусі. Кар’ера Рахманава развівалася як у навукоўца-хіміка, аднак у другой палове жыцця яго перавялі на дыпламатычную ніву, а цяпер на дэпутацкую.

Кацярына Дулава ўзначальвае Акадэмію музыкі.

Тры астатнія вакансіі па Мінску займаюць намесніца міністра юстыцыі Ала Бадак, дырэктар цэнтра «Маці і дзіця» Канстанцін Вільчук і рэктарка Акадэміі музыкі Кацярына Дулава.

Самай маладой у новым скліканні савета рэспублікі будзе рэдактарка «Пінскага весніка» Вольга Леўчанка. Ёй 37 гадоў. Да гэтага яна ўзначальвала пінскі БРСМ, а таксама аддзел моладзі ў райвыканкаме.

Вольга Леўчанка з Пінска рызыкуе стаць самай маладой у савеце рэспублікі.

На год старэйшы за Леўчанку дырэктар па прамыслова-тэхнічнай палітыцы завода БАТЭ (Барысаў) Аляксандр Марчанка.

А вось найстарэйшым прадстаўніком у Савеце Рэспублікі будзе генеральны дырэктар «Віцебскаблгаза» Пятро Шэршань, якому 67 гадоў. Толькі на год маладзейшы за яго Міхаіл Мясніковіч.

Мінскую вобласць у савеце рэспублікі будзе прадстаўляць лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Гэты чалавек тройчы ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, але не ні разу не спадзяваўся перамагчы. Многія разглядаюць Гайдукевіча як спарынг-партнёра Аляксандра Лукашэнкі.

Звяртае ўвагу, што ў гэтае скліканне Савета Рэспублікі не ўключаны мультымільянер, старшыня рады дырэктароў «Амкадор» Аляксандр Шакуцін — адзін з найбольш набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсменаў краіны.

Мікалаю Мартынаву не ў навінку засядаць у Савеце Рэспублікі.

Багатыя беларусы ў савеце рэспублікі будуць рэпрэзентаваныя ў асобе Мікалая Мартынава, генеральнага дырэктара абутковай кампаніі «Марка». Мартынаў быў у спісах членаў Савета Рэспублікі і мінулага склікання.

Будуць у Савеце Рэспублікі і іншыя топ-менеджары. Напрыклад, 40-гадовы Іван Галаваты, гендырэктар «Беларуськалія», вылучаны ад Мінскай вобласці.

Ад Брэсцкай вобласці ў верхнюю палату парламента балатуюцца дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк і старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц. Апошні жыве ў Бараўлянах, працуе ў Мінску, але, паколькі паходзіць з Брэстчыны, то і вылучаецца адтуль.

Адразу некалькі рэктараў вышэйшых навучальных установаў ідуць у «сенатары». Апроч ужо згаданай Дулавай, гэта Анатоль Шчасны з Віцебскага медуніверсітэта, Віктар Сняжыцкі з Гродзенскага медыцынскага, Ірына Старавойтава з Магілёўскага інстытута развіцця адукацыі і дырэктар Магілёўскай філіі Акадэміі музыкі Мікалай Алданаў.

Андрэй Белякоў у свае 40 гадоў узначальвае БРСМ.

Зноў у Савеце Рэспублікі будзе прадстаўлены кіраўнік БРСМ. У мінулым скліканні гэта быў Ігар Бузоўскі, якога павысілі да намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. А сёлета ў «сенатары» трапіць Андрэй Белякоў, які ў свае 40 узначальвае галоўную моладзевую арганізацыю краіны.

Ад Гродзеншчыны ў «спіс 56» трапіў дырэктар мясцовага мясакамбіната Анатоль Грышук, а таксама старшыня перадавога сельгаскааператыва «Азёры Гродзенскага раёна» Аляксандр Шышко.

Сумнавядомы доктар Віктар Сірэнка, які праславіўся тым, што здаў спецслужбам кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева ў 2010, вылучаны па Мінскай вобласці.

Таксама ў Савет Рэспублікі патрапіць дырэктар паспяховага «Агракамбіната Сноў» Мікалай Радаман.

Мікалай Радаман узначальвае агракомплекс «Сноў».

* * *

Поўны спіс гэтак званых «сенатараў» — членаў Савета Рэспублікі:

БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Віктар Амбражэйчык дырэктар Драгічынскага лясгаса

Іван Антановіч дырэктар ААТ «Новая Прыпяць» Столінскага раёна

Рыгор Бысюк дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»

Ніна Дударга начальнік Лунінецкага раённага вузла паштовай сувязі

Вольга Леўчанка - рэдактар газеты «Пінскі веснік»

Васілій Маркевіч генеральны дырэктар ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Баранавіцкага раёна

Васілій Раманоўскі галоўны ўрач Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі

Віктар Чайчыц старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў

ГОМЕЛЬСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Рыгор Дворак начальнік РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі»

Аляксандр Ляхаў генеральны дырэктар РУП «ВА «Беларуснафта»

Ігар Краўчанка генеральны дырэктар КПРБУП «Гомельаблдарбуд»

Алег Ядранцаў галоўны ўрач дзяржаўнай установы аховы здароўя «Гомельская клінічная бальніца №1»

Аксана Кавалькова дырэктар ДУА «Сярэдняя школа №16 горада Мазыра»

Галіна Трыбунах дырэктар ААТ «Зорка» Чачэрскага раёна

Галіна Мельнікава галоўны рэдактар установы «Рэдакцыя Жлобінскай газеты «Новы дзень»

Андрэй Белякоў першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»

ГРОДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Анатоль Грышук генеральны дырэктар ААТ «Гродзенскі мясакамбінат»

Ігар Жук старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў

Аляксандр Шышко старшыня СВК «Азёры» Гродзенскага раёна

Алена Краткова галоўны ўрач Гродзенскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы

Віктар Сняжыцкі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта

Інеса Белуш старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў

Міхаіл Сіцько старшыня Ваўкавыскага раённага камітэта

Раманія Скамарошка старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

ВІЦЕБСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Анатолій Анюхоўскі дырэктар Талачынскага кансервавага завода

Мікалай Мартынаў гендырэктар кіруючай кампаніі холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марко»

Пётр Шэршань гендырэктар прадпрыемства «Віцебскаблгаз»

Юрый Дзяркач начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама

Васілій Дробатаў дырэктар ААТ «Полацктранснафта Дружба»

Алена Панцюхова дырэктар рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі «Віцебск»

Мікалай Шаўчук старшыня Полацкага райвыканкама

Анатолій Шчасны рэктар Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта

МАГІЛЁЎСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Ірына Акуловіч дырэктар тэлерадыёкампаніі «Магілёў»

Мікалай Алданаў дырэктар Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

Анатолій Драздоў дырэктар ААТ «Новая Друць»

Барыс Кавалеўскі гендырэктар ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання»

Канстанцін Пуціла гендырэктар РУП «Магілёўэнерга»

Ірына Пятрова галоўны ўрач Глускай цэнтральнай райбальніцы

Ірына Старавойтава рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі

Уладзімір Панцюхоў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах

МІНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Сяргей Гайдукевіч старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі

Святлана Герасімовіч старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні

Іван Галаваты генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій»

Ніна Жалязнова дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Азярыцкі-Агра» Смалявіцкага раёна

Аляксандр Марчанка дырэктар па прамыслова-тэхнічнай палітыцы і развіцці ААТ «Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання» - кіруючая кампанія холдынга «Аўтакампаненты»

Віктар Сірэнка намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта

Алег Суконка дырэктар дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава»

Мікалай Радаман старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Агракамбінат Сноў» Нясвіжскага раёна

МІНСК

Ала Бадак намеснік міністра юстыцыі

Канстанцін Вільчук дырэктар РНПЦ «Маці і дзіця»

Кацярына Дулава рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

Міхаіл Мясніковіч старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу

Міхаіл Орда старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Сяргей Рахманаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі

Алег Румо кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак

Мар'яна Шчоткіна міністр працы і сацыяльнай абароны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930