Знайсці
16.10.2023 / 20:34РусŁacБел

Цэны на кватэры дасягнулі максімуму за 8 гадоў

Пра тое, што адбывалася на рынку кватэр у Мінску ў верасні, распавядае realt.by.

Сярэдні кошт прададзеных кватэраў у верасні 2023 года быў максімальным за апошнія 8 гадоў. Фота: «Наша Ніва»

Спецыялісты адзначаюць, што, як і чакалася, пасля рэкордных продажаў у жніўні, у верасні колькасць купленых кватэр знізілася на 11,4%.

Аднак, бягучы ўзровень попыту стаў максімальным для пачатку восені за апошнія дзесяць гадоў. Калі ж параўноўваць з адпаведным перыядам мінулага года, то за 9 месяцаў гэтага года продажы ўзраслі на 14%, а вось колькасць прапановаў кватэр скарацілася на 4%.

Угоды куплі-продажу кватэраў у Мінску за 9 месяцаў. Фота: Realt.by

Што набывалі ў верасні

Як і раней, найбольшым попытам карысталіся аднапакаёвыя кватэры. На іх у верасні прыйшлося 42% усіх угодаў. Кожная трэцяя прададзеная кватэра (33%) была двухпакаёвай, кожная пятая (20%) — трохпакаёвай.

Калі гаварыць пра раёны горада, дзе найчасцей набывалі кватэры, то лідарамі з'яўляюцца Цэнтральны, Кастрычніцкі і Першамайскі. За імі ішлі Партызанскі і Фрунзенскі.

З прададзеных кватэр толькі 8% знаходзіліся ў новых гатовых дамах. Пры гэтым, як адзначаюць аналітыкі, у параўнанні з іншымі месяцамі, у верасні пакупнікі менш цікавіліся кватэрамі ў сучасных панэльных і каркасных дамах. А вось попыт на тыпавыя панэльныя дамы ўзрос на 2%.

Кошты

Сярэдні кошт прададзеных кватэраў у верасні вырас на 0,7% і склаў 1388 $/м2. І гэта стала максімальным значэннем з мая 2015 года. За год цана вырасла на 13,6%.

Калі ж глядзець у разрэзе колькасці пакояў, то назіраліся дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі. Калі кошты аднапакаёвых і трохпакаёвых кватэр выраслі адпаведна на 0,5% і 1,2%, то кошты двухпакаёвых і чатырохпакаёвых знізіліся адпаведна на 0,2% і 5%.

Пры гэтым сярэднія кошты адна– і двухпакаёвых кватэр адрозніваліся толькі на 6 тысяч даляраў, а трох– і чатырохпакаёвых — на 7,5 тысячы.

У верасні за аднапакаёвую кватэру ў сярэднім трэба было аддаць 52 тысячы даляраў (1496 $/м2), двухпакаёвую — 59 тысяч (1318 $/м2), трохпакаёвую 73 тысячы (1240 $/м2), чатырохпакаёвую — 80,5 тысячы (1110 $/м2).

Самая дарагая кватэра ў верасні абышлася пакупніку ў 1,5 мільёна даляраў.

Сярэднія цэны квадратнага метра прададзеных кватэр у Мінску ў верасні 2023 года. Фота: Realt.by 

Калі гаварыць пра індэкс цэнаў на кватэры ў сталіцы, які разлічваецца на падставе абвестак аб продажы, то тут, як сцвярджаюць аналітыкі, у верасні гэты паказчык склаў 1371 $/м2, што на 1,3% больш за папярэдні месяц.

Сярэднія кошты квадратнага метра ў Мінску на падставе аналізу абвестак аб продажы. Фота: Realt.by 

Калі ж разглядаць сярэднія кошты прапановы кватэр у разрэзе колькасці пакояў, то найбольшы рост цаны квадратнага метра (на 5,3%) назіраўся ў сегменце аднапакаёвых кватэр. У той жа час з агульнай тэндэнцыі выпадаюць чатырохпакаёвыя кватэры, сярэдні кошт прапановы квадратнага метра ў якіх знізіўся на 2,9%.

Сярэднія кошты прапановы кватэр у Мінску, верасень 2023 года. Фота: Realt.by

Аналітыкі адзначаюць, што на кошт прапановы моцны ўплыў аказваюць абвесткі аб продажы кватэр у асобных новабудоўлях (не ўсяго першаснага рынку).

Калі не ўлічваць новабудоўлі, то сярэдні кошт прапановы квадратнага метра ў верасні вырас на 0,6% і склаў $1526. Пры гэтым для аднапакаёвых кватэр гэты паказчык знізіўся на 0,8% і склаў $1566, для чатырохпакаёвых кватэр зніжэнне склала 2,1% ($1371). Квадратны метр у прапанаваных на продаж трохпакаёвых кватэрах вырас на 2,4% і склаў $1544. А вось у двухпакаёвых кватэрах рост назіраўся толькі на 0,3% і склаў 1454 $/м2.

Аналітыкі адзначаюць, што ў большасці мікрараёнаў Мінска ў верасні пераважаў рост коштаў на кватэры. А рэкардсменамі па росце (больш за 3%) былі прапановы кватэр, якія размяшчаюцца ў раёне вуліц Казлова — Батанічнай, Кабушкіна і ў раёне Грушаўкі.

Што ў суседзяў

У матэрыяле Realt.by прадстаўлены таксама сярэднія кошты квадратнага метра ў суседніх краінах.

Параўнанне коштаў квадратнага метра жылля ў суседніх гарадах, верасень 2023 года. Фота: Realt.by

Рэкардсменам па цане (3696 $/м2) выглядае Варшава. У сталіцы Польшчы гэты паказчык за год вырас больш як на чвэрць (26,5%) і ў верасні толькі на 1,4% быў меншымі за сваё максімальнае значэнне.

А вось кошты ў Маскве і Вільні ў верасні 2023 года былі амаль аднолькавымі — адпаведна 2741 і 2753 $/м2. Пры гэтым у Маскве і Санкт-Пецярбургу назіралася падзенне цэнаў у даляравым эквіваленце за год больш як на трэць.

Чытайце яшчэ:

Цэны растуць, новыя кватэры ў «Мінск Свеце» практычна разабралі. Што адбываецца на рынку нерухомасці

Вось дзе ў Мінску будуць масава будаваць жыллё

Змены ў Жыллёвы кодэкс могуць знішчыць інстытут таварыства ўласнікаў

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
6
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
8
Абуральна
4
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930