Знайсці
06.04.2024 / 14:2821РусŁacБел

«Сёння гарыць смецце, заўтра будуць гарэць вашы дзеці». Беларусам Літвы рассылалі пагрозы ад імя ультранацыяналістаў. Але пракалоліся

Многія беларусы Літвы, эмігранты апошняй хвалі, атрымалі паведамленні з пагрозамі па-літоўску. «Наша Ніва» выявіла, хто і як гэта рабіў.

22 сакавіка ў тэлеграм «Нашай Нівы» напісаў чалавек, які расказаў, што яму «ўжо не першы раз» шлюць пагрозы. Цытуем на мове і ў стылістыцы арыгінала:

«Уже не первый раз я и мои знакомые в Вильнюсе получают сообщения с угрозами. Уже реально становится страшно за себя и за свою семью на самом деле. Что нам делать, куда идти в полицию или что?!»

Да паведамлення быў далучаны скрыншот пагрозы.

Мы праверылі нумар, з якога быццам бы была дасланая пагроза. Выявілася, што нумар належыць кіраўніку лагістычнага аддзела буйной кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі і не мае аніякага дачынення да рассылкі.

Той, хто паведаміў нам гэтую інфармацыю — ён быў падпісаны як «Максім Шыдлоў» — выйшаў з акаўнта і не заходзіў у яго ўсе гэтыя дні. На нашу прапанову пра сустрэчу ён не адгукнуўся. Фота ў яго на акаўнце фэйкавае. Таксама выявілася, што імя пры стварэнні акаўнта было іншым, досыць экзатычным, а акаўнт абсалютна пусты — без аніякіх слядоў публічнай актыўнасці.

«Гэта апошняе папярэджанне вам і вашым дзецям»

Тым часам раніцай 28 сакавіка паведамленне аналагічнага зместу з'явілася ў тэлеграм-чаце «Беларусы ў школе. Вільня». Чалавек, падпісаны як Artem, скінуў нібыта атрыманую ім «сёння ўначы» пагрозу. Яна асабліва гадкая: «Гэта апошняе папярэджанне вам і вашым дзецям. Сёння гарыць смецце, заўтра будуць гарэць вашы дзеці. Літва — літоўцам».

Варта патлумачыць, што акурат вечарам 27 сакавіка ў Вільні быў маштабны пажар, гарэла аўтазвалка.

Паведамленне з чату «Беларусы ў школе. Вільня»

Стылістыка допісаў «Artema» падалася нам падобнай да стылістыкі вышэй узгаданага «Максима Шидлова». Мы сталі шукаць інфармацыю пра «Artema». Аказалася, «Artem» далучыўся да чату «Беларусы ў школе. Вільня» напярэдадні, 27 сакавіка.

Паведамленне «Artema» выклікала жывое зацікаўленне ў некалькіх удзельнікаў чату, якія пакінулі некалькі паведамленняў.

У адказ на сумневы асобных удзельнікаў чату ў рэальнасці гэтых пагроз і заўвагі, што за ўсе гады людзі з ніякімі пагрозамі не сутыкаліся, што за гэтым можа стаяць беларускі КДБ, «Artem» пераконваў, што спецслужбы Беларусі «дакладна не маюць да пагрозаў дачынення».

Нашу ўвагу звярнула, што яшчэ двое з тых людзей, якія актыўна абмяркоўвалі гэтую тэму ў чаце, уступілі туды напярэдадні — 26 ці 27 сакавіка. Прычым у іншых чатах яны не заўважаныя.

«Artem» i «Forest»

Вось час уступлення «Artema», «Foresta» і яшчэ аднаго карыстальніка.

Час уступлення падазроных акаўнтаў у групу «Беларусы ў школе. Вільня»

Карыстальнік «Forest», які ўступіў у групу 27 сакавіка і не мае за сабой ніякай тэлеграмнай гісторыі, змясціў паведамленне:

«Мне отправили отфотошопленные фото моего ребенка… ну там просто жесть…»

Праз некалькі дзён першаснае паведамленне «Artema» з чату «Беларусаў у школе. Вільня» знікла — мы не ведаем, ці яго выдаліў сам «Artem», ці адмін чату.

Тым часам з'явіліся скрыншоты некаторых іншых паведамленняў.

Скрыншот паведамлення, якое даслалі беларусам Літвы. Фота з тэлеграм-чата «Чат — Беларусы Вільні»

А 1 красавіка «Forest» заклікаў усіх удзельнікаў чату звязацца з «Artem»-ам.

«Всем добрый день, хочу обратиться ко всем, кому последнее время приходили сообщения с угрозами. Напишите пожалуйста пользователю Artem, он готовит коллективное обращение в полицию».

«Наша Ніва» праз тэлеграм звярнулася да ўсіх гэтых акаўнтаў, якія далучыліся да чату 26-27 сакавіка, пачалі тэму ці актыўна ў ёй выказваліся.

«Artem» сказаў нам, што ўступіў у групу «Беларусы ў школе. Вільня», каб «расказаць іншым пра пагрозы, якія прыходзілі яму да ўступлення ў групу». 

Але ён супярэчыць сам сабе. «Artem» уступіў у групу днём 27 сакавіка, а зранку 28 сакавіка напісаў у чаце, што пагрозы яму «прыйшлі ноччу», а ў тэксце пагрозы згадваецца пажар, што адбыўся ўвечары 27-га, пасля таго як «Artem» далучыўся да групы. 

Ад далейшай гутаркі з журналістам «Artem» адмовіўся, бо «ляціць у самалёце» і прапанаваў даслаць пытанні спісам. 

«Forest» сказаў нам, што далучыўся да чату, каб «даведацца больш пра дзіцячыя гурткі ў Вільні». Праўда, пра гурткі аніводнага пытання цягам трох сутак ён у чаце не задаў. Уключыўся ён толькі ў дыскусію пра «пагрозы», якія яму даслалі.

Аднаму з людзей, якія з ім камунікавалі, ён расказаў, што нібыта «большасць пагрозаў паступіла бацькам школьнікаў з беларускамоўнай гімназіі імя Францішка Скарыны».

Што да сцвярджэння, нібы акрамя пагрозаў яму даслалі «фота чалавека ў труне з прыфаташопленымі тварамі ягоных дзяцей», то «Forest» не ведае, адкуль могуць быць ягоныя звесткі ў тых, хто яму пагражаў, але пераконвае, што яго немагчыма адшукаць па нумары ў тэлеграме. Ён жа сказаў, што асабіста ведае «Artemа».

«Artemа» і «Forestа» з вышэй названым «Максимом Шидловым» яднае тое, што і акаўнты апошняга новыя і пустыя ў сэнсе актыўнасці ў чатах.

Пры гэтым людзі з падазронай гісторыяй праводзяць думку, што ўцечка магла адбыцца з афіцыйнага партала літоўскай адукацыі.

Пустыя ID

Між тым усе іншыя ідэнтыфікаваныя намі рэальныя людзі, каму пагрозы прыйшлі, — гэта людзі са слаба абароненымі акаўнтамі. Ва ўсіх іх мы здолелі з дапамогай анлайн-інструментаў адшукаць тэлефонны нумар і рэальнае імя. Гэта значыць, што гэты нумар і імя маглі лёгка знайсці і зламыснікі.

Звяртае ўвагу таксама, што ўсе ідэнтыфікаваныя намі атрымальнікі паведамленняў — эмігранты апошняй хвалі, якія прыехалі ў Літву апошнія гады.

Мы папрасілі тых, каму дасылалі паведамленні, сказаць нам ID акаўнтаў, з якіх адбылася рассылка. Выявілася, што яны таксама абсалютна пустыя і створаныя выключна пад гэтую рассылку.

Адзін з акаўнтаў, з якога вялася рассылка, называўся BloodHonour Lietuva. Гэта назва сапраўды існуючай ультраправай арганізацыі Літвы, якая ўваходзіць у міжнародную сетку Blood&Honour.

У гэтым акаўнце шмат неанацысцкіх матэрыялаў, але акурат пра Беларусь на сваіх афіцыйных старонках яны нічога негатыўнага не пішуць. 

Мы паказалі тэксты паведамленняў з пагрозамі двум карэнным носьбітам літоўскай мовы. Абое сышліся, што «структура сказаў не надта чыстая, быццам прагнаная праз перакладчыка». Адзін з іх спатыкнуўся на слове «nebeprisitaikys» — мяркуе, што літовец так не сказаў бы. Іншы звярнуў увагу на тыповую памылку ў адным з паведамленняў з пагрозамі, характэрную для расейскамоўных, якія вывучаюць літоўскую: kalė (сука) ужытае ў назоўным склоне, тады як літовец тут ужыў бы ў клічным.

Мімікруюць пад ультраправых

З таго, што мы бачым, можна зрабіць высновы, што паведамленні з пагрозамі — фэйкавыя. За іх рассылкай, імаверна, стаяць лукашэнкаўскія спецслужбы, якія мімікруюць пад літоўскіх ультраправых.

Здаецца, мэта гэтай спецаперацыі, як і некаторых іншых нядаўніх, аналагічных, — справакаваць недавер, а то і канфлікты між беларусамі і літоўцамі, пасеяць трывогу між эмігрантаў і тым самым падштурхоўваць беларусаў пакідаць Літву і Польшчу і пераязджаць у больш далёкія краіны, дзе, як мяркуюць аўтары такой стратэгіі, эмігранты будуць хутчэй губляць сувязь з радзімай і спыняць грамадскую актыўнасць.

Перадаваць сваю асабістую інфармацыю «Artemu» для «складання супольнай заявы ў паліцыю» — дастаткова наіўна. Увогуле, варта быць асцярожнымі, калі сутыкаецеся з прапановамі такога тыпу — калі вас просяць падзяліцца асабістай інфармацыяй нібыта для падпісання чагосьці. Прынамсі, калі пра гэта просяць людзі, якіх вы не ведаеце асабіста. І трэба крытычна ставіцца да любых спробаў правакацыі міжнацыянальных канфліктаў.

Варта адзначыць, што некаторыя з атрымальнікаў паведамленняў з пагрозамі напісалі заявы ў паліцыю Літвы. Калі хтосьці з вас атрымае адказ на такую заяву або калі вы маеце больш інфармацыі пра гэтую справу, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected]. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.

@nashanivanews Беларусам рассылалі пагрозы ад імя ўльтранацыяналістаў. Але пракалоліся #беларусь#вільня#вильнюс#белорусы#беларускаямова#пабеларуску#кгб#спецслужбы#нашаніва♬ DESTRUCTION - SCXR SOUL & NONTHENSE

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

У Вільні шукаюць людзей, гатовых за грошы шпіёніць за літоўскімі спецслужбамі і здымаць акцыі беларусаў

На ўездзе ў Вільню намалявалі надпіс «Вільня наша» з бчб-сцягам. Вось як замаўляюць такія графіці

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы не знайшоў груп ліцвіністаў, якія пагражаюць бяспецы краіне

Вынікі апошняга апытання паказалі, што літоўцы прыхільна ставяцца да беларусаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
65
Панылы сорам
16
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
71
2
Network /адказаць/
04.04.2024
какой-то сраный чатик а шуму как после ядерного врыва. а что вы будете делать когда заговорит тяжелая артиллерия? выбросьте свои теляфоны на помойку и будет спокойнее.  .
0
Цішка/адказаць/
04.04.2024
А сьмецьце - гэта “мусар”, скарочана “мус”?
1
За Ясь/адказаць/
06.04.2024
Вот учыра сматрэў фільму: "Andrius Tapinas і неверагодныя прыключэнія веліктронікаў"… там казазуецца пра львоўскі мапед які пачыніў Робат Вэрнэр фон Браўн. Дык а чом я, ента ішчо казачкі а кеды пашпарты свае ні памяняць будзет вам весялуха: "Северо-восточный округ Московии, осмотр достопримечательностей"
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031