Знайсці
02.02.2012 / 11:4636РусŁacБел

«Часам жанчынам выгадна, каб муж заставаўся сэксуальна няздатным»

Летась у Беларусі было скасавана 38 584 шлюбы — на 5,3% больш у параўнанні з 2010 годам.

Чаму цяпер распадаюцца беларускія сем’і?

Разам — агідна, паасобку — дорага

«Мы не пражылі з мужам і трох гадоў, як сталі адно аднаму чужымі, — прызнаецца 27-гадовая Алеся Шамко. — Не разыходзімся ж дагэтуль з вельмі банальнай прычыны — мне проста няма дзе жыць. Кватэру мужу яшчэ ў студэнцтве падарылі бацькі, таму я не маю на яе ніякіх правоў. Прапісаныя ў ёй толькі муж і наш двухгадовы сын, а я рызыкую застацца на вуліцы. Наймаць асобнае жыллё надта дорага з маёй двухмільённай зарплатай, вяртацца да мамы ў Баранавічы — дык там я буду зарабляць яшчэ менш, не пракармлю нас з малым.

Муж хоць і не дае нам ні капейкі, але ж за кватэру плаціць і прадукты для сябе, любімага, набывае, а я жыву на ўмовах хатняй прыслугі.
Калі змагу нарэшце сама сябе забяспечваць, то адразу ж падам на развод, бо жыць побач з агрэсіўным, чужым табе чалавекам, бачыць яго бясконцыя п’янкі з сябрамі і дзеўкамі агідна».

Сітуацыя, калі людзі нават пасля разводу вымушаныя доўгія гады суіснаваць у адной кватэры, вымотваючы адно аднаму нервы, бо няма куды раз’ехацца, — далёка не рэдкасць.

Здавалася б, калі разводы ў дадзеным выпадку нічога не вырашаюць, а захаванне сям’і дае няхай і ўмоўны, але шанец на прымірэнне, то колькасць такіх разводаў павінная зменшыцца. «Наадварот, будзе толькі расці,
 — прасвятлілі бывалыя „чаргавікі“, якія чакаюць свайго права на будаўніцтва жылля не першы дзясятак гадоў. — Бо разышліся і адразу сталі ў чаргу. Прэтэндуючы пры гэтым на льготы і дзяржпадтрымку як няпоўная ды маламаёмасная сям’я».

Афіцыйна

Як сведчаць даследаванні Фонду ААН у сферы народанасельніцтва, найчасцей (у кожным чацвёртым выпадку) у Беларусі разыходзяцца сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе 5–9 гадоў, і амаль палова разводаў прыпадае на ўзрост 25–34 гады.

Захаваць нельга падзяліць

Дальнабойшчык Валерый Руткоўскі, якому крыху за 40, пасля амаль 10 гадоў сямейнага жыцця вярнуўся ў статус халасцяка і практычна не падтрымлівае стасункаў з былой сям’ёй.

«Чаму я са сваёй разышоўся? Спачатку даведаўся, што заробленыя маім потам і, фігуральна кажучы, крывёю, грошыкі ідуць на пасядзелкі з невядомымі „сяброўкамі“ ў кавярні. Потым і сябры пацвердзілі, што бачылі яе ў горадзе з усякімі „бобікамі“.

Проста здраду я, хоць, можа, і не дараваў бы, але зразумеў бы — я заўсёды ў раз’ездах, дома бываю рэдка. Але каб на гулянкі яна траціла нашы, у сэнсе мае, грошы?!

У нас нават пагаварыць не атрымалася: сабрала рэчы і з’ехала з сынам і чарговым хахалем да бабкі ў вёску. Ну і я не доўга думаў — падаў на развод. Больш за тое, уладкаваўся на мінімальны афіцыйны аклад, каб яна не вельмі разлічвала на аліменты. Калі сыну што трэба, перадаю праз былую цешчу — вось дзе залаты чалавек, мяне цалкам падтрымлівае. Але тое, што сыну ў вушы ўводзяць, які ў яго бацька дрэнны, нават яна спыніць не можа. А я для сябе вырашыў: цяпер ніякіх ЗАГСаў, толькі свабодныя стасункі, калі каму надакучыла ці хочацца большага — да пабачэння!»

Як на ўмовах ананімнасці расказалі супрацоўнікі аднаго з раённых судоў Мінска, цяпер ледзь не кожная другая сталічная сям’я, у якой ёсць дзеці, усе спрэчныя моманты пры разводзе (аліменты на дзіця ці на маці і дзіця; з кім з бацькоў застанецца жыць дзіця; як будзе ўдзельнічаць у яго выхаванні і забяспечанні другі з бацькоў) вырашае ў судовым парадку.

Развод і дзявочае прозвішча

«Я пражыла па ягоных правілах і з ягоным прозвішчам амаль 15 гадоў, — 33-гадовая Аксана Горбач прынцыпова не называе экс-мужа па імені, толькі „ён“. — І ўвесь час пад кагосьці падладжвалася: то пад яго маці, то пад яго планы, то пад яго звычкі. Расколіны ў адносінах замазвала і залізвала як магла.

А потым зразумела, што гэта гульня ў адны вароты, і перастала. Цярпела толькі дзеля дзяцей: адной дачцэ 13, другой 7, і ў абедзвюх, на жаль, слабое здароўе.

Трэба было часта выязджаць на мора, а ён пагражаў, што ў выпадку разводу не дасць дазволу на вываз дзяцей з Беларусі.
Калі гэтую дурную норму нарэшце скасавалі, я як на крылах лётала! Праўда, суд некалькі разоў даваў адтэрміноўку на прымірэнне, таму развяліся мы толькі ў пачатку 2011 года. Я вярнула сабе дзявочае прозвішча, любімую (і нядрэнна аплачвальную) працу, нарэшце самапавагу, і цяпер мы з дачушкамі шчаслівыя як ніколі!»

Сапраўды, да 26 сакавіка 2010 года на выезд дзіця за мяжу з адным з бацькоў патрабавалася пісьмовая згода другога. Мяркуючы па водгуках на бацькоўскіх форумах, гэтым правам — «хачу — дазволю, хачу — не дазволю» — спекулявала значная частка былых мужоў (радзей — жонак).

Там добра, дзе нас няма?

«Так, мы таксама заўважылі тэндэнцыю да росту колькасці разводаў, — адзначае сямейны псіхолаг, сэксолаг Вольга Петрашкевіч. — Прычыны тут самыя розныя. Напрыклад, часта разыходзяцца сем’і, у якіх жонка пайшла ў дэкрэтны адпачынак або ўвогуле занялася толькі хатняй гаспадаркай, а муж узяў на сябе функцыю здабытчыка. Жанчына трапляе ў эмацыянальны вакуум, а запоўніць яго не можа, бо муж увечары прыходзіць з працы стомлены, і яму не да шчырых размоваў.

Жонка хоча, каб муж адпавядаў пэўным яе патрабаванням, а муж сыходзіць у глухую абарону.
Частая прычына разводаў — здрада; шукаць у іншым месцы зніклую эмацыянальную блізкасць часцей схільныя мужчыны.

Не на апошнім месцы сярод прычын разводу стаяць і праблемы сэксуальнага плану, прычым дакапацца да іх, як правіла, вельмі складана. Дарэчы, часам жанчынам выгадна, каб муж заставаўся сексуальна няздатным: тады ім лягчэй маніпуляваць… Зрэшты, нельга вінаваціць толькі мужчын ці толькі жанчын: у канфліктах, тым больш сямейных, заўсёды вінаватыя абодва бакі».

Што да эканамічнага аспекту, то ён хоць і прысутнічае амаль у кожным разводзе, але, на думку эксперта, ёсць хутчэй зручным прыкрыццём і апраўданнем для распаду сям’і, чым яго рэальнай прычынай.

«Усё ж калі сям’я згуртаваная, то любыя праблемы, у тым ліку фінансавыя, яе толькі яшчэ больш загартоўваюць і ўзмацняюць. А калі з самага пачатку саюз не вельмі трывалы, то эканамічныя прычыны — толькі нагода, як правіла, для жонкі, адыграцца за колішнія крыўды: маўляў, «ты нават на сям’ю зарабіць не можаш».

Асноўныя ж прычыны павелічэння колькасці разводаў, мяркуе псіхолаг, у тым, што беларусы імкнуцца атрымаць зашмат, не прыкладаючы намаганняў.

«Маральныя нормы ўсё-такі пахіснуліся ў нашым грамадстве, і сям’я для многіх страціла сваю каштоўнасць, саступіўшы месца нейкай «свабодзе», — кажа спецыяліст.

Магчыма, справа ў эмацыянальнай нясталасці, у тым, што мы развучыліся саступаць адно аднаму ды і проста размаўляць і слухаць партнёра. Людзі не гатовы працаваць дзеля захавання гармоніі ў стасунках. Яны ўяўляюць сабе вобраз цудоўнай сям’і, а як толькі знікае рамантычны флёр і адбываецца натуральнае згасанне пачуццяў, схільныя здавацца і шукаць, дзе лягчэй. Навошта ісці цярністай дарогай, калі існуюць лёгкія? Навошта берагчы шлюб з гэтай жанчынай, калі досыць іншых, свабодных, на сподачку з блакітнай аблямоўкай?

Вікторыя Пракаповіч, Svabodaby.net

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера