Знайсці
24.10.2023 / 19:324РусŁacБел

Беларусы расказалі, як на мяжы іх прымушалі прызнацца ў данатах

Спрабуем прасачыць логіку, каму дазваляюць адкупіцца, а каму не і хто можа лічыць сябе абароненым.

Калаж «Нашай Нівы»

Чытачоў, якія падзяліліся сваімі гісторыямі, пра данаты дапытвалі на ўездзе ў Беларусь. У сілавікоў не было доказаў іхняй віны, таму, імаверна, наступстваў не было нават тады, калі чалавек прызнаўся ў ахвяраваннях.

«На мяжы супрацоўнік КДБ сказаў, што трэба прызнавацца самому ў тым, што я ахвяраваў некуды, іначай, маўляў, будзе горш. Ён доўга ціснуў, і я, каб ён адчапіўся, сказаў, што, можа, і ахвяраваў нешта ў «Байсол».

Але я праверыў пасля, што насамрэч яны нічога пра гэта ведаць не могуць — я ахвяраваў з замежнай карткі. У выніку я нічога не плаціў, калі мяне выклікалі на гутарку, то я сказаў, што насамрэч нічога не ахвяраваў і што ляпнуў гэта праз ціск. У выніку, я думаю, яны паглядзелі выпіскі з банка ды адчапіліся», — распавёў адзін з чытачоў.

У іншага пры ўездзе ў Беларусь некалькі тыдняў таму таксама цікавіліся данатамі.

«Пры аглядзе на мяжы іх хвалявалі падпіскі, лайкі, рэпосты, фотаздымкі і ахвяраванні ўмоўным «экстрэмістам», напрыклад, «Байсолу» ці «Байхэлпу». Нічога з гэтага ў мяне няма. Але ў мяне былі фота паштовак і пасылак, якія я слаў палітвязням. Кадэбісты запыталіся, на якія грошы я іх дасылаю і я шчыра адказаў, што на ўласныя. Больш пытанняў не было».

За што цяпер змушаюць адкупляцца?

Па нашых звестках, цяпер прыходзяць не толькі па тых, хто ахвяраваў у «Байсол» і «Байхэлп». Таксама цікавяцца тымі, хто данаціў у Фонд спартовай салідарнасці. Вядома, што часам людзей змушаюць адкупляцца за ахвяраванні праз Facebook на беларускія ініцыятывы, не прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Усе людзі, якіх змушалі адкупляцца, ахвяравалі або праз Stripe/PayPal, якія адразу паказваюць мэту ахвяравання, або праз фэйсбук, або буйныя сумы крыптавалютамі. Уладальнікаў крыптавалютных кашалькоў таксама можна адсачыць, калі яны не прымалі мераў па ананімізацыі акаўнтаў.

Пакуль невядомыя выпадкі, калі да людзей прыходзілі праз ахвяраванні праз Patreon, таму мы настойліва раім загадзя абараніць акаўнт.

Як зразумець, што да вас могуць прыйсці?

Па вялікім рахунку, вамі могуць зацікавіцца, калі вы ахвяравалі на пералічаныя вышэй ініцыятывы з уласнай беларускай карткі наўпрост або праз нейкі сэрвіс накшталт Facebook.

Таксама ў выпадку, калі вы ахвяравалі праз крыптавалюты і кашалёк можна звязаць з вамі. У перспектыве праблемай таксама можа быць, калі вы ахвяравалі з карткі іншай краіны, але ваша ахвяраванне адлюстроўваецца ў адкрытым выглядзе, напрыклад, у фэйсбуку, і вы з гэтым нічога не зрабілі раней.

Пракуратура ў рэпартажы БТ прызнала, што няважна, ці была на момант ахвяравання ініцыятыва ці арганізацыя экстрэмісцкай або «тэрарыстычнай». Гэта адназначна пярэчыць беларускаму заканадаўству, але — як ёсць так ёсць.

Ці працуе схема з «адкупным», калі ты ўжо за кратамі?

Складана сказаць. Вядомыя выпадкі, калі людзям, ужо затрыманым, прапаноўвалі адкупіцца, маўляў, гэта паўплывае на прысуд. Некаторыя пагадзіліся і ўсё адно апынуліся за кратамі. Але, магчыма, гэта працуе на змякчэнне прысуду.

Некаторым прапануюць адкупацца падчас адбыцця пакарання. У гэтай групе выдзяляецца Аляксандр Зіязэтдзінаў. Ён, як агучвала БТ, ахвяраваў больш за 750 тысяч даляраў на дабрачыннасць і напісаў усе магчымыя заявы пра памілаванне. Пакуль ён за кратамі, ці паўплывае гэта на далейшы лёс, невядома.

Ці бывае такое, што чалавек ішоў адкупляцца, але апынаўся за кратамі?

Вельмі рэдка. Вядомыя адзінкавыя выпадкі, калі людзі спачатку плацілі штраф ці мелі гутарку наконт ахвяраванняў, а пасля апыналіся за кратамі — на сутках ці па крымінальнай справе. Але не за данат: звычайна гэта тыя, у каго знайшлі нешта ў тэлефоне або ў каго быў да гэтага зафіксаваны ўдзел у пратэстах ці антылукашэнкаўскія каментары.

А каму не дазваляюць адкупіцца?

Тых, каго ў выніку асудзілі за ахвяраванні, можна ўмоўна падзяліць на тры групы. Першыя — гэта тыя, хто ахвяраваў даволі шмат. Гаворка пра тысячы даляраў. У такім выпадку людзей часта адразу затрымлівалі.

Другая група — людзі, пра каго спецслужбы думалі, што яны шмат ахвяравалі, але гэта не пацвердзілася. Магчыма, іх асудзілі, бо раскручаны махавік рэпрэсій было ўжо складана спыніць.

Трэцяя група — гэта тыя, хто ахвяраваў з уласнай карткі арганізацыям, прызнаным тэрарыстычнымі, гэта звычайна «Байпол» і «Кіберпартызаны», а таксама тыя, хто ахвяраваў на Полк Каліноўскага і на патрэбы абароны Украіны. Адкупляцца, наколькі вядома, ім не дазваляюць.

Як абараніцца, калі я ахвяраваў праз крыптавалюты або праз замежную картку?

Калі вы ахвяравалі з замежнай карткі і вы цяпер у Беларусі або збіраецеся туды, то выдаліце рахунак і пачысціце вашы браўзеры, выдаліўшы кэш. Калі рахунак быў віртуальны, то зрабіць гэта проста. Калі прывязаны да карткі, то давядзецца змяніць картку.

Такім чынам, спецслужбы не здолеюць даказаць, што ахвяравалі менавіта вы. Таксама лепш увогуле не захоўваць праграму замежнага банка на вашым тэлефоне, папрасіце пра гэта сябра, сваяка ці калегу, якім вы давяраеце. Прасіце пра гэта не па тэлефоне.

Калі вы ахвяравалі крыптавалютай, то выдаліце акаўнт, праз які вы ахвяравалі. Напрыклад, тут ёсць даволі падрабязная інструкцыя для выдалення акаўнта ў Binance, але такія ёсць і для іншых. Калі вы стваралі кашалёк праз Electrum ці іншы кашалёк з адкрытым кодам, то перавядзіце з яго сродкі і выдаліце файл кашалька.

Не забудзьцеся таксама выдаліць усе мэйлы і файлы, звязаныя з ахвяраваннямі і вычысціць «Сметніцу» паштовага кліента і вашага камп'ютара.

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то падтрымаць нас можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй. Тады мы зможам больш.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Расказваем, чаму з Google Docs варта быць асцярожнымі — калі вы іх адкрыеце, яны могуць вас выдаць

Як працуюць боты, якімі карыстаюцца губазікаўцы, і чаму не варта ў іх пісаць «дзеля жарту»

Як уласнымі рукамі стварыць VPN-сервер, які цяжка будзе заблакаваць — падрабязны гайд

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
37
Панылы сорам
7
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
40
0
Lozunh epochi/адказаць/
25.10.2023
Bhagawan, kali vy ŭ Biełarusi, zabudziesia na svaje pravy: "Jasi što dali j płaci kolki skažam" (c) Alaksandar Atroščankaŭ
0
Ринат/адказаць/
25.10.2023
А я пересекал границу и не почистил телефон и все ОК. Забыл, а потом посмотрел, что были подписки. Но все прошло хорошо. Повезло, но думаю лучше всё удалить.
1
Максим Дизайнер/адказаць/
26.10.2023
Ринат

Кому ты нужен, нищий ойтишный вкатыш
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930