Знайсці
06.03.2024 / 21:325РусŁacБел

Праслухоўка і «хабар» ад КДБ. Стала вядома, як судзілі экс-кіраўніка аховы Лукашэнкі

Улетку 2020 года адбыўся адзін з самых рэзанансных судовых працэсаў у гісторыі незалежнай Беларусі. На лаве падсудных апынуўся Андрэй Уцюрын, намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі і былы кіраўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Па справе аб карупцыі яго пасадзілі на 12 гадоў. Belpol падзяліўся з выданнем «Люстэрка» тэкстам прысуду Вярхоўнага суда, у якім ёсць падрабязнасці таго, дзе Уцюрын захоўваў вялікія сумы грошай і як сілавікі сачылі за фігурантамі справы.

Андрэй Уцюрын. Фота: vsr.mil.by

Хто такі Андрэй Уцюрын і за што яго пасадзілі?

Андрэй Уцюрын узначаліў Службу бяспекі Аляксандра Лукашэнкі ў 2007 годзе і кіраваў ёю сем гадоў. У верасні 2014-га Лукашэнка вызваліў Уцюрына ад пасады і прызначыў намеснікам дзяржсакратара Рады бяспекі.

Увесну 2019 года яго затрымалі ў момант атрымання хабару ад расійскага бізнэсоўца. Пазней Лукашэнка паведаміў, што Уцюрын «трапіў пад прыцэл» спецслужбаў, калі яшчэ знаходзіўся на пасадзе начальніка Службы бяспекі самога Лукашэнкі.

Суд над Уцюрыным праходзіў з красавіка па ліпень 2020 года. Чыноўніка (кавалера ордэна «За службу Радзіме» і ўладальніка медаля «За бездакорную службу») прызналі вінаватым у атрыманні хабараў на агульную суму 192 тысячы долараў. Такія грошы яму плацілі за лабіраванне інтарэсаў пры пастаўцы тэлекамунікацыйнага абсталявання для ДВП МУС, у прыватнасці для турмы № 8 у Жодзіне. Уцюрыну прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама пазбавілі звання палкоўніка.

Пакаранне былы высокапастаўлены сілавік адбывае ў калоніі ў гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці. Усяго па «справе Уцюрына» асудзілі 16 чалавек. Сярод іх — чыноўнікі Міністэрства фінансаў, а таксама менеджары Нацбанка, БПС-Сбербанка, Беларусбанка, кіраўнік «Белтэлекама», прадстаўнікі камерцыйных структур. Акрамя таго, тэрміны атрымалі расійскія бізнэсмены, якія давалі хабары.

Усяго ў датычных канфіскавалі больш за 1,65 мільёна даляраў. Некаторых фігурантаў «справы Уцюрына» вызвалілі ў зале суда. Напрыклад, прадстаўнікоў расійскіх кампаній Віталя Гарбачова і Уладзіміра Казанцава, а таксама начальніка Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанка Сяргея Кудасава. Хтосьці выйшаў датэрмінова, як дырэктар «Белтэлекама» Сяргей Сівадзедаў, асуджаны на 7 гадоў калоніі. Яго вызвалілі ў кастрычніку 2023 года.

Колькі грошай знайшлі ў экс-начальніка аховы Лукашэнкі і дзе ён іх захоўваў

Андрэя Уцюрына затрымалі ў красавіку 2019 года. Зыходзячы з матэрыялаў прысуду, ён знаходзіўся пад вартай з 21 чысла таго ж месяца, але КДБ заявіў пра гэта толькі 4 траўня.

«Напярэдадні ён быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні 148 600 даляраў ЗША ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры «Г» за садзейнічанне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь», — пазней даваў справаздачу КДБ.

Пад «прадстаўніком камерцыйнай структуры» меўся на ўвазе ўладальнік расейскай кампаніі «Оптыма-Інвест» Віталь Гарбачоў. Ён атрымаў два гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за дачу хабару сумай «не менш за 190 тысяч даляраў». Зрэшты, расеец быў вызвалены ў зале суда — улічылі амністыю і адбыты пад вартай тэрмін у СІЗА КДБ. Прыкладна такую ж суму — 192 тысячы даляраў — сілавікі знайшлі ў Андрэя Уцюрына.

Скрыншот дакумента прысуду Вярхоўнага суда Беларусі па «справе Андрэя Уцюрына». Дакумент прадастаўлены Belpol

Цікава, што 148 600 даляраў выявілі пры затрыманні. Паводле тэксту прысуду, грошы знаходзіліся ў аўтамабілі экс-целаахоўніка Лукашэнкі. Яшчэ 30 800 даляраў Уцюрын захоўваў у сябе дома, 12 600 даляраў — на працы, у «службовым кабінеце». Суд вырашыў, што ўсе гэтыя сродкі былі атрыманыя незаконным шляхам, і пастанавіў іх канфіскаваць на карысць дзяржавы.

Але былі знойдзеныя яшчэ і асабістыя грошы Уцюрына: 25 760 еўра выявілі ў яго дома і 18 400 даляраў — на працы. Суд пакінуў іх пад арыштам.

У прысудзе не ўдакладняецца адрас «службовага кабінета», у якім Уцюрын захоўваў больш за 30 тысяч даляраў. Магчыма, ён знаходзіўся ў будынку Адміністрацыі прэзідэнта на вуліцы Карла Маркса ў Мінску — там базуецца Дзяржаўны сакратарыят Рады бяспекі.

Былы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Андрэй Уцюрын (справа) і іншыя фігуранты справы падчас судовага пасяджэння. 27 ліпеня 2020 года. Фота: Tut.by

Адносна грошай намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі некалькі разоў мяняў паказанні, гаворыцца ў прысудзе:

«У судовым пасяджэнні Уцюрын А. А. змяніў свае паказанні адносна лёсу атрыманых незаконна грашовых сродкаў, заявіўшы пра тое, што 11 600 даляраў ЗША ім было выдаткавана і выкарыстана на свае патрэбы, а таму з выяўленых у яго грашовых зберажэнняў, атрыманых законным чынам, прасіў пакрыць пазначаную суму і пералічыць яе ў даход дзяржавы».

Суд палічыў гэтую заяву «недакладнай і непаслядоўнай».

Таксама былы высокапастаўлены чыноўнік сцвярджаў, што збіраў грошы на будаўніцтва дома. Ён узяў крэдыт у Беларусбанку на прыкладна 60 тысяч даляраў, а ягоная жонка пазычыла ў расійскага бізнэсмена Анатоля Маліна яшчэ 300 тысяч. У 2020 годзе Малін знаходзіўся ў вышуку ў Расіі з-за фінансавага махлярства.

Як КДБ вёў фігурантаў «справы Уцюрына»

Мабыць, сілавікі праслухоўвалі тэлефонныя размовы намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі і іншых фігурантаў. Сярод рэчавых доказаў згадваюцца «звесткі аб тэлефонных злучэннях» паміж імі, запісаныя на «аптычныя дыскі». Акрамя таго, адзін з хабараў быў фальшыўкай — фігуранту справы перадалі грошы, якія належаць КДБ.

Здарылася гэта з Феліксам Каспяровічам — старшынёй праўлення Беларускага міжбанкаўскага разліковага цэнтра (БМРЦ). Па «справе Уцюрына» ён атрымаў 7,5 года (агульная сума хабараў — 868 750 даляраў).

Сам Каспяровіч у судзе так апісваў сваё затрыманне. За чатыры месяцы да арышту ён сустрэўся з прадстаўніцай «мабільнага сэрвісу» Ганнай Турчынай (звычайна менавіта гэтая жанчына перадавала яму грошы ад дырэктара кампаніі «Мабільны сэрвіс» Уладзіміра Жыліна). Каспяровіч, які ў канцы 2017 года перайшоў на працу ў Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр, патлумачыў Турчынай, што іх звычайны парадак працы (адкаты за кантракты Нацбанка) цяпер ужо неактуальны, і прапанаваў прыпыніць адносіны.

Але ў снежні Турчына раптам пачала засыпаць Каспяровіча прапановамі «закрыць папярэдні перыяд» — гэта значыць перадаць яшчэ адзін хабар за ранейшыя паслугі. Фелікс Каспяровіч спачатку не хацеў браць грошы. Аднак Турчына настойвала. Жанчына нават прыйшла на працу да яго і пакінула запіску: маўляў, хоча сустрэцца і даць яму грошы. Ён пагадзіўся.

29 снежня 2018 года Ганна Турчына сустрэлася з Каспяровічам і перадала яму 20 тысяч даляраў. Чыноўнік паклаў грошы ў заплечнік і падняўся ў кватэру бацькоў. У гэты момант яму патэлефанавала Турчына і папрасіла зноў выйсці на вуліцу, бо хацела яшчэ нешта сказаць. Там мужчына быў затрыманы работнікамі КДБ.

20 тысяч даляраў, якія Турчына перадала чыноўніку, у прысудзе апісваюцца як грошы, «атрыманыя Каспяровічам у рамках аператыўна-вышуковага мерапрыемства і якія падлягаюць вяртанню ў КДБ Рэспублікі Беларусь».

Турчына праходзіла па справе ў якасці сведкі. На судзе яна расказаала, што ў канцы 2018 года напісала яўку з павіннай і «атрымала заданне» ад КДБ. 

Чытайце таксама:

Чым займаецца ў калоніі былы кіраўнік службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі Андрэй Уцюрын

Як элітная калонія для былых чыноўнікаў і сілавікоў ператвараецца ў палітычную турму. Гісторыя «Віцьбы-3»

Заўчасна вызвалілі былога дырэктара «Белтэлекама». Ён даваў паказанні на Уцюрына

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
5
Ха-ха
13
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
14
1
даведка/адказаць/
07.03.2024
Игорь Брыло по такой же логике из правительства переведён в администрацию президента помощником Лукашенко, его же указом включён в состав Совета по стратегическим проектам и через сутки-двое задержан КГБ.)
07.03.2024
Реальные причины то другие., Немного не так, он должен был сделать так чтоб усам поплохело, а перехватить должны были другие, это всего лишь пешка. У усов возникли подозрения и он его отсунул в сб и дал задание следить. Когда опасения подтвердились (установлена была связь с российскими кураторами) запустили кгб. Судили за хабар. Ну в самом деле не могли же его судить за измену на стороне России
07.03.2024
Реальные причины то другие., кстати именно поэтому всех выпустили а он до сих пор сидит.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031