Знайсці
18.04.2024 / 17:313РусŁacБел

«Я такіх сабак ніколі не бачыла». Воўк ці сабака: хто трымае ў страху жыхароў Віцебска

У віцебскіх гарадскіх чатах перапалох: цэлыя суткі там абмяркоўваюць перамяшчэнні вялікага чорнага ваўка па горадзе. Жывёлу бачаць на гарадскіх вуліцах, у дварах і на дзіцячых пляцоўках. На пошукі жывёлы кінуты патрулі міліцыі, іх суправаджае егер.

Чорны воўк ці сабака ў Віцебску. Фота: чытач vitebsk.biz

У сеціве зʼявілася відэа, дзе воўк бегае па дзіцячай пляцоўцы на вуліцы Ленінградскай. У гэты момант паблізу знаходзіліся і дзеці, і дарослыя, выпадковыя мінакі. На шчасце, ніхто не пацярпеў. 

Мясцовы сайт vitebsk.biz знайшоў чалавека ў пасёлку Біцялёва, да якога гэты воўк прыходзіў рэгулярна ўжо некалькі дзён. 

У Наталлі ў Біцялёва гадавальнік сабак. Паводле яе слоў, некалькі дзён таму за агароджай гадавальніка яна заўважыла вялікага чорнага сабаку. 

«Так бывае рэгулярна — да нас часам прыходзяць бездаглядныя сабакі, таму я не здзівілася і вырашыла выйсці да гэтага сабакі бліжэй, каб пакарміць. Ён мяне падпусціў метры на два, але як толькі ззаду за мной паказаўся мой муж — дзіўны сабака ўцёк». 

Па словах Наталлі, прыкладна праз паўгадзіны «сабака» вярнуўся, і яна зноў падышла да яго, каб усё ж накарміць. 

«Я такіх сабак ніколі не бачыла, таму і падышла бліжэй разгледзець — вялікі, чорны, вельмі разумныя вочы. Мы з ім яшчэ крыху прайшлі па полі за нашым гадавальнікам — можа ён мяне і хацеў зʼесці, я не ведаю, але са мной усё ў парадку…». 

А праз нейкі час у адным з гарадскіх чатаў свайго раёна Наталля ўбачыла больш за сотню паведамленняў і фота свайго «сабакі». Аказалася, што гэта чорны канадскі воўк (такая версія відавочцаў). 

«Прыкладна ў гэты ж час супрацоўнікі міліцыі распачалі пошукі гэтага ваўка. Я звярнулася ў 102 і распавяла, што воўк часта зʼяўляецца каля майго гадавальніка — можа быць, яго прыцягваюць сукі падчас цечкі». 

У гарадскіх чатах пайшлі чуткі, што воўк гэты збег з віцебскага заапарка. 

@nashaniva Па Віцебску шнырыць галодны воўк — міліцыя ўводзіць кругласутачнае патруляванне #віцебск#волк#витебск#нашанива#животные#домашниепитомцы#беларусь#беларусьновости#чпбеларусь♬ Creepy, scary, horror, synth, tension - Sound Production Gin

Выданне звярнулася па каментарыі да дырэктара заапарка Ірыны Арловай. Яна запэўніла, што гэты звер ніякага дачынення да заапарка не мае, і ўсе ваўкі ў самім заапарку на месцы. 

З поўнай упэўненасцю пацвердзіць, што на відэа воўк не змаглі і ў Віцебскім лясгасе.

«Пакуль мы яго не ўбачым на ўласныя вочы, дакладнага адказу даць не можам. Так, чорныя ваўкі існуюць, хоць і сустракаюцца рэдка, але водзяцца ў Беларусі. Аднак сказаць дакладна, што на відэа — воўк, не можам. Цяпер нашыя егеры разам з супрацоўнікамі Чыгуначнага РАУС патрулююць раён Біцялёва, дзе быў загрызены сабака», — паведамілі ў лясгасе «Спутніку».

На пытанне, што будуць рабіць з жывёлай, калі яе знойдуць, там адказалі: калі гэта будзе воўк, яго на час усыпяць, адвязуць далей у лес і адпусцяць. Калі ж гэта будзе сабака, то яго аддадуць у гарадскі прытулак.

У сувязі з паступаючымі зваротамі ад грамадзян у розных мікрараёнах Віцебска арганізавана патруляванне горада супрацоўнікамі міліцыі ў суправаджэнні егера са спецабсталяваннем для злову жывёлы. 

Віцебскі гарвыканкам просіць гараджан праяўляць пільнасць і асцярожнасць: ні ў якім разе не набліжацца да жывёлы, не кантактаваць з ёю, не пакідаць без нагляду дзяцей на гульнявых пляцоўках, забяспечыць іх кантроль пры перамяшчэнні па вуліцах горада.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
17
Сумна
3
Абуральна
5
18.04.2024
Не тот волк, кто волк, а тот кто волк.
18.04.2024
Гэта ж Пазняк у ваукалаку абярнууся и рыскае.. абы Изяслау чарадзей
18.04.2024
Гэта ваўкалак. Цікава калі там у нас поўня
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031