Знайсці
02.09.2011 / 12:131РусŁacБел

Алесь Кіркевіч. Вясна. Анталія. Вялікдзень

Філасофія турэмнага дворыка. Нарыс палятвязня.

Алесь Кіркевіч быў асуджаны па справе аб «масавых беспарадках» на чатыры гады пазбаўлення волі, гэты нарыс ён напісаў увесну ў турме. Учора Алесь Кіркевіч выйшаў на волю.

«…Вер, і ўсё будзе добра».

Яснае неба. Яснае, сіняе закратаванае неба. У сонечных промнях на сетцы вецер гойдае павуцінне і дробнае пер’е. Зусім як у верасні. Усё ж такі вясна і восень падобныя як брат і сястра, як напалову пустая і напалову поўная бутэлька, як толькі што засеянае і толькі што выбранае поле, закіданае, быццам лушпінкамі сланечніка, чорнымі крумкачамі.

Праз усё неба — таўсценны след ад самалёта: ён плыве, а дакладней вецер зносіць яго кудысьці за дамы, за гарызонт, у бок праспекта Незалежнасці. «На Анталію», — камусьці хочацца верыць і быць хоць у нечым саўдзельнікам гэтага палёту: хаця б ідэнтыфікаваць яго для тутэйшай публікі, выпадковых знаёмых, у кожнага з якіх ёсць свая «Анталія», няхай і ў выглядзе лецішча на беразе Нёману, шмат больш жаданага і чаканага за які-кольвек турэцкі курорт.

Пралятае крумкач. За ім — белая галубка (двух рамантычных галубоў акурат вышкрабла чыясьці рука на металічных дзвярах дворыка).

Рымскія жрацы-аўгуры калісьці ўмелі гадаць па палёту птушак. Мажліва яны ў суседнім дворыку. Тут ёсць мясцовая прыкмета — асоба, «абгаджаная» птушкамі ў дворыку выпускаецца ў той жа дзень. Верагоднасць: прыблізна 2 з 3-х. Як правіла, 3-я асоба перастае верыць у прыкметы… Тоўстую паласу ад самалёта «на Анталію» перасякае тонкая ад толькі што прайшоўшага новага маршрута. У выніку атрымліваецца ўсім зразумелы хрысціянскі сімвал — усё ж такі хутка Вялікдзень… Тлумачыць сэнс «знамення» нікому не трэба, акрамя разгубленых аўгураў з суседняга дворыка. Але праз пару хвілінаў і яны супакояцца, бо тлумачэнне простае: «Усё будзе добра», а дакладней: «Вер, і ўсё будзе добра!».

Высокая цагляная сцяна патанула ў сонечным святле. На ёй бултыхаюцца цені ад выпадковых рэчаў, вецер падхоплівае канвульсіі, але хутка адліў, і шэрая сцяна зноўку стане шэрай, патанулыя прадметы знікнуць да раніцы і нават вецер не зможа іх да часу ўваскрасіць.

Між іншым, «футра», якое апранае мур, хавае ў сабе безліч малюнкаў і камбінацыяў: вось профіль сабачай галавы з гузікам-вокам, вось абрысы таемных кантынентаў, за мажлівасць існавання якіх ваююць вясёлыя ілжэвучоныя з сумнымі — ад афіцыйнай навукі, а вось характэрны востры каменьчык, на які я павешу сваю куртку — хай таксама адпачне!.. Быццам выбоіны ад стрэлаў — чорныя плямы: нехта тушыў свой «бычок», супакойваючы нервы. У шчылінах на бетоннай падлозе перазімавалі рэшткі дубовага лісця, нават яны могуць усцешыць позірк — адарваныя, спарахнелыя, знявечаныя сцюжай кавалачкі жыцця на шэрым абыякава-халодным тле…

Людзі рухаюцца альбо па колу, альбо ў разнабой, па прыкладу ківача. Калі ўявіць, што дворык — гэта галава, а людзі — думкі ў ёй, то такі «броўнаўскі рух» акурат адпавядае руху думак у галаве вязня тут — ледзь не ў адзіным месцы, дзе ён можа пабыць сам-насам з уласнымі думкамі. Пра што? Вядома ж пра вясну, Анталію і… Вялікдзень!

20. 04. 2011

«Дзеяслоў»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031