Знайсці
06.03.2024 / 23:2643РусŁacБел

«Яе звалі Ліза». У Варшаве прайшоў Марш у памяць аб згвалтаванай і забітай беларусцы РЭПАРТАЖ

У Варшаве ў памяць пра забітую і згвалтаваную Лізавету прайшоў ціхі марш. Ëн стартаваў з месца трагедыі — вуліцы Żurawia 47, самага цэнтра сталіцы. Цяпер там працягвае разрастацца стыхійны мемарыял.

25 лютага 25-гадовую беларуску Лізу згвалтавалі ў цэнтры Варшавы. У выніку ўдушша дзяўчына перанесла гіпаксію галаўнога мозгу. Медыкі змагаліся за яе жыццё, але 1 сакавіка яна памерла, не прыходзячы ў прытомнасць.

Яе гісторыя выклікала шырокі розгалас і абурэнне. Трагедыя прымусіла польскія ўлады заняцца пераглядам заканадаўства, мер грамадскай бяспекі і арганізаваць бясплатныя курсы па самаабароне. Беларусы ж на гэтым фоне паднялі публічную хвалю прызнанняў пра сутыкненне з гвалтам у іх жыцці і заклікалі ўшанаваць памяць загінулай маршам «Яе звалі Ліза».

Ліза нарадзілася ў аграгарадку Путчына Дзяржынскага раёна. У Польшчы вязала дызайнерскія балаклавы. Самым блізкім для яе чалавекам у новай краіне быў малады чалавек Даніла, ён з Украіны. Менавіта ён узяў на сябе ўвесь асноўны клопат, звязаны спачатку з медычнай дапамогай, а цяпер і арганізацыяй пахавання.

«Тое, што здарылася з Лізай, магло адбыцца з любой з нас. Яе згвалціў і забіў «звычайны» чалавек. Мы выходзім на вуліцы, каб Ліза не была забытая. Каб вуліцы нарэшце сталі бяспечнымі для нас», — патлумачылі неабходнасць маршу арганізатары.

Людзі пачалі збірацца на месцы трагедыі задоўга да пачатку. Іх колькасць бесперапынна расла.

У многіх у руках былі плакаты на беларускай, украінскай, польскай і ангельскай мовах. На іх было напісана: «Не будзем баяцца», «Яна проста ішла дадому», «Ліза, прабач», «Гэта вялікая дзіра ў маёй душы», «Віна гвалтаўніка, не ахвяры», «Жанчына — не здабыча».

Сярод прысутных беларусаў былі палітыкі, акцёры, журналісты, студэнты, святары і шмат іншых.

У стартавай прамове беларуская актывістка, адна з арганізатаркаў маршу Наста Базар адзначыла, што, як і загінулая Ліза, была вымушаная бегчы з Беларусі ў пошуках бяспекі. Яна заклікала жанчын у складаных сітуацыях ніколі не забываць, што яны не адны, а мужчын — дапамагаць у спыненні гвалту:

«Мы абараняемся, але мы не можам прыпыніць гвалт, бо адзіны спосаб яго спыніць — перастаць гвалціць. Рабіце гвалт гучным, мы хочам, каб кожная і кожны адчувалі сябе бяспечна».

Гэтая думка працягнулася ў маналогах іншых выступоўцаў. Усе акцэнтавалі ўвагу на тым, што Польшча — гэта дом для ўсіх, для беларусаў, украінцаў і іншых эмігрантаў. І калі яны прыязджаюць сюды, то мусяць адчуваць сябе ў бяспецы.

Ліза не змагла паклікаць на дапамогу, бо яе душылі. Таму два разы, у пачатку і ў канцы маршу, людзі крычалі за яе — замест хвіліны маўчання вуліцы Варшавы працяў гучны крык.

@nashaniva Хвіліна акцыі ў Варшаве. Памяці Лізы #Варшава#Ліза#хопіцьгвалціць#акцыя#беларусы#беларускітыкток#нашаніва♬ оригинальный звук - Наша Ніва. Навіны

Узначаліла гэты «хор» грамадская дзяячка Яна Шостак, ужо вядомая сваім голасам як інструментам пратэсту: раней мастачка крычала, напрыклад, супраць катаванняў і ў падтрымку беларускіх палітвязняў.

Яшчэ анансуючы падзею, арганізатаркі акцэнтавалі ўвагу на тым, што ім было б важна ўбачыць на маршы як мага больш мужчын. І іх сапраўды прыйшло нямала.

Беларус Кірыл пераехаў у Польшчу паўтара года таму. Ëн прыйшоў на акцыю з плакатам «Маўчанне = злачынства».

«Мне падаецца, як мага большай колькасці мужчын трэба старацца неяк паўплываць на сітуацыю з гвалтам. Менавіта ў мужчынах палягае асноўная праблема, на мой погляд. Трэба дэманстраваць, што гэта не нейкі лакальны жаночы прыкол з незразумелай барацьбой за нешта там, як некаторыя думаюць. Гэта чалавечая патрэба ў бяспецы. У дадзеным выпадку — для жанчын.

І мужчынам трэба больш тлумачыць: гвалтаваць — дрэнна, што гэта злачынства і што нельга перакладаць віну на ахвяру», — патлумачыў матывацыю прысутнасці Кірыл.

Палітык Павел Латушка прыйшоў на марш разам з дачкой і іншымі чальцамі НАУ.

«Вакол нас вельмі шмат гвалту. З боку асоб мацнейшых. Але мы маем сілу ў тым, каб супраціўляцца гэтаму гвалту. Як мужчыны маем абавязак, як грамадства. Тут не ідзе размова пра нацыянальнасць, узрост, выгляд ахвяры. Размова ідзе пра агульнаграмадскую праблему, якой мы павінны займацца.

На жаль, у Беларусі ўвогуле гэтай справы не надаецца належнай увагі. У нас 171 палітзняволеная жанчына, яны штодзень церпяць ад гвалту. Сотні жанчын прайшлі праз арышты пасля выбараў-2020, і гэта жахліва. І не змяніўшы ўсю сістэму, мы не зможам змяніць і стаўленне да жанчын у нашай краіне», — падкрэсліў кіраўнік НАУ.

Сабраўшыся, некалькі тысяч чалавек рушылі ў бок Палаца культуры і навук. Паліцыя, якая ў гэты дзень ужо адпрацавала на пратэсце польскіх фермераў, узначальвала і закрывала калону, перакрываючы рух грамадскага транспарту. Некаторыя машыны, што праязджалі міма, сігналілі знаёмае «Жыве Беларусь».

Скончыўся марш, як і распачынаўся — акапэльным выкананнем беларускіх песень у выкананні хору «Спевы з-пад моста». Пранізліва, як мантру, паўтаралі яны адзін са сказаў: «Вярнуся дадому, вярнуся дадому». Закальцаваўся і крык: у натоўпе крычалі ці плакалі ўсе, каму баліць за Лізу. А пасля тэрапеўтычна абдымалі адзін аднаго.

«Не забудзем, што здарылася. І хай ніхто не будзе самотны, хай мы не будзем абыякавымі і будзем падтрымліваць адзін аднаго. Заканчваем марш. І заканчваем з гвалтам у Польшчы», — падсумавалі арганізатаркі з польскага боку.

Гісторыя з Лізай шакавала многіх у тым ліку па прычыне абыякавасці мінакоў: камера зафіксавала людзей, што бачылі працэс гвалтавання, але прайшлі міма. Пасля таго ж, як злачынца сышоў, дзяўчына нейкі час праляжала голай. Паліцыю выклікаў толькі ахоўнік, які заступіў на ранішнюю змену. Пазней сведкі патлумачылі паліцыі, што не зрэагавалі, бо думалі, што сутыкнуліся з «палавым актам паміж парай бамжоў».

Па падазрэнні ў згвалтаванні і забойстве зараз праходзяць следчыя дзеянні з 23-гадовым жыхаром Варшавы Дарыянам С. Па мясцовым заканадаўстве яму можа пагражаць да пажыццёвага зняволення.

Лізу пахаваюць у Варшаве. У каментары «Нашай Ніве» Даніла распавёў, што ўчора яны былі ў пахавальным бюро: «Дата і месца, здаецца, вызначаныя, але не дакладна». Пры канчатковым рашэнні мы дадаткова паведамім гэтую інфармацыю.

Чытайце таксама:

«Мне пашчасціла. А Лізе — не». Пасля смерці беларускі ў Варшаве ў сеціве шырыцца хэштэг #хопіцьгвалціць — вось што пішуць

Грошы, якія ахвяравалі на рэабілітацыю згвалтаванай у Варшаве беларускі, вяртаюцца на рахункі. Але запушчаны новы збор

«Для вас ён звер, а для мяне сын». Бацька гвалтаўніка, які забіў беларуску, пракаментаваў трагедыю і выклікаў абурэнне

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
54
Абуральна
6
4
Приго женцы, приго жинцы/адказаць/
07.03.2024
Пригожинцы разбушевались. Забавно, что никто не пискнул в стиле «Если бы Трамп был президентов — этого не случилось».  А да, у Трампа в закромах было все, разве без резанины. Ну, или мы этого не знаем.
Все преступления — это результат политики государства. Если дал в ухо тетки, а общество-государство только пожурит, то в следующий раз голова отлетит далеко от тельца. Если за нарушение ПДД политика-государство игнорирует — будет больше сбитых и зажатых в машинках. И т.д..

0
Алёна/адказаць/
07.03.2024
ЯНКА, ты почему сам не пришёл? Рассусоливаешь тут теперь….
0
ЯНКА/адказаць/
08.03.2024
Алёна, выбачайце, хварэю. Нейкая прастуда, падобная на бестэмпературны ковід. :(
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031