Знайсці
05.02.2024 / 10:413РусŁacБел

«Да лета 1944 года нацысты забаранялі выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сцяг» — гісторык Уладзімір Ляхоўскі

Апошняе інтэрв'ю гісторыка, якому сёння споўнілася б 60 год

5 лютага магло б споўніцца 60 гадоў выбітнаму беларускаму гісторыку, даследчыку нацыянальнага руху Уладзіміру Ляхоўскаму, нагадвае Радыё Свабода.

Уладзімір Ляхоўскі — выбітны гісторык, энцыклапедычны аўтар, летапісец беларускага нацыянальна-вызвольнага руху першай паловы XX стагоддзя ўва ўсіх яго праявах. Даследаваў палітычную гісторыю БНР; вайсковую гісторыю, у тым ліку Слуцкі збройны чын; пачаткі нацыянальнай адукацыі па-беларуску; беларускі моладзевы рух міжваеннае пары па абодва бакі мяжы БССР і Заходняй Беларусі.

Гісторык нарадзіўся 5 лютага 1964 году ў Менску, скончыў гістарычны факультэт БДУ. З 1993 году — рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», з 1995 года — супрацоўнік часопісу «Спадчына». З 1998 году працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, адначасова з 2002 году быў вядучым супрацоўнікам Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

У 2007 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Адукацыя на акупаваных Германіяй беларускіх землях у гады Першай сусветнай вайны (1915—1918)». З 2008 году — дацэнт факультэту міжнародных адносін БДУ, адначасова з 2010 году — намеснік галоўнага рэдактара навуковага штогодніка «Актуальныя пытанні мытнай справы».

Гэтае інтэрв'ю Свабода запісала за некалькі месяцаў да смерці Ўладзіміра Ляхоўскага ў верасні 2021 года.

«Кампанія супраць нацыянальных сімвалаў пачалася задоўга да вайны»

«У 1922 годзе ў Берліне, за грошы Наркамасветы БССР, быў надрукаваны «Лірнік», гэта збор спеваў Уладзіміра Тэраўскага. У Менску тады не было друкарскіх магчымасцяў, таму яго надрукавалі ў Берліне. І там была песня «Ваяцкі марш» на словы Макара Краўцова, які тады яшчэ не быў персонай нон-грата ў беларускай савецкай культурнай прасторы. У яго былі такія радкі: «Штандар наш бел-чырвона-белы, Пакрыў сабой народны рух!». І вось у тэксце гэтыя радкі паспелі паправіць на чырвоны штандар. Але ўжо самі ноты не змаглі перайначыць. Там згадка пра бел-чырвона-белы сцяг была замазаная чорнай фарбай. Такіх фактаў вельмі шмат. Гэта было табу, каб нідзе не выказвацца пра нацыянальны сцяг».

«Афіцыйныя гісторыкі заклікаюць абапірацца на факты. Але спачатку іх трэба вывучыць»

«У нас існуюць клішэ і стэрэатыпы па гісторыі беларускага калабарацыянізму перыяду II Сусветнай вайны. Яны сфармаваліся ў савецкі час. А пытанні сімволікі ўвогуле не даследаваліся ў савецкія і паслясавецкія часы. Гэта спрабаваў зрабіць Аляксей Літвін у сваёй манаграфіі. І ведаеце, што атрымалася? Амаль 2 гады яму не зацвярджалі доктарскую дысертацыю. Для іншых гісторыкаў гэта быў урок, што да гэтай тэмы лепш не дакранацца, бо яна недысертабельная. Афіцыйна гэтая тэма была забароненая. Цяпер афіцыйныя гісторыкі заклікаюць абапірацца на факты. Але спачатку іх трэба вывучыць, каб так смела казаць, што пад гэтым сцягам рабіліся экзекуцыі мірнага насельніцтва.

У 1989 годзе ў газеце «Звязда» адбыўся круглы стол наконт пытання нацыянальнай сімволікі, які вёў Валянцін Жданко. Там самым дасведчаным чалавекам у гэтым пытанні быў геральдыст Анатоль Цітоў, які не так даўно пакінуў нас. Пра 1920-я і пазнейшыя гады, пра выкарыстанне нацыянальнай сімволікі ён ведаў больш, чым і Літвін, і Сташкевіч, і іншыя больш масцітыя па сваіх званнях гісторыкі. Бо толькі зараз пачынаецца сур’ёзнае вывучэнне тэмы вайны. Толькі цяпер нешта робіцца па гэтай праблематыцы незалежнымі і неангажаванымі гісторыкамі. Але той круглы стол даказваў, што нават нашая прафесура не валодала гэтай тэмай. А тыя, хто валодаў, як Літвін, уключалі ўнутранага цэнзара.

У 2000-х гадах у Інстытуце гісторыі спрабаваў аднавіцца Станіслаў Рудовіч. Гэта адзін з аўтарытэтных даследчыкаў нашай дзяржаўнасці пачатку 1917 году і БНР. Той жа Даніловіч адмовіў яму. Ён сказаў, што ягоная тэма неактуальная для Інстытута гісторыі. Нядаўна ў Інстытуце гісторыі ліквідавалі геральдычны сектар і звольнілі аднаго з найаўтарытэтнейшых геральдыстаў Аляксея Шаланду. А цяпер прапагандысты заклікаюць абапірацца на факты».

«Узровень аргументацыі супраць нацыянальнай сімволікі выклікае ў мяне пачуццё сораму за нашу навуку»

«Дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк, які пастаянна выказваецца супраць бел-чырвона-белага сцяга, не спецыяліст у гэтай справе. Ані ў пытанні сімволікі, ані ў гісторыі калабарацыянізму ў гады II Сусветнай вайны. Яго сфера зацікаўлення як гісторыка — перыяд Сярэднявечча. Таму тут ён выступае як прапагандыст таварыства «Веды». Казаць пра тое, што ён глыбока ведае тэму, абсалютна не прыходзіцца. Калі ён як медыявіст выказваецца па гэтай тэме, то ён толькі паказвае сваю прафесійную непрыдатнасць і палітычную ангажаванасць.

Або возьмем Даніловіча (былы дырэктар Інстытута гісторыі Акадэміі навук, рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. — РС). Ён абараняў дысертацыю па тэме Заходняй Беларусі, і мушу сказаць, што яна была някепская. Але тое, што ён кажа на цяперашняй пасадзе, яго ўзровень аргументацыі, — гэта выклікае ў мяне пачуццё сораму за нашу навуку.

Гісторык Павал Церашковіч згадаў калісьці гістарычны факт з нямецкай гісторыі, калі ў адной федэральнай зямлі кароль забараніў Канстытуцыю. Сем прафесараў мясцовага ўніверсітэта выступілі супраць гэтага. Кароль тады пазбавіў іх працы і выслаў за межы дзяржавы. Частка ж прафесуры падтрымала тады свайго суверэна. І што мы бачым? Пра іх ніхто нічога не ведае. А ў гонар семярых герояў, якія выказаліся супраць аўтарытарнага рашэння, стаіць помнік.

Вельмі хутка стане зразумела, хто лузер. Ход гісторыі паказвае, што лузерамі становяцца тыя, хто на баку няпраўды і несправядлівасці. Так было заўсёды. Праўда ўсё адно пераможа. Не самыя горшыя гісторыкі паказалі сваю несумленнасць і недальнабачнасць. Нават чыста рацыянальна яны зрабілі не тое каб памылку, яны паставілі крыж на сваёй навуковай кар’еры».

«Да лета 1944 года нацысты забаранялі выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сцяг»

Прапагандысты кажуць, што бел-чырвона-белая сімволіка шырока выкарыстоўвалася нацыяналістамі ў гады акупацыі. Слухайце, яна да лета 1944 года была ўвогуле не прызнаная нацысцкім рэжымам. Ёсць у нямецкіх архівах дакументы, а ў нашым Нацыянальным архіве ёсць копіі тых дакументаў, і там выразна паказана, што ані адміністрацыя Остланда, ані ведамства Розенберга не дазвалялі афіцыйна выкарыстоўваць гэтую сімволіку ў Беларусі. Тое, што бел-чырвона-белыя сцягі і герб «Пагоня» выкарыстоўваліся падчас святаў, прычым такіх святаў, якія і сёння застаюцца «чырвонымі днямі» ў календары, як «Дажынкі» і 1 мая, — гэта ініцыятыва Вільгельма Кубэ, які гэта дазволіў. Але потым была рэзкая рэакцыя з Рыгі і Берліна. Тым не менш, сімволіка гэтая выкарыстоўвалася толькі падчас гэтых святаў.

«Заявы, што пад гэтым сцягам паліліся вёскі, знішчаліся мірныя жыхары, абсалютна не вытрымліваюць ніякай крытыкі»

«Заявы, што пад гэтым сцягам паліліся вёскі, знішчаліся мірныя жыхары, абсалютна не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Ідзе падмена паняццяў, нібыта на Віцебшчыне, усходняй Смаленшчыне паліцэйскія фармаванні выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Там дзейнічала брыгада Камінскага, і яны выконвалі свае карныя аперацыі пад расейскім трыкалорам.

Да агульнай мабілізацыі ў чэрвені 1944 года і пачатку фармавання вайсковых частак Беларускай Краёвай Абароны бел-чырвона-белая сімволіка не выкарыстоўвалася ў карных аперацыях паліцэйскіх батальёнаў. Сцвярджаць, што дапаможная паліцыя, якая дзейнічала пры чыгунцы або пры паліцыі, што яна, маўляў, мела нарукаўнікі з бел-чырвона-белымі колерамі, таксама нельга. Гэтая тэма проста не даследаваная».

«У савецкі час нацыянальная сімволіка адусюль вытраўлялася»

«Падчас акупацыі бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» карысталіся попытам у моладзі. І ўжо пасля вайны савецкая ўлада была вымушаная на гэта рэагаваць. Таму на плакатах у 1944—1945 гадах ужо пачаў з'яўляцца беларускі арнамент. Бо ў моладзі ўжо было засведчана, што Беларусь — гэта не Расея. Яны забаранялі сцяг і герб, але былі вымушаныя дазваляць іншую сімволіку, у выглядзе арнаменту, які потым выкарысталі і на сцягу БССР.

Нацыянальная сімволіка ў савецкі час адусюль вытраўлялася. Нельга было публічна ўзгадваць пра бел-чырвона-белы сцяг. Быў такі Сцяпан Пачанін, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У сваёй манаграфіі 1977 года «Историей обречённые» ён напісаў, што бел-чырвона-белага сцяга на Усебеларускім з'ездзе 1917 года не было. Ён спасылаўся на тагачасную бальшавіцкую газету і сфальсіфікаваў факты. Ён напісаў, што там выкарыстоўваўся пунсова-блакітны сцяг нявысветленай канфігурацыі. І гэта гуляла амаль да 1990-х гадоў, маўляў, на Усебеларускім з'ездзе не было бчб-сцяга. Але тое, што ён там быў, — гістарычны факт. І тое, як яны з ім змагаліся нават праз 60 год пасля з'езда, шмат пра што сведчыць.

«Пра нейкі новы сцяг не можа быць і гаворкі»

Традыцыі бел-чырвона-белага сцяга больш за 100 гадоў. Ён на 40 гадоў старэйшы за чырвона-зялёны, які зацвердзілі ў 1952 годзе. Пра нейкі новы сцяг не можа быць і гаворкі.

У 1991 годзе, калі прымалася рашэнне пра сімволіку, нехта прапаноўваў выкарыстоўваць выяву зубра, маўляў, «Пагоня» ваяўнічая, а мы міралюбівыя.

Але ёсць традыцыя, гэтыя сімвалы нішчылі, тапталі, палілі, аблівалі брудам, хацелі запляміць, а яны жывуць і лунаюць у небе. І з гэтым ужо нічога не зробіш. Народ ужо не прыме іншы сцяг. Вяртаць нашыя сімвалы трэба не праз рэферэндум, а праз галасаванне ў парламенце. Гэтае рашэнне павінна быць зацверджана моцным легітымным сродкам.

«Усё найлепшае ў нашай гісторыі звязанае з незалежнасцю. А яна ўзнікла пад бел-чырвона-белым сцягам»

«Гэта сімвал незалежнасці Беларусі. Гэтая ідэя не была рэалізаваная ў 1918 годзе, але тыя, хто гуртаваўся каля бел-чырвона-белага сцяга, атаясамлівалі Беларусь з незалежнасцю. Ніхто не скажа, што людзі пад гербам і сцягам БССР шчыра думалі, што яны жывуць у вольнай краіне.

Пад бел-чырвона-белым сцягам сфармавалася ідэалогія незалежнай беларускай рэспублікі. Па-другое, сфармаваная традыцыя, што Беларусь павінна быць дэмакратычнай краінай, з незалежнымі інстытутамі дзяржаўнай улады, у класічным еўрапейскім кантэксце. Беларусь прызналі ў свеце суверэннай пад гэтым сцягам і гербам «Пагоня». Пад гэтым сцягам мы ўпершыню выступілі на зімовай Алімпіядзе ў 1992 годзе. Пад гэтым сцягам сфармавалася беларускамоўная адукацыя, якая павінна была за 10 год зрабіць нашу краіну ў большасці беларускамоўнай. Была праграма паэтапнай беларусізацыі. Але потым усё было зламана, каб дагадзіць рэваншысцкім сілам. А змена сімволікі ў 1995 годзе была спробай знішчыць наш суверэнітэт, зрабіць з Беларусі падмурак савецкай ментальнасці, дзеля таго каб прывесці да ўлады ў новай саюзнай дзяржаве таго, хто імкнуўся павярнуць гадзіннік назад. Усё, што ў нас ёсць пазітыўнага, звязанае з незалежнасцю. А яна не можа ўспрымацца без такіх нацыянальных сімвалаў, як бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня».

«Я шчаслівы, што людзі выйшлі пад бел-чырвона-белым сцягам»

«Сцяг Дуж-Душэўскага пасля 1917 года за лічаныя месяцы разляцеўся паміж беларусамі. Бчб-стужкі былі знакам беларускіх вайскоўцаў ад Балтыйскага флоту да Румынскага фронту. Без загадаў, без дырэктываў. Усе, хто атаясамліваў сябе з беларусамі, мелі за гонар насіць такія стужкі. Гэта паказнік таго, што гэтая сімволіка стала народнай.

Ёсць глыбокі сэнс у тым, што сённяшнія нашыя людзі, якія выступаюць за сумленныя выбары, узялі за свае сімвалы «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг. Для кагосьці гэта было нечакана, але гэта абсалютна справядліва, і я абсалютна шчаслівы. Нават не як гісторык, а як грамадзянін сваёй краіны. Да гэтага нацыянальная сімволіка не была шырока папулярнай, ёю цікавілася збольшага моладзь. Але пара жнівеньскіх дзён перавярнулі абсалютна ўсё. Я ўжо ўпэўнены, што нічога з гэтым не зробіш. Яна ўжо ўсталявалася.

Мы з Віктарам Бабарыкам выраслі на адной вуліцы і з дзяцінства ведаем адзін аднаго. Калі пачыналася выбарчая кампанія, то ён казаў, што час яшчэ не прыйшоў, што трэба цэлы прэзідэнцкі тэрмін, каб потым вынесці пытанне сімволікі на ўсеагульнае абмеркаванне. Але падзеі паказалі, якія нацыянальныя сімвалы падтрымлівае народ. Ходу назад ужо не будзе».

Першая публікацыя гэтага матэрыялу адбылася 9 верасня 2021 года.

Чытайце таксама:

Апошняе адкрыццё гісторыка Ляхоўскага: Дзень Волі ў савецкім Менску 1920-х

«Наш сцяг тапталі і нішчылі, а ён жыве». Апошняе інтэрв'ю гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага

Як бел-чырвона-белы сцяг стаў нацыянальным

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
55
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
13
Абуральна
16
12
Владлен/адказаць/
05.02.2024
Смущает то, что сам критик специалистом по геральдике, да и по ряду других тем, не был. Некоторые суждения исторически некорректны. Впрочем, понятно почему он это делает. Вообщем, не надо считать его суждения истиной в последней дистанции.
0
Freddy /адказаць/
06.02.2024
Выдатны артыкул! Вяликий дзякуй! 
0
Дуремар /адказаць/
06.02.2024
[Рэд. выдалена]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031