Знайсці
31.10.2023 / 14:12РусŁacБел

Новая функцыя Google дазволіць лягчэй правяраць аўтэнтычнасць і крыніцы выяў у інтэрнэце

Карыстальнік атрымае гісторыю канкрэтнай выявы, інфармацыю пра тое, як яна выкарыстоўвалася ў інтэрнэце, таксама лягчэй стане вызначыць, ці была выява зробленая пры дапамозе штучнага інтэлекту.

Выява: Google

Яшчэ ў траўні Google абвясціў, што ён працуе над функцыяй пад назвай «пра гэтую выяву» (about this image), якая дае карыстальнікам правераныя даныя адносна любой фатаграфіі ў інтэрнэце.

Цяпер кампанія абвясціла, што дадае гэтую новую функцыю, якая будзе працаваць як частка пошуку — так што зараз цяжка будзе выдаваць чужыя фатаграфіі ці выявы за свае.

Працаваць гэта будзе максімальна проста. Дастаткова скарыстацца пошукам Google, абраць малюнак, які вы хочаце праверыць, націснуць на тры кропкі ў правым верхнім куце і абраць у выпадальным меню «About this image».

Вы атрымаеце купу карыснай інфармацыі: напрыклад, калі выява была першапачаткова апублікаваная, ці публікавалася яна яшчэ з таго часу і дзе з'яўлялася на працягу гадоў.

Выкарыстанне функцыі «About this image». Крыніца: Google

Відавочнай і асноўнай мэтай выкарыстання новай прылады з'яўляецца барацьба з дэзынфармацыяй.

Зараз можна даволі проста праверыць, напрыклад, ці з'яўляецца выява законнай; ці не была яна вырваная з нейкага гістарычнага кантэксту; як іншыя сайты выкарыстоўваюць і апісваюць відарыс. Гэта падобна да ўжо прэзентаванай у гэтым годзе функцыі «пра гэты вынік» (about this result): тры кропкі побач з большасцю вынікаў пошуку Google, націскаючы на ​​якія, карыстальнік можа даведацца больш аб тым, адкуль паходзіць знойдзеная інфармацыя і як пошукавая сістэма вызначыла, што вынік будзе карысным. У такім кантэксце вы можаце прыняць больш абгрунтаванае рашэнне аб сайтах, якія вы хочаце наведаць, і аб тым, якія вынікі будуць для вас найбольш карыснымі. 

Выявы, створаныя генератыўнымі мадэлямі ШІ, можа быць цяжка адрозніць ад арыгінальных відарысаў. Таму прылада Google таксама дазваляе даведацца, ці была выява створана штучным інтэлектам. Аднак гэта залежыць ад метаданых, якія ўключаюць гэтую інфармацыю, таму стваральнікам арыгінальных відарысаў варта было б дадаваць адмысловыя метаданыя да сваіх прац, як гэта робіць, напрыклад, новая камера ад Leica. Google кажа, што яго ўласныя выявы, створаныя штучным інтэлектам, заўсёды будуць мець адпаведныя метаданыя.

Гэта не адзіны інструмент, які Google выпускае, каб забяспечыць дадатковыя нюансы праверкі пры пошуку малюнкаў, напамінае Engaget. Fact Check Explorer, даступная на розных мовах і зручная прылада для журналістаў і не толькі, неўзабаве будзе пашырана, каб мець мажлівасць правяраць таксама і выявы.

Чытайце таксама:

Leica выпусціла «ўстойлівую да дэзынфармацыі камеру» для заможных фотажурналістаў

Google-пошук уводзіць у падман і шкодзіць дэмакратыі. Тлумачым, як не даць сябе падмануць

Пачынаецца гонка за новы інтэрнэт

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930