Знайсці
15.07.2013 / 09:433РусŁacБел

Навукоўцы распрацавалі тэхналогію ЭКА цаной каля $250

Бельгійскія даследчыкі распрацавалі новую тэхналогію экстракарпаральнага апладнення (ЭКА), больш простую і танную: яе цана складае крыху больш за $250.

Гэта зробіць ЭКА даступнай паслугай для бедных краін і краін, якія развіваюцца. Тэхналогія не менш эфектыўная, чым стандартная, сцвярджаюць яе аўтары.

Колькасць дзяцей, зачатых «у прабірцы», у свеце ўжо дасягнула 5 мільёнаў. Тэхналогія ЭКА для пераадолення бясплоддзя шлюбных пар трывала ўвайшла ў жыццё і нават, з некаторымі агаворкамі, атрымала ўхваленне царквы. Але і ў гэтай галіне адбываюцца змены. Новую методыку ЭКА, больш простую і танную, вынайшлі даследчыкі з Інстытута тэхналогій апладнення ў Генце, Бельгія. Аўтары прадставілі яе на канферэнцыі European Society of Human Reproduction and Embryology, якая праходзіць у Лондане.

На сённяшні дзень цана стандартнай працэдуры ЭКА (аднаго цыклу апладнення) складае $12,400. Цана працэдуры па спрошчанай методыцы, якую прапанавалі бельгійцы, — усяго $257.
Патанненне прынцыпова важнае, бо робіць ЭКА даступным для выкарыстання ў бедных слаях насельніцтва краін, якія развіваюцца.

Праблема бясплоддзя датычыцца ўсіх краін, у той жа час для жанчын некаторых краін яна можа ператварыцца ў трагедыю. Праз культурныя традыцыі жанчыны, якія не могуць нарадзіць дзіця, падвяргаюцца там знявазе і астракізму. «Нягледзячы на пяць мільёнаў „дзяцей з прабіркі“, якія нарадзіліся ў свеце, лячэнне бясплоддзя ў краінах, якія развіваюцца, звязанае з пэўнымі цяжкасцямі. Гэты від медыцынскіх паслуг там часцяком непрымальны праз сваю дарагоўлю», — падкрэсліваюць даследчыкі.

«Мы паказалі, што метадалогія ЭКА можа быць істотна спрошчаная, — кажа доктар Элке Клеркс, аўтар вынаходніцтва. — Цана нашай спрошчанай лабараторнай сістэмы складзе ад 10% да 15% ад цаны абсталявання для ЭКА па стандартнай методыцы».

Звычайна яйцаклеткі, узятыя з яечнікаў, апладняюць сперматазоідамі ў кубку Петры, а аплодненыя яйцаклеткі пераносяць у СО2-інкубатар, дзе з іх развіваюцца эмбрыёны. У ім падтрымліваецца тэмпература 37 °С і ўтрыманне СО2 5–6%. У такім інкубатары эмбрыёны культывуюць у пластыкавых кубках з культуральным асяроддзем, якое змяшчае асноўныя фізіялагічныя іоны, энергетычныя субстраты (глюкоза, піруват, лактат), амінакіслоты, вітаміны і бялкі сыроваткі крыві. Перанос эмбрыёна ў матку ажыццяўляюць праз 2–5 дзён пасля апладнення.

Пры спрошчанай тэхналогіі дарагі інкубатар не патрэбны.

Сістэма складаецца з дзвюх шкляных трубак, злучаных іголкамі і трубачкамі. Першая трубка працуе як генератар СО2, які ўтвараецца пры хімічнай рэакцыі паміж лімоннай кіслатой і содай. Ён паступае ў другую трубку — з культуральным асяроддзем. У гэтую трубку ўводзяць яйцаклеткі і сперматазоіды. У ёй адбываецца апладненне і ў ёй жа развіваецца эмбрыён.

Спецыялісты пратэставалі сістэму на практыцы. У 2012 годзе яны выкарыстоўвалі яе для групы жанчын і пераканаліся, што па эфектыўнасці апладнення і выжывальнасці эмбрыёнаў яна не адрозніваецца ад стандартнай методыкі.

У 23 з 35 цыклаў апладнення (63%) былі атрыманыя якасныя эмбрыёны. Паспяховая імплантацыя адбылася ў 8 з 23 выпадкаў, гэта значыць у 35%. У 7 выпадках (30,4%) наступіла цяжарнасць. Адна цяжарнасць перапынілася на восьмым тыдні, астатнія завяршыліся нармальнымі родамі.

Усяго па гэтай методыцы нарадзілася 12 дзяцей (у некаторых выпадках гэта былі двойні, бо жанчыне падсаджваюць па два эмбрыёны).

Па словах доктара Клеркс, лабараторыя для правядзення ЭКА па спрошчанай методыцы ў Генце мае быць укамплектаваная сёлета. На стварэнне такой лабараторыі патрабуецца ад €1,5 да 3 млн, але, магчыма, цану атрымаецца знізіць да €300 тыс.

«Спрошчаная лабараторная працэдура, несумненна, адкрые новую эру ў гісторыі ЭКА, — лічыць Клеркс. — Нашы першыя вынікі паказалі, што яна прыводзіць да поспеху і можа быць выкарыстаная для лячэння бясплоддзя ў краінах, якія развіваюцца. Гэта вялікі прарыў у тэхналогіі „зачацця ў прабірцы“ і вялікі прарыў у галіне дасягнення раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасці».

gazeta.ru

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031